У Беларусі стартаваў праект па будаўніцтве жытла для экс-вагнераўцаў. Вайна ідзе ў школы. Як аперацыя ў Рафаху адаб’ецца на адносінах ЗША і Ізраілю? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«У Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца 300 баевікоў-вагнераўцаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы беларускай арміі», – піша ўкраінскае выданне Defense Express.
«У Беларусі будуюць жыллё для былых членаў расфармаванай групы Вагнера, якіх лічаць тэрарыстамі. Мясцовыя крыніцы паказваюць, што ў горадзе Цэль, дзе раней дыслакаваліся гэтыя людзі, будуецца дзевяціпавярховы будынак, паведамляе Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны. У рэгіёне па-ранейшаму знаходзяцца каля 300 баевікоў, якія актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы беларускіх вайскоўцаў. У той жа час ваенныя палаткі ў суседнім лагеры ў вёсцы Цэль дэмантуюцца і перамяшчаюцца», – сочыць за сітуацыяй украінскае выданне.
Новыя часы ў ФРГ. Міністр адукацыі Германіі Бэціна Штарк-Ватцынгер прапануе рыхтаваць вучняў да сур’ёзных крызісаў, у тым ліку і да вайны. Тэмай заняткаў павінна стаць грамадзянская абарона, а школам рэкамендуецца перагледзець свае адносіны да войска. Штарк-Ватцынгер мяркуе, што ў школы павінны прыходзіць афіцэры і расказваць аб функцыях і задача Бундэсвера.
«Заняткі вайскоўцаў са школьнікамі ўспрымаюцца ў Нямеччыне традыцыйна неадназначна. Многія настаўнікі, будучы перакананымі пацыфістамі, адмаўляюцца ад кантактаў з афіцэрамі», – адзначае нямецкая газета Die Welt.
„Федэральны віцэ-прэзідэнт ХДС Карын Прын выказалася крытычна. «Гэта дапамагае запалохаць насельніцтва, асабліва дзяцей і моладзь», – сказаў міністр адукацыі зямлі Шлезвіг-Гальштэйн. «Задача федэральнага ўрада – займацца пытаннямі грамадзянскай абароны і знешняй бяспекі». Прын, які таксама з’яўляецца каардынатарам саюзных дзяржаў у Пастаяннай канферэнцыі міністраў адукацыі і культуры, падкрэсліў, што гэтая тэма павінна абмяркоўвацца далікатна і з вялікай сур’ёзнасцю. А вось Штарк-Ватцынгер лічыць, што школы нясуць адказнасць. «Грамадства ў цэлым павінна добра падрыхтавацца да крызісаў – ад пандэміі да стыхійных бедстваў і вайны», – сказала яна газетам медыягрупы Funke. Маладыя людзі павінны ўсведамляць пагрозы свабодзе і ўмець супрацьстаяць гэтым небяспекам. Гэта не абавязкова павінен быць асобны школьны прадмет, але гэта мусіць быць навучальны матэрыял», – цытуе міністра адукацыі нямецкае выданне.
ЗША назвалі ўмовы правядзення аперацыі ў Рафаху. Ізраіль павінен пазбегнуць буйнамаштабнага ўварвання, інакш саюз з Вашынгтонам будзе пад пагрозай. У горад на мяжы з Егіптам сцякаюцца мірныя жыхары з іншых частак сектара Газа. Партнёры Ізраіля заклікаюць гарантаваць іх бяспеку, але сам ён засяроджаны на ваенных дзеяннях. Без наступлення не атрымаць перамогі над «Хамасам», сцвярджае прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху. Ад таго, як пройдзе аперацыя ў Рафаху, залежаць амерыкана-ізраільскія адносіны, адзначаюць заходнія СМІ. «ЗША выдатна ведаюць, што Ізраіль хоча ліквідаваць чатыры батальёны «Хамаса» ў горадзе Рафах на поўдні сектара Газа. Але які варыянт аперацыі быў бы прымальны для Вашынгтона, у Белым доме ўсё яшчэ спрабуюць вырашыць», – піша амерыканскае выданне Politico.
«Чырвоная лінія» прэзідэнта Джо Байдэна заключаецца ў тым, што Ізраілю не трэба праводзіць кампанію без надзейных планаў па абароне грамадзянскага насельніцтва. Аднак схема аперацыі яшчэ не гатова, вайскоўцы, па словах крыніц над ёй працуюць. У прыватных гутарках вышэйшыя службовыя асобы Белага дома далі ім зразумець, што падтрымаюць, хутчэй, фармат контртэрарыстычнай кампаніі, чым маштабнае ўварванне. Гэта, як сцвярджаюць амерыканскія чыноўнікі, звядзе да мінімуму ахвяры сярод цывільнага насельніцтва, нанясе шкоду «Хамасу» і дазволіць пазбегнуць рэпутацыйных страт. Паўза, якую ўзяў Ізраіль, гаворыць аб тым, што краіна прымае да ўвагі папярэджанні ЗША. Пры гэтым усе крыніцы выдання адзначаюць, што яго планы могуць змяніцца ў любы момант», – адзначае амерыканскі часопіс.
Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША прагаласавала за законапраект, які ставіць пад сумнеў перспектывы сацыяльнай сеткі TikTok у краіне. Для таго каб працягнуць сваю працу ў ЗША, платформе давядзецца змяніць уладальніка – паколькі мацярынскі канцэрн Bytedance лічыцца кампаніяй, вымушанай выконваць указанні Камуністычнай партыі Кітая. На наступнай стадыі законапраект паступіць на разгляд Сената, дзе яго адабрэнне ўжо менш верагодна. Лонданская газета The Times піша пра тое, што ЗША патрэбны і іншыя неадкладныя меры.
«Пагрозу, якая зыходзіць ад TikTok, не варта недаацэньваць, і ўсе асцярогі ў гэтым плане – цалкам апраўданыя. Уявіце сабе, калі б падчас першай халоднай вайны арганізацыя, якая падтрымліваецца Савецкім Саюзам, вяла ў ЗША бізнэс, які гэтак жа глыбока ўрываўся б у жыцці амерыканцаў. Але цяжка не прыйсці да высновы аб тым, што ва ўмовах цяперашняй халоднай вайны праца з сацыяльнымі сеткамі – прычым самага рознага роду – гэта тое, што амерыканскія палітыкі ўмеюць лепш за ўсё. А вось прымаць няпростыя рашэнні аб павышэнні падаткаў або скарачэнні сацыяльных выдаткаў, што дапамагло б падтрымаць ваенную сферу, якая слабее – гэта зусім іншая справа», – адзначае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






