BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Поўная непрадказальнасць

Фота: Прэс-служба Кабінету Міністраў Украіны

Фіцо з візітам ва Украіне. У Беларусі пакрыўдзіліся, што не атрымалі запрашэнне на найбуйнейшыя вучэнні НАТА. Пратэсты фермераў у Еўропе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Кіраўнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Валерый Равенка паскардзіўся, што Менск не атрымаў ні папярэджання аб найбуйнейшых з часоў Халоднай вайны вучэннях НАТА, ні запрашэння на іх», – паведамляе ўкраінскае выданне Еўрапейская праўда.

«У серыі паведамленняў у Twitter (X) 23 студзеня Равенка раскрытыкаваў «асобныя дзяржавы» з-за невыканання так званага Венскага дакумента АБСЕ, які прадугледжвае інфармаванне дзяржаў-чальцоў аб маштабнай ваеннай дзейнасці. «Краіны НАТА плануюць прыцягнуць 90 тыс. ваеннаслужачых на “найбуйнейшыя за дзесяцігоддзе” вучэнні, але ні апавяшчэння, ні запрашэння Беларусь не атрымлівала», – наракае лукашэнкаўскі функцыянер. Узгадаўшы Польшчу, якая не папярэдзіла рэжым Беларусі аб сваіх маючых адбыцца вучэннях у канцы лютага, Равенка канстатуе, што «такі падыход не мае нічога агульнага з дэкларуемым імкненнем захаваць дзейную архітэктуру бяспекі ў Еўропе». Чыноўнік Мінабароны Беларусі не згадаў, што суседняя Расея неаднаразова сама парушала абавязацельствы па Венскім дакуменце. У 2021 годзе РФ праігнаравала запыт ад Украіны адносна тлумачэнняў ваеннай дзейнасці каля яе межаў, настойваючы на тым, што “не абавязаная” гэта рабіць, а ў 2023-м – адмовілася раскрываць дадзеныя аб узброеных сілах іншым членам АБСЕ. Паўночнаатлантычны альянс у лютым арганізуе маштабныя ваенныя манеўры “Непахісны абаронца” (Steadfast Defender), найбуйнейшыя з канца Халоднай вайны. Заходні абаронны альянс хоча мабілізаваць для гэтага каля 90 тысяч салдат. У прыватнасці, будуць адпрацоўвацца пытанні апавяшчэння і разгортвання нацыянальных і шматнацыянальных сухапутных сіл», – піша ўкраінскае выданне.

Ва Ужгарадзе, прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо сустрэўся са сваім украінскім калегам Дзянісам Шмыгалём. Адносіны паміж дзвюма краінамі вельмі напружаныя: фермеры Славакіі скардзяцца на падзенне цэнаў з-за імпарту таннага збожжа з Украіны. І хаця Фіцо пасля перамоваў заняў станоўчую пазіцыю па пытанні далейшай ваеннай дапамогі Украіне і падпісаў адпаведную заяву, «зусім незразумела, чаго чакаць ад Фіцо у далешым ў плане пазіцыі па Украіне», – піша чэшскі партал Český rozhlas.

«Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі ён заяўляў, што калі пераможа, то не дапусціць таго, каб хаця б адна куля са Славакіі выкарыстоўвалася падчас вайны ва Украіне. Але як толькі Фіцо сфарміраваў урад, ён сказаў, што не будзе перашкаджаць прыватным славацкім вытворцам у пастаўках узбраенняў Украіне. Пасля Фіцо заявіў у Браціславе, што «Украіна не з’яўляецца незалежнай суверэннай дзяржавай, а знаходзіцца пад абсалютным уплывам ЗША». Паглядзім, як павядзе сябе славацкі прэм’ер-міністр на лютаўскім саміце ЕЗ. Паколькі ў сябе дома Фіцо кажа адно, а ў Бруселі – другое, ад яго можна чакаць чаго заўгодна», – папярэджвае чэшскае выданне.

Фермерскія пратэсты пачаліся яшчэ мінулым летам – і найперш, у Польшчы. Прычына пратэстаў – канкурэнцыя з боку таннага зерня з Украіны. У Нідэрландах з фермерскіх пратэстаў, накіраваных супраць увядзення дадатковых экалагічных патрабаванняў, вырасла цэлая палітычная партыя – Фермерска-грамадзянскі рух (BBB). У Германіі аграрыі разгарнулі шырокія пратэсты супраць планаў урада па адмене субсідый вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі. У Францыі фермеры незадаволены высокімі коштамі на паліва. Як бачна, праблем назапасілася нямала, і не ўсе з іх, як адзначаюць аглядальнікі, носяць структурны характар. У Румыніі працягваюцца пратэсты фермераў і вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў. Яны перакрылі КПП на мяжы з Украінай, а таксама заблакавалі порт Канстанца. Пратэстоўцы незадаволеныя тым, што ўкраінскае збожжа па-ранейшаму аказваецца на румынскім рынку, і патрабуюць выплаты належных ім субсідый. Бухарэсцкая газета Jurnalul National тлумачыць сітуацыю.

«У Румыніі – 3,5 мільёна фермераў, гэта самы высокі паказчык па Еўразвязе. Пры гэтым 90 працэнтаў гэтых гаспадарак апрацоўваюць плошчы менш як пяць гектараў. Такія праблемы, як недафінансаванне, адсутнасць належнага падлучэння да ірыгацыйных сістэм, слабая механізацыя, прыводзяць да таго, што гаспадаркі недастаткова канкурэнтаздольныя, а канкурэнцыя з такім буйным суседам, як Украіна, толькі пагаршае сітуацыю. Узяць хаця б вытворчасць цукровых буракоў: у 2023-2024 гадах Украіна паставіць у Еўразвяз каля 650 тысяч тон буракоў, што ў 30 разоў перавышае аб’ёмы ўкраінскіх паставак да 2022 года», – адзначае румынскае выданне.

Абурэнне наконт планаў нямецкіх ультраправых аб масавай дэпартацыі з Германіі прывяло да буйнамаштабных дэманстрацый супраць правага экстрэмізму па ўсёй краіне. Што і казаць, палітычны ўзыход Гітлера прыпаў на 1924 год, а немцы не жадаюць паўтараць памылкі 100-гадовай даўніны.

Парыжская газета Le Monde дае станоўчую адзнаку пратэстам.

«Гэткі разумны і рашучы адказ на неанацысцкія намеры гэтай падымаючай галаву партыі можна толькі вітаць. Гістарычная адказнасць Германіі і факт таго, што АдГ на вачах радыкалізуецца, несумненна, тлумачаць гэткую масавую рэакцыю немцаў. У наяўнасці відавочны кантраст у параўнанні з іх французскімі суседзямі, якія куды больш пасіўна рэагуюць на сваіх вельмі правых, якія абапіраюцца на стратэгію дээскалацыі і якія спрабуюць паводзіць сябе «прыстойна». Як і многія іншыя еўрапейскія краіны, Германія перажывае ў палітычных і эканамічных адносінах цяжкія часы. Яе вядучая роля ў ЕЗ робіць іх яшчэ больш прыкметнымі, і ў той жа самы час выклікае неабыякія асцярогі. Непахісная прыхільнасць дэмакратыі, якую зараз прадэманстравала Германія, застаецца найважнейшым козырам у барацьбе з крызісам», – падкрэслівае французскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя