BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Пераацэнка сіл

Новы скандал вакол Вугоршчыны: не без Беларусі. Што адбываецца ў Венесуэле пасля выбараў? Удар па Галанскіх вышынях: асцярогі наконт эскалацыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Пасля візіту Віктара Орбана ў Маскву ўрад гэтай краіны змяніў без лішняй агалоскі правілы ўезду ў краіну для грамадзян Расеі і Беларусі. Цяпер грамадзяне гэтых краін змогуць трапляць у Венгрыю па так званай “нацыянальнай карце” (выдаецца на два гады з магчымасцю падаўжэння). “Правакацыі Венгрыі становяцца рызыкай для бяспекі: цяпер Орбан пускае расейцаў і беларусаў у ЕЗ у якасці «гастарбайтэраў» без допуску — у тым ліку шпіёнаў і тэрарыстаў. Цяпер Польшча прапануе Орбану пакінуць ЕЗ і NATO», – перадае RedaktionsNetzwerk Deutschland.

«Асобныя заходнія эксперты мяркуюць, што Орбан такім чынам наўмысна адкрывае ўезд у ЕЗ для агентаў і тэрарыстаў з Расеі. Увесну венгерскі ўрад абвясціў, што чакае каля 65 тысяч гастарбайтэраў. Яны могуць прывезці з сабой сем’і і падаць заяўку на дазвол на пастаяннае пражыванне праз тры гады. Іншыя краіны ЕЗ, напрыклад Фінляндыя, больш не пускаюць расейцаў у краіну. Таксама ўзмацняецца крытыка Венгрыі з-за нафтавай спрэчкі з Украінай. Атакаваная Расея краіна ўнесла расейскую нафтавую кампанію «Лукойл» у санкцыйны сьпіс у чэрвені і забараніла транзыт расейскай нафты па нафтаправодзе «Дружба» ва Ўкраіне. Венгрыя і Славакія з таго часу былі адрэзаныя ад аднаго з найважнейшых пастаўшчыкоў нафты. Будапешт абвінаваціў урад у Кіеве ў шантажы. Сам Прэм’ер-міністр Орбан больш за год блакуе выплату сродкаў ЕЗ і шантажуе іншыя краіны ўсё новымі ўмовамі. Некалькі месяцаў таму ён хацеў, каб Кіеў адмяніў санкцыі супраць венгерскага банка, які працягвае весці справы з Расеяй. Хоць Украіна саступіла, Венгрыя захавала сваё права вета», – наракае нямецкая служба навін.

У Венесуэле пачаліся масавыя пратэсты пасля выбараў, Нікаласа Мадура абвінавачваюць у фальсіфікацыі вынікаў. Апазіцыя сцвярджае, што дзейны прэзідэнт набраў не больш за 30% галасоў, а не 51%, як было абвешчана афіцыйна. На вуліцы выйшлі тысячы нязгодных. У адным з гарадоў пратэстоўцы знеслі помнік былому прэзідэнту Уга Чавесу. Для разгону прысутных паліцыя і вайскоўцы прымяняе слёзатачывы газ. Паводле інфармацыі Генпракуратуры, затрыманы сама меней 15 чалавек. Актывісты кажуць, што такіх у тры разы болей, акрамя таго, адзін пратэстовец загінуў. У той жа час многія лацінаамерыканскія краіны заявілі, што не прызнаюць перамогу Мадура. У адказ на гэта Каракас пачаў адклікаць сваіх дыпламатаў з гэтых дзяржаў, а таксама прыпыніў авіязносіны з Панамай і Дамініканай да вечара 31 ліпеня. «Спрэчныя вынікі могуць справакаваць масавыя агульнанацыянальныя пратэсты і інтэнсіўныя рэпрэсіі з боку ўрада», – адзначае Politico.

«Хоць у паразе Мадура на выбарах мала хто сумняваўся, яго прыхільнікі «прыгнечана маўчалі», пакуль натоўп на вуліцах навязваў «металічны рытм» пратэсту, грымя каструлямі і патэльнямі. Сапраўдную буру выклікала з’яўленне лідараў апазіцыі. Усё гэта можа яшчэ больш дэстабілізаваць сітуацыю ў Венесуэле. Далейшы хаос можа таксама пагоршыць міграцыйны ціск у рэгіёне. ЗША не спяшаюцца з непрызнаннем вынікаў выбараў, бо дапускаюць поспех апазіцыі,» – падкрэслівае амерыканскае выданне.

У адказ на смяротны ракетны ўдар па футбольным полі на Галанскіх вышынях ізраільскае войска нанесла шэраг удараў па мэтам у Ліване. Паводле заявы Ізраіля, які абвінавачвае ў ракетным удары Хезбалу, удары ў адказ былі нанесеныя, сярод іншага, па складзе ўзбраенняў і інфраструктуры тэрарыстаў. Прадстаўнікі ААН заклікаюць да максімальнай стрыманасці. Калі Ізраіль адкрые другі фронт, то вайна насамрэч можа стаць барацьбой за існаванне, чаго баіцца Süddeutsche Zeitung.

«Ізраіль за ўсю сваю гісторыю не прайграў ніводнай вайны, таму што заўсёды і пры ўсім палітычным напале мог рэальна ацэньваць свае вайсковыя магчымасці. На гэты раз палітычны напал можа выліцца ў ваеннае перанапружанне. І гэта можа стаць фатальным вынікам пераацэнкі ўласных сіл, што і так ужо прынесла смерць і разбурэнні ў Газе, але не змагло скончыць з вайной тэрору. Вайна Суднага дня ў 1973 годзе скончылася за 20 дзён у выніку ваеннага і тэрытарыяльнага пакта. У сённяшняй вайне з да зубоў узброенымі тэрарыстамі, якая вядзецца на два і больш фронта, можа быць толькі адзін прайграўшы: Ізраіль», – адзначае нямецкае выданне.

У пятніцу адбылася цырымонія адкрыцця летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Замест таго, каб маршыраваць па стадыёне, як гэта было прынята раней, спартсмены прыбылі ў горад на лодках па рацэ Сене. На шматлікіх мастах і на беразе іх сустракалі рознымі шоу, пасля чаго спартсмены сышлі на бераг ля Тракадэра насупраць Эйфелевай вежы. Незалежнае расейскае выданне The New Times са шкадаваннем канстатуе выключэнне Расеі з алімпійскай сям’і.

«Парыжская Алімпіяда самым відавочным чынам аддзяліла пуцінскую Расею не толькі ад Еўропы, не толькі ад Захаду, але і ўсяго свету. Па Сене плылі караблікі, якія везлі зборныя Ірана, Турцыі, Кітая, Азербайджана і іншых небездакорных з пункту гледжання характарыстык рэжыму краін, у тым ліку нават Паўночную Карэю. Савецкі Саюз не выпадаў з алімпійскага руху, а вось пуцінская Расея выпала. Пуцінская дзяржава выйшла з цывілізаванага свету, але расейцы засталіся, хоць шматлікім палітыкам і чыноўнікам на тым жа Захадзе прасцей лічыць любога расейскага грамадзяніна пуціністам», – наракае расейскае незалежнае выданне, якое ў свой час атрымала найбуйнейшы ў Расеі штраф за свабоду слова.

Беларускае Радыё Рацыя