Туск паабяцаў умацаваць памежныя ўмацаванні Беларусі. Грузія: спрэчны закон прыняты. АдГ застаецца пад падазрэннем як праваэкстрэмісцкая партыя. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паабяцаў узмацніць абарону на польска-беларускай мяжы. Яго заява ад 11 мая стала адказам на тое, што ён назваў «гібрыднай вайной», якая вядзецца з дапамогай «нелегальнай міграцыі», – піша бельгійскае выданне The Brussels Signal.
«Міграцыйны пакт быў канчаткова ўхвалены міністрамі фінансаў краін-членаў Еўразвязу 14 траўня, нягледзячы на супраціў з боку Польшчы, Славакіі і Венгрыі. Пакт накіраваны на ўсебаковае вырашэнне пытанняў міграцыі ў ЕЗ, уключаючы дапамогу краінам, якія сутыкаюцца з міграцыйным ціскам. Туск заявіў: «Польшча не будзе прымаць ніякіх мігрантаў у рамках Пакта аб міграцыі», дадаўшы, што Польшча ўжо прыняла сотні тысяч мігрантаў з-за расейска-ўкраінскага канфлікту, а таксама дзясяткі тысяч з Беларусі. Паводле звестак польскага памежнага ведамства, у 2023 годзе павялічылася колькасць спроб перасячэння мяжы з Беларусі.
Туск, які ўзначальвае кіруючую левацэнтрысцкую кааліцыю, вядзе перадвыбарчую кампанію напярэдадні выбараў у Еўрапарламент у чэрвені, дзе ён спадзяецца, што яго Грамадзянская кааліцыя (KO) набярэ больш галасоў і атрымае больш дэпутатаў, чым апазіцыйная ПіС, пра якую цяпер сведчыць большасць апытанняў грамадскай думкі, што яна ідзе з невялікім апярэджаннем. Адной з асноўных праблем перадвыбарнай кампаніі ў Польшчы, нараўне з «Зялёнай дарогай» і нацыянальнай бяспекай, з’яўляецца міграцыя», – падкрэслівае бельгійскае выданне.
Нягледзячы на масавыя пратэсты, якія працягваюцца, парламент Грузіі прыняў закон аб «замежным уплыве» – у трэцім і канчатковым чытанні. Такім чынам, СМІ і НДА, якія на 20 і больш працэнтаў фінансуюцца з-за мяжы, будуць лічыцца органамі, якія «пераследуюць інтарэсы замежных дзяржаў». Яны стануць аб’ектам праверак і маніторынгу з боку дзяржавы. Пратэстанты асцерагаюцца рэпрэсій супраць крытычных галасоў як ў Расеі. «Калі Еўразвяз увядзе санкцыі супраць Грузіі, то гэта будзе толькі на руку Расеі», – папярэджвае цюрыхская Tages-Anzeiger.
«Ці павінен ЕЗ прыпыніць бязвізавы рэжым для грузінаў? Ці нават прыгразіць пазбавіць краіну статусу кандыдата на ўступленне ў свае шэрагі? Вельмі няпростае пытанне. Так, тым самым Брусель, вядома, даў бы зразумець грузінскаму ўраду, што на карту пастаўлена вельмі шмат. Аднак, з іншага боку, такі крок на доўгія гады наперад расчараваў бы насельніцтва, якое ў пераважнай большасці жадае быць часткай еўрапейскай супольнасці. Калі Еўразвяз павернецца да Грузіі спіной, то для Масквы гэта будзе поспехам. І гэта аблегчыць Расеі спробы ўзмацніць ціск на суседнюю з Грузіяй Арменію, якая зараз робіць нясмелыя спробы эмансіпавацца ад Расеі і ісці ў бок ЕЗ. Усё гэта – няпростая дылема для Бруселя», – піша швейцарскае выданне.
Вышэйшы адміністрацыйны суд федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія пастанавіў наступнае: ёсць усе падставы меркаваць, што партыя Альтэрнатыва для Германіі (АдГ) можа ўяўляць сабой пагрозу праваэкстрэмісцкага характару. Тым самым суд пацвердзіў рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі. Гэта дазваляе Федэральнаму ведамству па абароне канстытуцыі прадоўжыць назіранне за партыяй і яе дзейнасцю. Рашэнне суда яшчэ не набыло моц, аднак дэбаты аб неабходнасці ці, наадварот, недапушчальнасці забароны партыі разгарэліся з новай сілай. Венская Die Presse вітае той факт, што ў Аўстрыі палітычныя партыі забараніць немагчыма.
«Уключылі б нямецкія вартавыя канстытуцыйнага парадку і аўстрыйскую АПС у спіс ультраправых арганізацый, ад якіх можа зыходзіць пагроза? І што б у такім выпадку змянілася? Наколькі далёка мае права заходзіць ведамства па ахове канстытуцыі ў сваіх спробах весці грамадства за руку, выкарыстоўваючы такія паняцці, як «безумоўна экстрэмісцкі»? У адрозненне ад Нямеччыны, у Аўстрыі няма магчымасці забараняць палітычныя партыі. І гэта добра. Процідзеянне экстрэмісцкім поглядам – няхай гэта будзе правага, левага ці рэлігійнага толку – ажыццяўляецца куды больш эфектыўна, калі гэтая задача не аддаецца на водкуп дзяржаве, але калі ў гэтым удзельнічаюць усе людзі, якія складаюць гэтую дзяржаву», – піша аўстрыйскае выданне.
Прэм’ер Славакіі ў цяжкім стане: што вядома аб замаху на Фіцо перадае мясцовая газета Denník N.
«Стрэлы раздаліся, калі Роберт Фіцо выйшаў да публікі пасля выязнога паседжання ўрада ў горадзе Хандлава. Паранены палітык упаў на зямлю, пасля чаго ахова эвакуявала яго ў машыну суправаджэння. У лякарню Фіцо даставілі на верталёце. Той, хто страляў, хаваўся ў натоўпе і быў затрыманы на месцы. Славацкі тэлеканал ТАЗ паведамляе, што ўсяго раздалося чатыры стрэлы. Па папярэдніх дадзеных, адна з куль патрапіла ў жывот палітыка. Відавочцы стральбы распавялі СМІ, што бачылі кроў на грудзях і галаве Фіцо. Параненага прэм’ера Славакіі Роберта Фіцо даставілі ў бальніцу горада Банска-Бістрыца. Яму неабходна тэрміновае медыцынскае ўмяшанне. Мясцовыя СМІ пішуць пра затрыманага стрэлка – паводле іх звестак, гэта вядомы славацкі пісьменнік», – піша славацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






