- Эскалацыя, замарозка, развязка? Што чакае Беларусь у 2025 годзе
- У Польшчы віталі спыненне транзіту расейскага газу ў Еўропу
- Грозны, 30 гадоў таму
«2024-ы стаў асаблівым годам для Аляксандра Лукашэнкі: у ліпені ён адзначыў 30-годдзе знаходжання ва ўладзе. Адыходзячы год у цэлым удала склаўся для “нязменнага беларускага кіраўніка”: рэжым, які ўмацаваўся, выглядае маналітна і стабільна, а крэсла, якое захісталася ў 2020-м у Лукашэнку, у выніку вытрымала праверку на трываласць», – паведамляе DW.
«Рэгіянальны статус-кво, які сфарміраваўся, таксама ўмацаваўся ў 2024 годзе – паміж Украінай і Беларуссю ідзе свайго роду “халодная вайна”, якая не перарастае ў гарачае супрацьстаянне, а Расея нязменна пашырае палітычны, эканамічны і ваенны ўплыў на свайго саюзніка, шчодра субсідуючы рэжым Лукашэнкі. Захаванне такога статус-кво і з’яўляецца для афіцыйнага Менска задачай-мінімум на 2025 год. Але гэтая задача не з лёгкіх. Не выключана, што баявыя дзеянні ва Украіне сапраўды спыняцца ў 2025 годзе, а “карэйскі сцэнар”, пры якім спрэчныя пытанні банальна будуць вынесены за дужкі і перададзены будучаму пакаленню палітыкаў, будзе рэалізаваны. У выніку Еўропа сутыкнецца з фундаментальным замарожаным “канфліктам без вырашэння” , і гэты варыянт уяўляецца куды больш верагодным, чым развязка па рэцэптах Уладзіміра Пуціна. У гэтым выпадку Беларусь застанецца па расейскі бок новай жалезнай заслоны, сам-насам з рэваншысцкай Расеяй, чыё кіраўніцтва не дасягнула сваіх мэтаў ва Украіне, але працягвае марыць “гістарычнымі расейскімі тэрыторыямі”, а ў неспрыяльных умовах і зусім стратай рэшткаў дзяржаўнасці», – падкрэслівае DW.
«Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прывітаў спыненне Украінай транзіту расейскага газу. Аб гэтым ён напісаў у X (Twitter)», – перадае Европейска правда.
«Сікорскі заявіў, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін “патраціў мільярды” на будаўніцтва “Паўночнага патоку”, каб “абысці Украіну і шантажаваць Усходнюю Еўропу пагрозай спынення паставак газу”. “Сёння Украіна перакрыла яму магчымасць экспартаваць газ напрамую ў ЕЗ. Яшчэ адна перамога пасля пашырэння НАТА за кошт Фінляндыі і Швецыі”, – падкрэсліў кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства. Як вядома, Украіна з 1 студзеня спыніла транзіт расейскага газу, які працягвалі атрымліваць некалькі дзяржаў ЕЗ і непрызнанае Прыднястроўе. Газавае пытанне на працягу апошняга тыдня стала тэмай вострых заяў з боку славацкага прэм’ера Роберта Фіцо, які да апошняга разлічваў на тое, што Украіна ўсё ж працягне пагадненне, ці пагодзіцца на ідэю з транзітам азербайджанскага газу – што азначала б, што Азербайджан будзе дакупляць для сябе неабходныя аб’ёмы ў Расеі. У прыватнасці Фіцо прыгразіў адплаціць Украіне спыненнем імпарту электраэнергіі, што важна для Украіны ва ўмовах пастаянных абстрэлаў Расеяй аб’ектаў энергасістэмы. Ва ўкраінскім урадзе лічаць, што Браціслава не пойдзе на гэты крок, паколькі ён будзе “абсалютна супярэчыць” правілам ЕЗ. У той жа час ва ўрадзе Славакіі запэўнілі, што краіна добра гатова да спынення паставак расейскага газу, які атрымлівала транзітам праз Украіну», – нагадвае ўкраінскае выданне.
