BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Патрэбныя перамены

Беларусь блакуе імпарт з Літвы ў адказ на закрыццё межаў. Выбары ў Расеі пачаліся. Нідэрланды: Вілдэрс не прэтэндуе на партфель прэм’ера. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь заявіла ў чацвер, што блакуе імпарт з Літвы ў адказ на закрыццё Літвой яшчэ двух памежных пунктаў», – паведамляе літоўскае агенцтва lrt.

«Напачатку сакавіка Літва закрыла два памежныя пункты пропуску – у Лаварышкес і Райгардас – на мяжы з Беларуссю. У выніку на літоўска-беларускай мяжы застаюцца адкрытымі толькі два памежныя пункты пропуску – у Мядзінінкай і Шальчынінкай. Два кантрольна-прапускныя пункты – у Шумскасе і Тверэчусе – былі зачыненыя мінулым летам. Беларусь заявіла, што новая забарона на імпарт распаўсюджваецца на шырокі спектр тавараў, уключаючы прадукты харчавання і алкаголь, адзенне, бытавую тэхніку, аўтазапчасткі і будаўнічую тэхніку. Гэты крок «з’яўляецца адказам на рашэнне Літвы спыніць паток тавараў, транспарту і людзей на двух памежных кантрольна-прапускных пунктах”, гаворыцца ў заяве ўрада. Літоўскія ведамствы заяўляюць, што закрыццё пагранічных пунктаў пропуску накіравана на вырашэнне праблем нацыянальнай бяспекі, кантрабанды і парушэння міжнародных санкцый», – адзначае літоўскае выданне.

У Расеі распачаліся прэзідэнцкія выбары. Галасаванне працягнецца тры дні. Акрамя Пуціна ў бюлетэнях пазначаны імёны яшчэ трох «прэтэндэнтаў», якія ўсе як адзін увогуле і цэлым падтрымліваюць курс кіраўніка Крамля. Кандыдаты ад апазіцыі дапушчаныя не былі, адсутнічаюць і міжнародныя назіральнікі. Прэса выносіць свае адзнакі і разважае пра тое, як дэмакратычная Еўропа павінна рэагаваць на гэтыя выбары і іх вынікі. «Рашэнні ў Расеі прымаюць не выбаршчыкі, а Пуцін», – піша капенгагенская Politiken.

«На працягу 19 з 24 гадоў, на працягу якіх Пуцін чапляецца за ўладу, Расея вяла войны. Пуцін вырашыў змяніць канстытуцыю краіны дзеля захавання ўлады. Ён вырашыў зрабіць так, каб любое супраціўленне яму стала небяспечным. Ён вырашыў заткнуць роты СМІ. Ён вырашыў адбяліць Сталіна і ўзяць на ўзбраенне драконаўскія метады апошняга. Канешне, у Расеі ёсць выбары. Выбірае Пуцін. Свет павінен сур’ёзна ставіцца да яго як да ўладара Расеі, аднак яго выбары ніколі не будуць дэмакратычнымі і легітымнымі», – піша дацкае выданне.

Нідэрландскі палітык і правы папуліст Геерт Вілдэрс заявіў пра тое, што не будзе прэтэндаваць на крэсла прэм’ер-міністра каб, паводле яго слоў, не станавіцца перашкодай на шляху фарміравання правай кааліцыі. Узначаленая Вілдэрсам Партыя свабоды, праваліберальная Народная партыя за свабоду і дэмакратыю (VVD), Фермерска-грамадзянскі рух (BBB) і цэнтрысцкая партыя Новая грамадская дамова (NSC) разглядаюць варыянт стварэння «пазапарламенцкага кабінета», у склад якога ўвайшлі б, да прыкладу, пазапартыйныя спецыялісты ў той ці іншай вобласці. Брусэльская газета De Standaard сумняваецца ў тым, што ўрад будзе сфарміраваны, калі ўсё будзе працягвацца ў падобным духу.

«Сітуацыя з фармаваннем урада ў Нідэрландах выразна паказвае: планка, якую задае сабе Геерт Вілдэрс, знаходзіцца на ўзроўні падлогі. Ён, так бы мовіць, аддае прыярытэт «усеагульным інтарэсам». Спачатку ён не стаў настойваць на сваёй праграме, а зараз ён адмаўляецца ад уласных амбіцый. Галоўнае для ўльтраправых – удзельнічаць у кіраванні краінай, але не знаходзячыся на першых ролях. Праграма ім ужо не цікавая. І яны ўпэўненыя ў адным: калі нешта пойдзе не так, віну заўсёды можна зваліць на іншых. Ведаем мы гэтых ультраправых, браць на сябе адказнасць – гэта не для іх», – піша бельгійскае выданне.

З панядзелка ў Фінляндыі працягваецца забастоўка работнікаў грузавых партоў. Пратэсты, распачатыя супраць рэформ у сферы працы, запланаваных урадам кансерватараў, рызыкуюць амаль поўнасцю паралізаваць знешні гандаль краіны. Планы рэформаў прадугледжваюць розныя абмежаванні правоў наёмных работнікаў, у тым ліку і ў тым, што датычыцца права на забастоўку. Стакгольмская газета Aftonbladet раіць Швецыі ў дадзеным пытанні ні ў якім разе не ісці па шляху Фінляндыі.

«Улічваючы тое, што ў мінулым тон дыскусіі паміж удзельнікамі фінскага рынку працы быў часам вельмі напружаным, цяперашняе ўмяшанне ўрада толькі пагоршыла сітуацыю. І менавіта тут шведскія лабісты і прадстаўнікі працадаўцаў могуць зрабіць некаторыя высновы. Калі шведскі ўрад рушыць услед прыкладу Фінляндыі, то шведскія прафсаюзы будуць змушаныя пайсці па тым жа шляху, што і іх калегі ў Фінляндыі. Пакуль нешта яшчэ не зламанае, не варта спрабаваць гэта правіць! Мы не павінны дазваляць палітыкам таптаць нагамі базавыя правы прафсаюзаў», – піша шведскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя