BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Патрэбныя правілы

Польскае войска застанецца на мяжы з Беларуссю яшчэ на гады. У Тбілісі паліцыя збіла лідара апазіцыйнай партыі, пратэстуючыя будавалі барыкады. Партугалія перад тварам былых калоній? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Police use a water cannon to disperse protesters during a rally against the “foreign agents” law in Tbilisi, Georgia, March 7, 2023. REUTERS/Irakli Gedenidze

Польскае войска дапамагае памежнікам ахоўваць мяжу з РБ з верасня 2021 года. «Ацэнка перспектыў развіцця пагрозы паказвае, што салдаты будуць заставацца на мяжы яшчэ доўга, хутчэй на працягу гадоў, а не месяцаў», – заявіў у інтэрв’ю Defence24.pl кіраўнік аператыўнага камандавання УС Польшчы генерал-маёр Мацей Кліш.

«Кліш адзначыў, што пасля зацішша зімой спроб перасячэння мяжы з боку Беларусі стала больш, у сакавіку іх зафіксавана ўжо 3500. Большасць мігрантаў – маладыя мужчыны. «Аснашчаныя тэрмаадзеннем, адпаведным абуткам, пальчаткамі, налобнымі ліхтарамі і іншым рыштункам», – кажа генерал. Паводле яго слоў, на салдат сталі часцей нападаць, мігранты «распыляюць газ, прымяняюць феерверкі», і гэта «перадаюць ім каля мяжы, яны не прывозяць  гэта з Сірыі або Турцыі». Генерал згадаў сітуацыю 10 красавіка, калі сілай перасекчы мяжу спрабавала група з больш як 220 чалавек, і дадаў, што кансультаваўся з вайскоўцамі з Літвы, Латвіі і Фінляндыі. На яго думку, тактыка Менска – па сутнасці «расейская тактыка, якая праводзіцца праз Беларусь» і «аналагічная той, якую Менск праводзіць у Літве і Латвіі». На мяжы з Фінляндыяй Расея дзейнічае інакш, там яна не можа хавацца за спінай Беларусі і размываць адказнасць. Але ўвесь гэты трафік кантралюецца з Масквы», – канстатуе польскае выданне.

«У ноч з 30 красавіка на 1 мая ў сталіцы Грузіі сілавікі спрабавалі разагнаць акцыю пратэсту супраць закона “Аб празрыстасці замежнага ўплыву”, ужываючы пярцовы спрэй, слёзатачывы газ, вадамёты і гумовыя кулі. Уначы пратэстоўцы пачалі ўзводзіць на праспекце Руставелі ў цэнтры сталіцы барыкады. СМІ паведамляюць аб “дзясятках” затрыманых і пацярпелых», – перадае нямецкае выданне DW.

Паліцыя збіла  кіраўніка грузінскай апазіцыйнай партыі “Адзіны нацыянальны рух” Левана Хабеішвілі. Дэпутат у сацсетках апублікаваў фота з апухлым вокам і сінякамі. Мясцовыя СМІ пішуць, што на акцыі таксама былі збітыя асабісты прадстаўнік экс-прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі Сафо Джапарыдзэ і амерыканскі адвакат Тэд Джонас. Агенцтва AFP паведаміла, што быў збіты іх фатограф. Да 4 гадзін раніцы паліцыя спыніла спробы разагнаць дэманстрантаў і неўзабаве пакінула праспект Руставелі. Пакінутыя пратэстоўцы занялі прастору перад будынкам парламента, адгарадзіўшыся барыкадамі. Як вынік, у Еўрапарламенце аператыўна заклікалі пазбавіць Грузію статусу кандыдата на сяброўства ў ЕЗ», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Выступаючы з прамовай з нагоды святкавання 50-годдзя Рэвалюцыі гваздзікоў, прэзідэнт Партугаліі Марселу Рэбелу дэ Соуза заявіў пра тое, што Партугаліі варта выплаціць рэпарацыі былым калоніям, напрыклад праз спісанне даўгоў. Партугалія даўжэй за ўсе іншыя еўрапейскія краіны ўдзельнічала ў заняволенні жыхароў афрыканскага кантынента. «Гэтыя злачынствы па большай частцы здзяйсняліся прыватнымі ‘прадпрымальнікамі’ свайго часу», – нагадвае лісабонская Expresso.

«Існуе небяспека таго, што мы пачынаем ацэньваць мінулае з пункту гледжання сучаснасці – і тым самым садзейнічаць калектыўнаму самабічаванню, якое мала што дае для аздараўлення грамадства і міждзяржаўных адносін. Што ж тычыцца гандлю рабамі, які ажыццяўляўся партугальцамі з XIV па XIX стагоддзе, то варта адзначыць, што вёўся ён у асноўным з Бразіліяй і займаліся ёю прыватныя асобы. Карона, гэта значыць дзяржава, не ўмешвалася, хаця ўскосна, вядома, атрымлівала выгаду ад гэтага гандлю, паколькі бразільская эканоміка засноўвалася на працы рабоў. Іншымі словамі: якім чынам можна вызначыць і вымераць віну?», – задаецца пытаннем партугальскае выданне.

Прэм’ер-міністр Гішпаніі Санчэс усё ж не пайшоў у адстаўку. Ён на некалькі дзён прыпыніў выкананне сваіх службовых абавязкаў, аднак у панядзелак абвясціў пра тое, што мае намер, «па магчымасці прыкладаючыяшчэ большыя намаганні», працягваць працу на сваёй пасадзе. Падаплёкай падзей паслужыла скарга правай арганізацыі Manos Limpias «Чыстыя рукі», першапачаткова заснаванай у якасці прафсаюза дзяржслужачых, якую тая падала ў дачыненні да жонкі прэм’ер-міністра Бягоньі Гомес. У мінулыя выходныя тысячы гішпанцаў выйшлі на вуліцы, каб прадэманстраваць сваю падтрымку Санчэсу і заклікаць яго не сыходзіць з пасады кіраўніка кабінета.

«Гэты інцыдэнт высвеціў сур’ёзную праблему», – гаворыцца ў артыкуле лонданскай Financial Times.

«У Гішпаніі няма эфектыўнай сістэмы вырашэння канфліктаў інтарэсаў, якія ўзнікаюць у сувязі з сем’ямі і жонкамі палітыкаў. А значыць, непазбежна атрымліваецца так, што гэтая тэма пачынае абмяркоўвацца на палітычнай арэне і ў судах, а не недзе ўдалечыні ад сафітаў, дзе ёй, уласна, і месца. У нас няма правілаў, якія абмяжоўваюць выкарыстанне службовага жылля ці самалётаў. У нас няма законаў аб лабісцкай дзейнасці. Адсутнасць усёабдымных этычных правіл – адвечная праблема іспанскай палітыкі. Гішпанія ў тэрміновым парадку мае патрэбу ў новым падыходзе да этыкі грамадскага жыцця і ў кодэксе этыкі для дзяржаўных служачых», – адзначае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Фота: Reuters