BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Патрэбны баланс

“Так пачыналіся войны”: на мяжы Польшчы і Беларусі зноў неспакойна. Апазіцыйная да Фіцо партыя выйграла еўравыбары ў Славакіі – неафіцыйныя вынікі. ЕЦБ: пачатак новай палітыкі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«6 чэрвеня стала вядома аб смерці польскага салдата, параненага мігрантамі на мяжы з Беларуссю. Раней СМІ паведамілі пра затрыманні польскіх вайскоўцаў, якія адкрылі папераджальны агонь па людзях, якія спрабавалі прарвацца праз загароду на мяжы. Міграцыйны крызіс, цяперашняя фаза якога ацэньваецца як самая вострая з 2021 года, суправаджаецца кібератакамі на аб’екты крытычнай інфраструктуры Польшчы. Усё гэта адбываецца напярэдадні і падчас выбараў у Еўрапейскі парламент, якія прайшлі ў краінах ЕЗ з 6 да 9 чэрвеня. Чаму ў Польшчы зноў неспакойна?», – задаецца пытаннем расейская служба Радыё Свабода.

«Гэта пік гібрыднай вайны. Гэта найбольш жорсткі момант гэтай вайны, якая працягваецца ўжо тры гады. Адначасова гучаць галасы аб тым, што салдаты, якія нясуць службу на мяжы, павінны быць адпаведным чынам падрыхтаваныя, інакш дзеянні польскіх жаўнераў маглі стаць casus belli – падставай для вайны. Беларусь толькі і робіць, што правакуе. Польскія СМІ заклікаюць палітыкаў да больш паслядоўнай палітыкі ў існуючых умовах. Было б значна лягчэй справіцца з гэтым крызісам, калі б была выпрацаваная адзіная палітыка, якой прытрымліваліся б усе палітычныя сілы. У мінулую сераду прэм’ер аб’явіў пра аднаўленне так званай буфернай зоны шырынёй каля 200 метраў на мяжы з Беларуссю з-за пагаршэння сітуацыі ў прымежным Падляшскім ваяводстве. Аднак урад хоча ўвесці зараз буферную зону, шырыня якой у большасці месцаў складзе 3-5 км, яна ахопіць некалькі дзясяткаў населеных пунктаў. Гэта выклікала моцнае супраціўленне мясцовых жыхароў. Людзі, якія жывуць у прымежных гмінах, прызвычаіліся да гэтага крызісу, як бы дзіўна гэта ні гучала. Пасля крытыкі з боку мясцовых жыхароў урад адправіў праект пастановы на дапрацоўку, а прадстаўнікі ўлады адправіліся ў Падляшскае ваяводства, каб правесці кансультацыі з мясцовымі прадпрымальнікамі», – адзначае расейская служба Радыё Свабода.

«На выбарах у Еўрапарламент у Славакіі першае месца заняла славацкая апазіцыйная партыя “Прагрэсіўная Славакія”, а партыя прэм’ер-міністра Роберта Фіцо прыйшла другой», – сочыць за сітуацыяй украінскае выданне “Европейская правда”.

«Па неафіцыйных выніках, “Прагрэсіўная Славакія” атрымала 27,8% галасоў, а партыя ўлады SMER Роберта Фіцо – 24,8%. Славакі выбіралі 15 еўрадэпутатаў на пяцігадовы тэрмін. У складзе Еўрапарламента ўсяго будзе 720 еўрадэпутатаў. Верагодна, “Прагрэсіўная Славакія” атрымае 6 з 15 месцаў, а SMER – 5. Трэцяе месца заняла вельмі правая Рэспубліканская партыя на чале з Міланам Вугрыкам, чые палітычныя перавагі часам лічаць блізкімі да нацысцкіх. Вугрык у славацкім палітыцы – адзін з асноўных ворагаў Украіны. У партыі, прагназуюць, будзе два мандаты. Чацвёртае месца заняла партыя “Голас”, заснаваная новаабраным прэзідэнтам і паплечнікам Фіцо Пітэрам Пелегрыні. Пятым прыйшоў Хрысціянска-дэмакратычны рух. Гэтыя палітсілы ў Еўрапарламенце будуць прадстаўляць па адным дэпутаце. Такім чынам, зараз дэпутаты пяці палітычных партый Славакіі праходзяць у Еўрапейскі парламент. Яўка выбаршчыкаў была вышэй за 34%. У галасаванні прынялі ўдзел больш за 1,5 мільёна выбаршчыкаў. Пяць гадоў таму яўка была ніжэй – 22, 74%. Выбары ў Славакіі адбыліся на фоне замаху на прэм’ер-міністра Роберта Фіцо, якое адбылося ў мінулым месяцы. Славакі галасавалі на еўравыбарах напярэдадні, затое ў нядзелю галасаванне праходзіла ў 21 краіне ЕЗ», – заўважае ўкраінскае выданне.

Еўрапейскі цэнтральны банк знізіў ключавую працэнтную стаўку – упершыню з 2019 года. Зніжэнне стаўкі на 0,25 працэнтных пункта да 4,25 працэнта прывядзе да патаннення крэдытаў. Для ўкладчыкаў такая мера, як правіла, азначае зніжэнне даходнасці па ўкладах. Пачынаючы з 2022 года ЕЦБ падвышаў ключавую працэнтную стаўку дзесяць разоў. Сваё цяперашняе рашэнне рэгулятар абгрунтаваў паніжэннем інфляцыі і паслабленнем цэнавога ціску. Парыжская Libération праводзіць адрозненне паміж кароткатэрміновым і доўгатэрміновым эфектам прынятай меры.

«Цяперашняе рашэнне акажа ўплыў на еўрапейскую эканоміку не раней за наступны год, паколькі на ажыццяўленне адпаведнай грашова-крэдытнай палітыкі заўсёды сыходзіць некалькі месяцаў. Аднак чаканая змена курсу ўжо паўплывала на пазіцыю камерцыйных банкаў, якія засноўваюць свае працэнтныя стаўкі па іпатэчных крэдытах на доўгатэрміновых прагнозах адносна працэнтных ставак. Іх невялікае зніжэнне ў апошнія месяцы ўжо прывяло да павелічэння колькасці новых іпатэчных крэдытаў пасля амаль двух гадоў свабоднага падзення. Банк Францыі заявіў у мінулы чацвер аб тым, што аб’ём крэдытавання вырас да 8, 9 мільярда еўра ў красавіку, хоць яшчэ ў сакавіку гэты паказчык складаў 6, 9 мільярда», – адзначае французскае выданне.

Папулярныя курортныя месцы і турыстычныя гарады Еўропы ўсё больш і больш пакутуюць ад наступстваў наплыву турыстаў. Так, за перыяд са студзеня па красавік гэтага года колькасць турыстаў, якія прыбываюць міжнароднымі авіярэйсамі ў Грэцыю, узрасла на 12,3 працэнта, на Балеарскіх выспах колькасць турыстаў за 2023 год перавысіла паказчык папярэдняга года на 9,1 працэнта. На Тэнэрыфэ і Маёрцы сёлета ўжо адбыліся масавыя пратэсты з-за цэн на жыллё, якія ўзляцелі да столі. Венецыя ўвяла асаблівую плату з ахвочых наведаць горад. «Нельга дапускаць таго, каб мясцовым жыхарам даводзілася высяляцца з курортных мястэчкаў з-за занадта высокіх цэнаў за арэнду», – піша лонданская The Guardian.

«Для гарадскіх цэнтраў і курортаў, адкуль замежныя інвестыцыі ў нерухомую маёмасць і кароткатэрміновая арэнда выцеснілі мясцовых жыхароў, якім новыя цэны  не па кішэні, зараз патрабуецца выпрацаваць новую стратэгію ў жыллёвай сферы – для аднаўлення балансу паміж перавагамі ад турызму, з аднаго боку, і прыярытэтамі і патрэбамі мясцовых жыхароў, з другога. Так, на Маёрцы сярэдняя арэндная плата падскочыла настолькі, што шматлікія мясцовыя жыхары, занятыя ў турыстычнай галіне выспы, ужо не могуць сабе яе дазволіць. Паступовае з’яўленне перанаселенай, падзеленай на два лагеры летняй эканомікі, у якой мясцовыя жыхары аказваюцца адціснутымі на ўзбочыну свайго ж уласнага звыклага жыцця, – такая гнятлівая тэндэнцыя, назіраецца ў адным з найпрыгажэйшых куткоў Еўропы», – нагадвае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка