Тэрміны пастаўкі кітайскіх электравозаў у Беларусь перанесены з-за санкцый. ЕЗ пачынае перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы. Парламенцкія выбары ў Францыі: ці адолеюць правыя папулісты? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«У сувязі з наяўнасцю заходніх камплектуючых Кітай адклаў пастаўку ў Беларусь 15 аднасекцыйных электравозаў пераменнага току серыі BKG2», – паведамляе міжнароднае выданне чыгуначнага транспарту Railway Supply.
«Галоўнай праблемай стаў акурат не фінансавы аспект, але пагроза заходніх санкцый. У мадэлі BKG2, распрацаванай на базе серыі HXD2 сумесна з Францыяй, выкарыстоўваюцца кампаненты з Еўропы і ЗША. Сярод такіх кампанентаў – сілавыя трансфарматары, цягавыя электрарухавікі і пераўтваральнікі, а таксама сістэмы кіравання, дыягностыкі і кантролю. У студзені 2024 года кітайскі завод CRRC – Кітайскі дзяржаўны і публічны вытворца рухомага саставу – наведала дэлегацыя Беларускай чыгункі. У сакавіку кітайскі партнёр заявіў аб неабходнасці перагляду тэрмінаў лакалізацыі кампанентаў. Так, цяпер на 2025-2026 гады запланавана абнаўленне рухомага саставу Беларускай чыгункі з набыццём аднасекцыйных грузавых электравозаў BKG2», – адзначае міжнароднае спецыялізаванае выданне.
У аўторак Еўрасаюз афіцыйна аб’явіў пра пачатак перамоў пра ўступленне Украіны і Рэспублікі Малдовы ў шэрагі супольнасці. Міністр замежных спраў Бельгіі Аджа Лабіб заявіла аб “гістарычным моманце для ўсіх нас”. Колькі будуць доўжыцца перамовы і ці завершацца яны ўступленнем абедзвюх краін-кандыдатаў, – пытанне адкрытае. Варшаўскі штотыднёвік Polityka бачыць тут пэўныя перашкоды.
«Цяжка сабе ўявіць паўнавартаснае ўступленне Украіны ў ЕЗ без – як выяўляюцца еўрапейскія дыпламаты – ‘стабілізацыі’ дэмаркацыйнай лініі паміж ёй і Расеяй, што неабавязкова азначае афіцыйны рэжым спынення агню, перамір’е – ці мір. Але нават у ваенны час Украіну можна паэтапна інтэграваць ва ўсё новыя сферы агульнага рынку – пры ўмове, што краіна правядзе рэформы. З іншага боку, пратэсты польскіх фермераў супраць імпарту з Украіны з’яўляюцца прадвеснікам таго, што паступовая інтэграцыя сутыкнецца з цяжкасцямі нават у тых краінах, якія найбольш зацікаўленыя ў тым, каб Расея не выйграла вайну з Украінай», – адзначае польскае выданне.
30 чэрвеня і 7 ліпеня французы будуць абіраць новы парламент. Макрон распусціў Нацыянальны сход пасля таго, як правапапулісцкая партыя “Нацыянальнае аб’яднанне” ў асобе кандыдата ў прэм’ер-міністры Жордана Бардэлы і Марын Ле Пэн атрымала ўпэўненую перамогу на выбарах у Еўрапейскі парламент. Каментатары абмяркоўваюць пытанне аб тым, ці зможа “Нацыянальнае аб’яднанне” атрымаць рэальную перамогу на выбарах, і якія наступствы гэта будзе мець для Еўропы. «Абяцанні ‘Нацыянальнага аб’яднання’, накіраваныя супраць Еўразвязу, ні на чым не заснаваныя», – падкрэслівае парыжская Le Soir.
«У спісе – міграцыйны кантроль, зніжэнне ПДВ на энергію, скарачэнне ўнёску Францыі ў агульнаеўрапейскі бюджэт, прымат канстытуцыі краіны над еўрапейскімі нормамі – і гэтак далей і да таго падобнае. Застаецца ўсяго тыдзень на тое, каб выкрыць гэтую гэтак жа двудушную, як і шкоднасную перадвыбарчую рыторыку. Еўропа – гэта не канцэрт па заяўках, салідарнасць краін Еўразвязу – гэта не опцыя па жаданні ўдзельнікаў, а абарона базавых еўрапейскіх каштоўнасцяў – не прадмет для перамоваў. Таму калі Жордан Бардэла стане прэм’ер-міністрам, то ён не зможа ў аднабаковым парадку скараціць удзел Францыі ў еўрапейскіх фінансах, роўна як яму не ўдасца вызваліць краіну ад абавязацельстваў па падатках, міграцыйнай палітыцы і вядзенні бюджэту», – піша французскае выданне.
Пасля заключэння здзелкі з уладамі Злучаных Штатаў Джуліян Асанж быў выпушчаны на волю. Перад амерыканскім судом ціхаакіянскай выспы Сайпан заснавальнік Wikileaks прызнаў сваю віну ў змове з мэтай атрымання і разгалашэнні сакрэтных звестак. Пакаранне лічыцца адбытым пасля пяцігадовага зняволення Асанжа ў Вялікабрытаніі. Цяпер яму дазволена адправіцца на радзіму, у Аўстралію. «Байдэн хацеў хутчэй пазбавіцца ад гэтай тэмы», – лічыць рымская La Repubblica.
«Існуе мноства прычын, па якіх Байдэн вырашыў уладзіць справу да лістападаўскіх выбараў, хаця Белы дом падкрэслівае, што рашэнне аб заключэнні здзелкі было прынята незалежна ад Міністэрства юстыцыі. На міжнародным узроўні лёс Асанжа ўскладняў адносіны з такім ключавым саюзнікам, як Аўстралія, чыё значэнне вельмі вялікае ў барацьбе з Кітаем – асабліва пасля заключэння пакта AUKUS аб сумеснай распрацоўцы атамных падводных лодак, неабходных для патрулявання Ціхага акіяна», – паведамляе італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






