- Тайвань забараніў экспарт нітрацэлюлозы ў Расею і Беларусь
- Урад Нямеччыны распрацаваў новы план на выпадак вайны з Расеяй
- У Капенгагене напалі на прэм’ер-міністра Даніі Метэ Фрэдэрыксен
«Міністэрства эканомікі Тайваня абвясціла, што з 14 чэрвеня 2024 года будзе забаронены экспарт нітрацэлюлозы (якая выкарыстоўваецца для вытворчасці боепрыпасаў) у Расію і Беларусь», – перадае міжнароднае выданне The Gglobalsanctions.
«Нітрат цэлюлозы зʼяўляецца ключавым кампанентам бяздымнага пораху і ўнесены ў спіс кантраляваных тавараў у Еўропе і Злучаных Штатах. Тайваню неабходна ўзмацніць кантроль, каб не стаць шчылінай у міжнародным кантролі. Мінэканомікі нагадвае вытворцам, што штраф за першы нелегальны экспарт у Расею і Беларусь істотна павялічаны да 1 млн юаняў. Прадпрыемствы павінны выконваць нацыянальныя і міжнародныя нормы экспартнага кантролю і выконваць свае абавязацельствы па праверцы, каб пазбегнуць парушэнняў, якія паўплываюць на добрую волю і ўласныя правы і інтарэсы. Новыя правілы ўступяць у сілу з 14 чэрвеня гэтага года», – папярэджвае міжнароднае выданне.
Міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыус заявіў, што Нямеччына павінна падрыхтавацца да магчымай вайны з Расеяй да 2029 года. Цяпер нямецкі ўрад прадставіў новы ваенны план – «Рамачную дырэктыву па агульнай абароне». У дакуменце прапісаны меры, якія павінны быць зроблены падчас ваеннага канфлікту, а нямецкая газета BILD прыводзіць асноўныя з іх.
«У адпаведнасці з планам войскі НАТА павінныя быць перакінутыя праз усю краіну на ўсходні фланг, дзе таксама будуць знаходзіцца сілы бундэсвера. У бамбасховішчы будуць пераабсталяваны падвальныя памяшканні, падземныя аўтастаянкі і станцыі метро. Прадугледжваецца таксама тэрміновая эвакуацыя насельніцтва з некалькіх раёнаў краіны. Акрамя таго, медустановы павінны быць гатовыя да «раптоўнага наплыву вялікай колькасці пацыентаў на працягу доўгага перыяду часу». У выпадку вайны вяртаецца «абавязковая служба для прызыўнікоў«. У выпадку вайны Нямеччыны пагражае крызіс паставак: напрыклад, гародніны і садавіны. Таму Міністэрства харчавання можа нарміраваць размеркаванне ежы. Урад будзе захоўваць пшаніцу, жыта і авёс у сакрэтных месцах. Існуе таксама надзвычайны рэзерв (рыс, бабовыя) для забеспячэння насельніцтва, асабліва ў гарадскіх цэнтрах, адным гарачым абедам на дзень», – піша нямецкае выданне.
«У Капенгагене мужчына напаў на прэмʼер-міністра Мэтэ Фрэдэрыксен», – паведамляе выданне Ekstra Bladet са спасылкай на офіс кіраўніка ўрада.
«Нападнік ударыў Фрэдэрыксен на плошчы Культарвет у Старым горадзе. Прэмʼер «шакіравана тым, што здарылася». Іншых каментароў у офісе кіраўніка ўрада не прывялі». Па словах крыніца Ekstra Bladet, знаёмага з сітуацыяй, з Фрэдэрыксен усё ў парадку, але яна «вельмі ўзрушана» тым, што адбылося. Мужчына, які напаў на прэмʼера, затрыманы. Мэтэ Фрэдэрыксен 46 гадоў. Яна займае пасаду прэмʼер-міністра Даніі з 2019 года. Пры гэтым 15 мая ў выніку нападзення быў паранены прэмʼер-міністр Славакіі Роберт Фіцо. У палітыка некалькі разоў стрэлілі пасля паседжання кабінета міністраў у горадзе Гандлава. Падазраванага ў замаху на Фіцо – 71-гадовага пісьменніка Юрая Цінтулу – затрымалі на месцы нападу і неўзабаве арыштавалі. Яму пагражае ад 25 гадоў да пажыццёвага зняволення. Цінтула растлумачыў свае дзеянні нязгодай з палітыкай урада. 31 траўня Фіцо выпісалі з лякарні», – нагадвае дацкае выданне.
З чацвярга па нядзелю ўключна грамадзяне краін ЕЗ выбіраюць дэпутатаў, якія найбліжэйшыя пяць гадоў будуць прадстаўляць іх у Еўрапейскім парламенце. Дэпутацкіх месцаў усяго 720. Чакаецца значны прырост галасоў у партый, якія ўваходзяць у фракцыі вельмі правага кшталту – Ідэнтычнасць і дэмакратыя і Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты. Барселонская La Vanguardia з турботай пазірае на перадвыбарную кампанію ў Італіі.
«Еўрапейскія ўрады імкнуцца як мага менш казаць аб цэнтрах прыёму мігрантаў. Іншая справа Джорджыя Мелані, якая ў мінулую сераду прадставіла новы італьянскі комплекс лагераў для бежанцаў на ўзбярэжжа ў Албаніі. Яна назвала яго ўзорам для пераймання для іншых краін ЕЗ. І адбываецца гэта ўсяго толькі за чатыры дні да выбараў у Еўрапарламент. Прэмʼер-міністр дзейнічае без якіх-небудзь сумневаў і ваганняў сумлення. Вось яна, новая Еўропа, якая чакае нас за гарызонтам. Гэтая Еўропа, магчыма, і пераможа на выбарах, але яна не мае нічога агульнага з той Еўропай, якая ўтварылася ў выніку абʼяднання еўрапейскіх дзяржаў у сярэдзіне мінулага стагоддзя», – піша каталонскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя