BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Палка з двума канцамі

У Беларусь верагодна заляцелі чатыры расейскія дроны. Ці зацвердзяць Уршулю фон дэр Ляен на другі тэрмін? Ці здольны Джо Байдэн працягваць удзел у перадвыбарнай гонцы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

JIM WATSON, Brendan Smialowski / AFP

На працягу тыдня расейскія дроны чатыры разы пранікалі на тэрыторыю Беларусі. Адзін з іх праляцеў прыкладна 350 км і дабраўся да Віцебска. Іншы здолеў даляцець да Магілёва і ўпаў за 55 км ад Бабруйска», – паведаміла DW.

Адзін раз гэта магла быць тэхнічная няспраўнасць або выпадковасць. Але калі гэта адбываецца некалькі дзён запар, пра выпадковасць казаць не даводзіцца.Не выключана, што расейскія вайскоўцы такім чынам спрабуюць абыйсці асноўныя раёны СПА Украіны, каб заблытаць украінскіх вайскоўцаў. Мажліва гэта можа быць спробай Пуціна «утрымаць саюзніка на кароткім павадку»: проста выпадковасць, што ў Беларусі не адбылося нічога падобнага. Чаму СПА Беларусі не дзейнічаюць? Мо расейцы правяраюць, наважацца беларусы ці не», – падкрэслівае DW.

У чацвер,Еўрапарламент правёў галасаванне па пытанні перавыбрання старшыні Еўракамісіі Уршулі фон дэр Ляен на другі тэрмін. Апошняя пераабраная на пасаду старшыні Еўрапейскай камісіі. Па выніках вырашальнага галасавання 65-гадовая немка атрымала 401 голас “за” і 284 “супраць”, перамогшы з большай, чым меркавалася перавагай галасоў. Парыжская Les Echos хвалебна выказваецца пра Уршулю фон дэр Ляен.

«З самага пачатку вайны ва Украіне, калі яшчэ Францыя прасіла не зневажаць Пуціна, фон дэр Ляен выступала ў якасці нястомнай прыхільніцы вяршэнства права і еўрапейскай дэмакратычнай мадэлі. Яна была маторам санкцый і ўзмацнення нашай абараназдольнасці. Яна прадэманстравала добрую асобу Еўропы. У той час, як грамадская думка дэманструе стомленасць у справе падтрымкі Украіны, а Віктар Орбан бессаромна карыстаецца старшынствам Венгрыі ў Савеце ЕЗ з тым, каб рассцілацца перад расейскім прэзідэнтам, перавыбранне фон дэр Ляйен будзе кепскай навіной для ворагаў Еўропы», – рэзюмуе французскае выданне.

Джо Байдэн гатовы перадаць паўнамоцтвы Камале Харыс, але толькі пасля перавыбрання, калі ў яго ўзнікнуць праблемы са здароўем. Пра гэта кіраўнік Белага дома заявіў тэлеканалу ВЕТ. Інтэрв’ю было запісана за некалькі гадзін да таго, як стала вядома, што прэзідэнт падхапіў каранавірус ужо трэці раз. Ён пайшоў на самаізаляцыю і адмяніў сустрэчу з прыхільнікамі. У той жа час, як паведамляюць амерыканскія СМІ, адмовіцца ад удзелу ў выбарах Байдэна папрасілі лідары дэмакратаў у Кангрэсе ЗША. Тым часам яго супернік Дональд Трамп нарошчвае інтэнсіўнасць гонкі. У Мілўокі завяршаецца Нацыянальны з’езд Рэспубліканскай партыі, дзе цэнтральнай падзеяй стала самапрэзентацыя патэнцыйнага віцэ-прэзідэнта Амерыкі Джэй Дзі Вэнса, а таксама кранальнае выступленне 17-гадовай унучкі Трампа. «Джо Байдэн перажывае крытычны момант сваёй перадвыбарнай кампаніі. І ў гэты час ён звяртаецца да афраамерыканскай часткі выбаршчыкаў», – адзначае амерыканскае выданне Bloomberg.

«Менавіта чарнаскурыя адыгралі ключавую ролю ў перамозе Байдэна ў 2020 годзе і зараз, калі стаўкі як ніколі высокія, прэзідэнту важна пагаварыць напрамую з імі. Пеласі заявіла Байдэну, што ён прайграе выбары і сцягне за сабой Дэмпартыю. У сераду, 17 ліпеня, прэзідэнту было нанесена адразу некалькі ўдараў: станоўчы тэст на COVID-19, што прымусіла яго адмяніць выступ перад буйным лацінаамерыканскім гуртом, а таксама публічнае выказванне сенатара Адама Шыфа. Гэта адзін з самых уплывовых дэмакратаў, ён заклікаў Байдэна выйсці з прэзідэнцкай гонкі», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Федэральнае міністэрства ўнутраных спраў Германіі забараніла праваэкстрэмісцкі часопіс Compact. Ён з’яўляўся цэнтральным рупарам праваэкстрэмісцкай сцэны і спецыялізаваўся на распальванні непрыхаванай нянавісці ў адносінах да яўрэяў, да людзей з міграцыйнымі каранямі і самой парламенцкай дэмакратыі. Так растлумачыла забарону міністр унутраных спраў ФРГ Нэнсі Фезер. На думку цюрыхскай Tages-Anzeiger, найбольшую выгаду ад гэтай забароны атрымае партыя АдГ.

«Забарона з’яўляецца вельмі спрэчнай і надзвычай неадназначнай з палітычнага пункту гледжання. Праваэкстрэмісцкія СМІ пад маркай Compact цесна звязаны з партыяй Альтэрнатыва для Германіі. У палітычным стаўленні забарона Compact мае контрпрадуктыўны эфект, паколькі ён толькі пацвярджае ролю партыі АдГ у амплуа ахвяры, якое робіць яе гэтак прывабнай. А з юрыдычнага пункту гледжання існуе вялікая рызыка таго, што Адміністрацыйны суд у Лейпцыгу, Канстытуцыйны суд у Карлсруэ ці Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу ў канчатковым выніку адменяць гэтую забарону, і такім чынам падораць АдГ яшчэ адзін трыўмф», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя