
Беларусь пачала ўмешвацца ў працу расейскіх СМІ. Зяленскі знізіў узроставы парог для прызыву ў шэрагі ВСУ. Гібель валанцёраў у сектары Газа: намеціўся разварот? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Беларускія чыноўнікі спрабуюць уплываць на публікацыі ў расейскіх медыях. «Коммерсантъ» абвінавачваюць у распаўсюджванні паклёпу і падрыве даверу ўнутры Саюзнай дзяржавы, «Першы канал»- у падтрымцы спявачкі, «якая абразіла» Аляксандра Лукашэнку, а расейскі Forbes і зусім быў вымушаны выдаліць артыкул пра яго», – наракае расейскае незалежнае выданне Holod.
«Так, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шпакоўскі напісаў, што расейскае выданне “Коммерсантъ” апублікавала «паклёпніцкую інфармацыю» аб намеры Беларусі адмовіцца ад абслугоўвання плацежных карт сістэмы «Мір». У артыкуле выдання са спасылкай на крыніцу на банкаўскім рынку гаворыцца , што беларуская плацежная сістэма «Белкарт» услед за Арменіяй і Казахстанам можа ў будучыні спыніць абслугоўванне картак «Мір», бо банкі краіны да гэтага часу выпускаюць карты міжнародных плацежных сістэм і могуць патрапіць пад санкцыі. Адначасова з гэтым пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Круты назваў правакацыяй з’яўленне спявачкі Анжалікі Агурбаш у сюжэце прапагандысцкага «Першага канала» пра дзіцячы музычны конкурс «Залатая нота». У Беларусі супраць Агурбаш распачаты дзве крымінальныя справы: за распальванне сацыяльнай варожасці (частка 3 артыкула 130 КК Рэспублікі Беларусь) і за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі (частка 2 артыкула 368). Агурбаш падтрымала беларускую апазіцыю, а ўлады краіны запатрабавалі яе экстрадыцыі з Расеі. Аднак гэтага не адбылося, бо ў спявачкі ёсць расейскае грамадзянства. Раней расейскае выданне часопіса Forbes выдаліла артыкул журналіста Кірыла Крывашэева «Парабала Лукашэнкі: як беларускі прэзідэнт перажыў новае палітычнае нараджэнне», які быў апублікаваны напрыканцы лютага. Кіраўніцтва Forbes аб прычынах такога рашэння нічога не паведаміла», – падкрэслівае расейскае незалежнае выданне.
Пасля дзевяці месяцаў ваганняў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб зніжэнні прызыўнога ўзросту па мабілізацыі з 27 да 25 гадоў. Гэта забяспечыць ВСУ да 400 000 новых салдат. Раней прызыўнікоў маладога ўзросту можна было задзейнічаць толькі ў тыле. Прэса падзялілася ў меркаваннях. Па меркаванні мюнхенскай Süddeutsche Zeitung, гэта – дакладны крок.
«Украінскае войска знаходзіцца ў абароне, кожны дзень расейскія войскі прасоўваюцца на Данбасе. Сярод заходніх экспертаў ужо курсіруе сцэнарый, паводле якога расійскае войска зноў даходзіць да Дняпра, і такім чынам акупуе палову Украіны. Зяленскі павінен нешта супрацьпаставіць магчымасці такога развіцця падзей, і адной з такіх мер з’яўляецца прыцягненне ў шэрагі ВСУ маладых людзей. Якім бы цяжкім ні было гэтае рашэнне: агрэсіўная вайна, якая вядзецца Расеяй, не пакідае яму выбару», – піша нямецкае выданне.
Пасля шырокай хвалі міжнароднай крытыкі ў сувязі з гібеллю сямі супрацоўнікаў гуманітарнай арганізацыі World Central Kitchen (Сусветная цэнтральная кухня) у сектары Газа ўрад Ізраіля, які ўжо прызнаў, што інцыдэнт адбыўся па віне ізраільскіх вайскоўцаў, зараз абвясціў аб адкрыцці памежных пераходаў для дадатковых паставак. Таксама нарастае ціск на прэм’ер-міністра Нетаньяху ўнутры краіны. Сябра вайсковага кабінета і адначасова кіраўнік другой па велічыні апазіцыйнай партыі Ізраіля Бені Ганц патрабуе правядзення паўторных выбараў. Рымская La Repubblica бачыць у гэтым пробліск надзеі.
«Гэта – палітычны ход падчас канфлікту, які наспяваў ужо даўно. З моманту свайго ўваходжання ў кабінет ваеннага часу Ганц займае міністэрскую пасаду, але не з’яўляецца часткай кааліцыі большасці. Наадварот, ён – прызнаны лідэр апазіцыі, які стаіць на чале партыі нацыянальнага адзінства (Ха-махане ха-мамлахці – “Аб’яднанне дзяржаўнікаў”), і які з’яўляецца адзіным чалавекам, здольным, на думку аналітыкаў, вырваць эстафетную палачку ў Бібі. Пакуль яшчэ зарана казаць пра тое, ці азначаюць словы Ганца канец ваеннага кабінета. Але гэта ўжо першая расколіна. Паводле апытанняў, у выпадку перавыбараў Ганц атрымае 30 месцаў, а партыя Нетаньяху Лікуд – усяго 20», – адзначае італьянскае выданне.
Дзеля дасягнення кліматычных мэт, зафіксаваных у Парыжскім пагадненні , ЕЗ мае намер да 2030 года павялічыць долю энергіі, што атрымліваецца з аднаўляльных крыніц, да сарака працэнтаў мінімум ад агульнага аб’ёму спажыванай энергіі. На долю энергавытворчых кампаній прыпадае каля трох чвэрцяў выкідаў парніковых газаў. Па стане на 2023 год, у Гішпаніі больш за палову патрэбнасці ў электраэнергіі пакрывалася за кошт аднаўляльнай энергетыкі. Да 2030 года краіна плануе выйсці на паказчык 81 працэнт. Барселонская La Vanguardia піша пра тое, што трэба вучыцца лепш выкарыстоўваць «зялёную» энергію.
«Прапанова энергіі, якая вырабляецца з аднаўляльных крыніц, рызыкуе перавысіць попыт. Зялёная электрыфікацыя ў Гішпаніі працякае вельмі павольна, перш за ўсё з-за малой распаўсюджанасці электрамабіляў і паветраных цеплавых помпаў. Сваю апошнюю АЭС Гішпанія закрые ў 2035 годзе. У мэтах кампенсацыі нестабільнасці энергіі, якая вырабляецца з аднаўляльных крыніц, будзе выкарыстоўвацца прыродны газ, да таго часу, пакуль не будуць распрацаваны больш прасунутыя назапашвальнікі энергіі. У гэтым сэнсе Гішпанія застанецца залежнай ад паставак энергіі з-за мяжы. Аднак пераход на новую энергетычную мадэль – немінучы», – падкрэслівае барселонскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя