Суд Еўразвяза пакінуў у сіле санкцыі супраць “Белавія”. Літва: трыўмфальнае перавыбранне прэзідэнта Наўседы. Еўравыбары: наступ ультраправых? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі ў Люксембургу разгледзеў пазоў авіякампаніі «Белавія» супраць Рады ЕЗ, у якім кампанія патрабавала зняць з яе санкцыі. У выніку суд адхіліў пазоў як неабгрунтаваны і пастанавіў, што “Белавія” павінна аплаціць судовыя выдаткі», – паведамляе DW.
«ЕЗ увёў санкцыі ў дачыненні да «Белавія» у снежні 2021 года. У абгрунтаванні для іх указвалася, што пасля забароны на палёты ў ЕЗ Лукашэнка паабяцаў кампаніі «падтрымку» і дамовіўся з Пуціным пра адкрыццё новых маршрутаў, а таксама тое, што кіраўніцтва кампаніі забараняла супрацоўнікам удзельнічаць у паслявыбарчых пратэстах. Савет ЕЗ таксама ўказваў, што кампанія займалася дастаўкай мігрантаў з Блізкага Усходу ў Беларусь і падтрымлівае «дзейнасць рэжыму Лукашэнкі, які садзейнічае незаконнаму перасячэнню знешніх граніц Еўрасаюза». «Белавія» настойвала, што санкцыі павінны быць зняты, таму што Савет ЕЗ дапусціў памылку ў сваіх ацэнках і не выканаў патрэбны стандарт даказвання. Кампанія заявіла, што іншыя авіяперавозчыкі таксама дастаўлялі ў Беларусь людзей, якія потым спрабавалі перасекчы мяжу з ЕЗ, а сама «Белавія» не парушала заканадаўства, правярала ў пасажыраў дакументы, не займаецца ніякай дзейнасцю, акрамя выканання палётаў, і не атрымлівала інструкцый ад урада РБ у плане садзейнічання нелегальнаму перасячэнню межаў. Суд палічыў, што доказаў Савета дастаткова для таго, каб устанавіць, што «Белавія» садзейнічала дзейнасці рэжыму Лукашэнкі па нелегальнаму перасячэнню знешніх межаў ЕЗ і атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі», – паведамляе DW.
Гітанас Наўседа ўпэўнена атрымаў перамогу ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. З вялікім адрывам, набраўшы 74,43 працэнта галасоў, яму ўдалося перамагчы сваю саперніцу – прэм’ер-міністра Інгрыду Шыманітэ, за якую прагаласавалі 24,26 працэнта выбаршчыкаў. Да гэтага часу ніводнаму прэзідэнту не ўдавалася дабіцца такога выніку ў другім туры. «Прычыны, па якіх бескампрамісны прыхільнік Кіева можа быць абраны на другі тэрмін, відавочныя», – заўважае берлінская taz.
«На фоне свайго балючага гістарычнага досведу Літва і іншыя краіны Балтыі – Эстонія і Латвія, але таксама і Польшча – адчуваюць асаблівую пагрозу з боку Расеі. Менавіта яны ў апошні час усё часцей становяцца аб’ектамі гібрыдных ваенных нападаў Крамля – ці то за кошт мэтанакіраванай інструменталізацыі мігрантаў, якіх нелегальна перапраўляюць праз мяжу, ці ж у выніку абсурдных размовы пра зрух межаў у Балтыйскім моры. Адмова прызнаць дадзеныя рэаліі сведчыць аб невуцтве і фанабэрыі. Не, такія краіны, як Літва, не маюць патрэбы ў якіх-небудзь павучаннях, калі справа датычыцца Расеі. Яны, хутчэй, хацелі б быць проста пачутымі», – піша нямецкае выданне.
Да выбараў у Еўрапейскі парламент 9 чэрвеня засталося крыху больш за тыдзень. Судзячы па выніках апытанняў, вызначаецца значны прырост галасоў у карысць правапапулісцкіх і ўльтраправых партый фракцыі ID (Ідэнтычнасць і дэмакратыя). Разам з фракцыяй Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты, у якую ўваходзіць і партыя Браты Італіі, яны могуць займець больш за адну пятую ўсіх парламенцкіх месцаў. Мадрыдская газета El País заклікае зрабіць выбар супраць ультраправых.
«Партыі АдГ, АПС і Браты Італіі спрабуюць звесці на нішто дасягненні мінулага на шляху да роўнасці і затармазіць рухі за грамадзянскія правы. На будучых еўравыбарах галоўнае – не шукаць партыю, з якой вы згодны на 100 працэнтаў, але садзейнічаць фарміраванню кааліцый у абарону правоў чалавека. Ні ў кога няма права дазволіць цынізму перамагчы і ператварыць Еўропу ў тое месца, дзе таталітарныя структуры могуць зноў падняць галаву. Нават калі многія партыі нас расчароўваюць, бяздзеянне не з’яўляецца альтэрнатывай. У нас ёсць сіла і ўлада. Давайце ж скарыстаемся імі!», – заклікае гішпанскае выданне.
У сераду, Савет бяспекі ААН прыме рашэнне па рэзалюцыі з патрабаваннем неадкладнага спынення штурму Рафаха ізраільскім войскам. Раней Міжнародны суд ААН таксама вынес рашэнне, якое многія інтэрпрэтуюць як патрабаванне да Ізраіля спыніць наступленне. Венская Kronen Zeitung заклікае не ісці на повадзе ў ХАМАС.
«Не паспеў Міжнародны суд ААН забараніць Ізраілю штурм Рафаха, як ХАМАС прама адтуль упершыню за шмат месяцаў запусціў ракеты, якія даляцелі аж да Тэль-Авіва. Ды яшчэ і выхваляўся гэтым ударам па грамадзянскіх аб’ектах! Калі ж Ізраіль адказаў на гэта авіяўдарам па пускавой устаноўцы, ХАМАС заявіў аб вялікай колькасці ахвяр сярод мірнага насельніцтва. У гэтым і заключаецца цынізм, з якім ХАМАС набывае сабе сімпатыі па ўсім свеце. Міжнародны суд ААН праяўляе наіўнуае невуцтва і тым самым падтрымлівае ХАМАС, умацоўвае яго ў імкненні не здавацца – і зацягвае вайну», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pexels.com