У снежні 1994 года расейскія ўлады пачалі ваенную аперацыю ў Чачні, якая паклала пачатак дзвюм кровапралітным войнам, якія доўжыліся больш за дзесяць гадоў. «У ноч на новы, 1995 год была зроблена спроба штурму Грознага, якая скончылася катастрафічнымі стратамі з абодвух бакоў. За гэтым рушыла ўслед масіраванае бамбаванне Грознага і поўнамаштабны наступ федэральных сіл у Чачні», – нагадвае BBC.
„У памяці з тых дзён засталося тое, што расейскія салдаты былі дрэнна навучаныя і дрэнна забяспечваліся. У блокпастоў яны спрабавалі здабыць грошай на ежу, прадаючы салярку. Становішча ў салдат было адчайнае. І наступленне на Грозны 31 снежня было вельмі дрэнна арганізавана. Рускім здавалася, што гэта ўсё будзе лягчэй за лёгкае — зайсці ў горад і вызваліць яго ад чачэнскіх салдат за пару дзён. Але на другім баку была партызанская армія, вельмі згуртаваная, матываваная, невялікая, але функцыянальная. Чачэнцы ведалі горад на памяць, яны ведалі, дзе можна было схавацца пад зямлёй, і ўвогуле ўсе месцы, дзе можна было схавацца. У многіх быў і вайсковы досвед, верагодна, са часоў вайны ў Афганістане. Ва ўмовах таго канфлікту, які адбываўся, яны дзейнічалі вельмі эфектыўна і першую спробу ўзяць горад штурмам цалкам абезгаловілі. Усё гэта моцна кантраставала з абсалютнай цемрай, якая пачалася потым, калі расейская армія пачала знішчаць горад з паветра. Вялікая частка будынкаў у цэнтры Грознага была разбурана: усё – ад былога будынка кампартыі (прэзідэнцкі палац) да жылых дамоў і крам цалкам разбурана бомбамі, ракетамі, танкавымі снарадамі і кулямі. А да ўлады прыйшлі марыянеткі», – нагадвае брытанская служба навін.
«Саламе Зурабішвілі, прэзідэнт Грузіі, якая сыходзіць, заявіла, што 2025 год стане годам пераадолення ўсяго зла. У сваім навагоднім звароце яна заявіла, што мінулы год быў часам “расейскіх рэпрэсій, накіраваных супраць душы і будучыні Грузіі”, – піша Polska Agencja Prasowa.
«Такім чынам, яна ўказала на сувязі паміж кіруючай партыяй “Грузінская мара” і ўладамі ў Маскве, падкрэсліўшы, што “метады і рэпрэсіі” былі накіраваны на паслабленне грузінскай нацыі. Зурабішвілі таксама згадала 86 чыноўнікаў, звольненых за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях, дадаўшы, што будучыня Грузіі належыць такім людзям, таму што дзяржава не існуе без моцных чыноўнікаў. Яна падкрэсліла, што Грузія павінна быць абаронена ад пагроз як звонку, так і знутры. На яе думку, падзел на патрыётаў і тых, хто дзейнічае на шкоду Грузіі, не працягнецца доўга. Зурабішвілі нагадала пра антыўрадавы пратэст у Тбілісі напярэдадні Новага года, калі дэманстранты сабраліся за доўгім сталом, які сімвалізуе адзінства. З 28 лістапада па ўсёй Грузіі ідуць бесперапынныя пратэсты супраць урада, які ў гэты дзень абвясціў аб прыпыненні перамоваў аб уступленні ў ЕЗ да 2028 года. Дэманстранты патрабуюць вызвалення людзей, затрыманых падчас пратэстаў, і абвяшчэння даты новых парламенцкіх выбараў, бо яны лічаць кастрычніцкае галасаванне несапраўдным з-за шматлікіх парушэнняў, якія нібыта мелі месца», – піша польскае навіновае агенцтва.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






