- АБСЕ перазапускае Венскі механізм у дачыненні да Беларусі
- Выбары ў ЗША: ці павінен Байдэн адклікаць сваю кандыдатуру?
- Чаму НАТА лічыць Кітай саўдзельнікам канфлікту ва Украіне?
«Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе вырашыла зноў запусціць Венскі механізм у дачыненні да Беларусі. Гэта стала вядома з сумеснай заявы 38 краін-удзельніц арганізацыі», – перадае DW.
«Прымаючы да ўвагі нядаўняе вызваленне некалькіх палітычных зняволеных, мы лічым нездавальняючым адказ беларускіх уладаў на даклад Маскоўскага механізма ад 11 мая 2023 года, і, улічваючы нашу пастаянную занепакоенасць развіццём падзей за апошнія 12 месяцаў, нашы краіны запускаюць Венскі механізм і выстаўляюць патрабаванні да Беларусі ў Беларусі рамках гэтага механізму. Венскі механізм – метад працы АБСЕ, накіраваны на захаванне правоў чалавека ў краінах-удзельніцах арганізацыі. Ён прадугледжвае абмен інфармацыяй паміж удзельнікамі і абмеркаванне сітуацыі з правамі чалавека.
Механізм быў уведзены ў 1989 годзе і актыўна прымяняўся да 1992 года ў краінах былога СССР і Усходняй Еўропы. Паспяховасць работы Венскага механізма залежыць ад таго, ці гатова супрацоўнічаць краіна, да якой накіраваны запыты аб выкананні правоў чалавека. У 1992 годзе быў уведзены больш развіты Маскоўскі механізм АБСЕ. Папярэдні раз Венскі механізм быў запушчаны ў адносінах да Беларусі 4 лістапада 2021 года», – нагадвае DW.
Пасля слабога выступу Джо Байдэна падчас тэлевізійнай дуэлі з Дональдам Трампам і агаворак у рамках саміту НАТА ў адрас дзейнага прэзідэнта ўсё часцей раздаюцца заклікі выйсці з перадвыбарнай гонкі. Паводле дадзеных апошніх апытанняў, Байдэн саступае Трампу. Байдэн неаднаразова заяўляў, што не здыме сваёй кандыдатуры. Neue Zürcher Zeitung разважае пра тое, якія плюсы прынесла б з сабой рашэнне змяніць кандыдата.
«Дэмакраты ўсё яшчэ могуць змяніць сітуацыю, каб падрыхтавацца да гарачай перадвыбарнай кампаніі супраць Трампа гэтай восенню. Новая кандыдатура ўяўляе сабой рэальны шанец для дэмакратаў у цяперашнія, такія змрочныя для гісторыі гэтай партыі часы. Пачынаючы з гэтага моманту – і аж да з’езду партыі ў Чыкага яны могуць забяспечыць дамінаванне ў амерыканскай эканоміцы ўвагі. Па тэлебачанні і ў інтэрнэце адданыя сваёй справе маладыя дэмакраты маглі б дыскутаваць пра тое, хто з іх зможа перамагчы Трампа. Такі своеасаблівы несанкцыянаваны партыйны зʼезд мог бы стаць самым захапляльным шоу сезона. А ў рэспубліканцаў адразу ж узніклі б праблемы з трапленнем у загалоўкі газет са сваім усім ужо вядомым кандыдатам, – а гэта менавіта тая валюта, з якой аддае перавагу гуляць Дональд Трамп», – падкрэслівае швейцарскае выданне.
Паўночнаатлантычны альянс у камюніке па выніках саміту ў Вашынгтоне назваў Кітай «вырашальным дапаможнікам» канфлікту ва Украіне. У дакуменце гаворыцца, што «амбіцыі і палітыка Пекіна кідаюць выклік» блоку. А яго кантакты з Масквой «выклікаюць усю большую турботу». У КНР, каментуючы камюніке, назвалі абвінавачанні беспадстаўнымі і выступілі супраць «ачарнення» краіны. Лідараў краін НАТА насцярожылі разведдадзеныя аб тым, што кітайскія кампаніі нібы распрацоўваюць узбраенні сумесна з Расеяй. Бізнес з КНР таксама абвінавацілі ў пастаўках электронікі падвойнага прызначэння. Крыніцы Bloomberg адзначаюць, што перад самітам ЗША паведамілі саюзнікам, што кітайскія і расейскія кампаніі ствараюць ударны беспілотнік, аналагічны іранскаму Shahed.
«КНР зараз нібыта ўзважвае, пастаўляць сабраныя дроны ці толькі запчасткі для іх. Для Захаду гэта ў любым выпадку стане парушэннем чырвоных ліній і патэнцыйна прывядзе да ўзмацнення санкцый супраць другой эканомікі свету. Кітай запярэчыў, што спыняе пастаўкі ў Расею тавараў падвойнага прызначэння. Але на справе, такі экспарт спыняўся толькі з увядзеннем адрасных санкцый супраць кітайскіх кампаній. Унутры НАТА мацнее кансэнсус у тым, што Пекін уяўляе пагрозу для бяспекі Еўропы. На днях КНР распачала вайсковыя вучэнні сумесна з Беларуссю. Пекін заклікаў альянс «не сеяць хаос у Азіі». Аднак рыторыка ўжо нацэлена на эскалацыю. Пасля 2022 года да саміту НАТА далучыліся Паўднёвая Карэя, Аўстралія, Новая Зеландыя і Японія», – піша амерыканскае выданне.
Па выніках другога тура парламенцкіх выбараў Францыі зараз трэба будзе сфарміраваць новы ўрад. Задача будзе няпростая. На першае месца выйшаў новаспечаны левы альянс пад назвай Новы народны фронт – ён атрымаў 180 дэпутацкіх месцаў. Далей ідзе лагер Макрона (163 месцы), за якім ідзе правая папулісцкая партыя Нацыянальнае абʼяднанне (143 месцы). Для абсалютнай большасці, нагадаем, неабходна 289 месц. «Надышоў час абʼядноўвацца і прапаноўваць канкрэтныя рашэнні праблем», – патрабуе парыжская Le Monde.
«У Нацыянальным сходзе, склад якога будзе нязменным як мінімум на працягу года, было б безадказным адварочваць нос ад патэнцыйных саюзнікаў. Выбаршчыкі падчас двух выбараў – у Еўрапарламент і ў Нацыянальны сход – выразна выказалі сваю незадаволенасць, і перш за ўсё, наконт пакупніцкай здольнасці грамадзян, а таксама функцыянавання сферы дзяржаўных паслуг і бяспекі. І калі ўсе тыя, хто супрацьстаіць Нацыянальнаму абʼяднанню, не паспрабуюць знайсці рашэнні гэтых праблем, то недавер да іх будзе расці. У сваім цяперашнім складзе парламент прапануе мноства самых разнастайных опцый. Трэба зусім няшмат часу для таго, каб кожны змог гэта ўсвядоміць», – канстатуе французскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя