Лукашэнка вылучае Іран як свайго галоўнага саюзніка. Польшча выдзяляе сродкі на закупку боепрыпасаў для Украіны. Цэнтральная Еўропа змагаецца з катастрафічнымі паводкамі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Лукашэнка заявіў у пятніцу ў Мінску на сустрэчы з сакратаром Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана (СНБ) Алі Акбарам Ахмадыянам, што бачыць у краіне свайго галоўнага саюзніка», – піша мясцовая газетаThe Tehran Times.
„Адпаведна Лукашэнка таксама запрасіў прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна наведаць Менск. Лукашэнка падкрэсліў складаны глабальны палітычны ландшафт і пераход да шматбаковай сістэмы, выступаючы за пашырэнне супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Таксама ён заявіў, што трывалая эканоміка важная для бяспекі, і заклікаў умацоўваць эканамічныя сувязі з Іранам. Ён таксама выказаў удзячнасць за падтрымку Іранам членства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і групе БРІКС, што, на яго думку, адкрыла новыя шляхі для незалежных дзяржаў. У адказ Ахмадзіян адзначыў даўні саюз паміж Іранам і Беларуссю, выказаўшы аптымізм наконт будучага пашырэння супрацоўніцтва. Ахмадзіян адзначыў глабальны пераход да новага парадку, мяркуючы, што ўплыў Злучаных Штатаў змяншаецца. У адказ беларускі чыноўнік адзначыў, што і Тэгеран, і Менск супадаюць у сваіх перспектывах прасоўвання шматпалярнага свету, пазбягання мілітарызму і імкнення да рэгіянальнага міру», – піша іранскае выданне.
«Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў, што ягоны ўрад выдзеліць 100 мільёнаў еўра на чэшскую ініцыятыву па закупцы боепрыпасаў для сілаў абароны Украіны. Паводле слоў Сікорскага, Польшча пералічыць першыя 50 мільёнаў еўра ў гэтым годзе, а астатнія будуць выплачаны ў наступным годзе», – перадае The New Voice of Ukraine.
«Вядома, што Польшча дагэтуль яшчэ не прафінансавала чэшскую ініцыятыву па распрацоўцы снарадаў для Украіны, нягледзячы на ранейшыя абяцанні. Сікорскі патлумачыў, што Польшча затрымала выплату ў фонд закупак боепрыпасаў, таму што чыноўнік, адказны за каардынацыю працэсу, былы кіраўнік Урадавага агенцтва стратэгічных рэзерваў Міхал Кучмяроўскі быў затрыманы паводле міжнароднага ордэра на арышт па абвінавачванні ў карупцыі. Польшча была адзінай краінай сярод тых, хто абяцаў падтрымаць чэшскую ініцыятыву закупкі артылерыйскіх снарадаў для Украіны, якая пакуль не прадаставіла ніякага фінансавання. Упершыню пра магчымасць закупкі 800 тысяч снарадаў для Украіны заявіў прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел 17 лютага 2024 года. Прадстаўнік абароннага сектара Украіны паведаміў НВ, што снарады плануецца закупляць у Паўднёвай Карэі і ПАР. Цана кантракту ацэньваецца прыкладна ў 2 мільярды даляраў», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.
«Праліўныя дажджы, выкліканыя штормам “Барыс“, прывялі да чалавечых ахвяр у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Аварыйныя службы ўмацоўваюць ахоўныя збудаванні для барацьбы з паводкай. Ад вады пацярпелі тысячы дамоў», – перадае ВВС.
«Цэнтральная Еўропа рыхтуецца да магутных паводак. У Румыніі ад стыхіі загінулі чатыры чалавекі. Адзін чалавек загінуў у выніку паводкі ў Польшчы, заявіў прэм’ер-міністр Дональд Туск у нядзелю. З-за змены клімату экстрэмальныя ападкі становяцца ўсё больш верагоднымі ў Еўропе – як і ў многіх іншых частках свету. Цяплейшая атмасфера можа ўтрымліваць больш вільгаці, што прыводзіць да мацнейшых дажджоў. А таму на поўдні Польшчы пажарныя будуюць загароды з мяшкоў з пяском. У горадзе Глухалазы на паўднёвым захадзе Польшчы ўлады заявілі, што рака выйшла з берагоў і затапляе вуліцы. У нядзелю яны заклікалі жыхароў эвакуявацца ў больш высокія месцы.
Жыхарка горада Сафія Аўсяка расказала, што ўсе ў горадзе напалоханыя і «няма ніякай надзеі на тое, што дождж спыніцца». У Кракаве, другім па велічыні горадзе Польшчы, улады прапанавалі жыхарам мяшкі з пяском для абароны ад паводкі. Выступаючы ў горадзе Клодзка недалёка ад мяжы з Чэхіяй, адным з найбольш пацярпелых ад паводкі, прэм’ер Туск сказаў, што больш за паўтары тысячы чалавек у гэтым раёне ўжо былі эвакуяваваны. Ён заклікаў іншых жыхароў супрацоўнічаць з аварыйна-выратавальнымі службамі, калі тыя звяртаюцца да іх з просьбай пакінуць свае дамы. У гэтым раёне 17 тысяч чалавек засталіся без электрычнасці, сказаў Туск, недзе адсутнічае сігнал мабільнай сувязі і інтэрнэт», – перадае брытанская служба навін.
Нямеччына мае намер увесці кантроль на ўсіх сваіх межах. Міністр унутраных спраў Нэнсі Фезер абгрунтавала гэтае рашэнне імкненнем абмежаваць нерэгулюемую міграцыю і ўзмацніць абарону ад тэрарызму і трансгранічнай злачыннасці. Акрамя таго, стануць магчымыя «адмовы ва ўездзе, якія адпавядаюць еўрапейскаму заканадаўству». Мюнхенская Süddeutsche Zeitung крытыкуе ні з кім не ўзгодненыя дзеянні федэральнага ўрада.
«Не склікалася надзвычайная рада міністраў унутраных справаў, не было ні сустрэчы міністра ўнутраных справаў Нямеччыны, ні нават канцлера з суседзямі. А ў Еўропы яшчэ не было такога падыходнага моманту для выпрацоўкі агульнага погляду на праблему стагоддзя, а менавіта – міграцыю. Аднак пытанне аб тым, ці магчыма распрацаваць такую еўрапейскую палітыку, якая адпавядала б гуманітарным стандартам ЕЗ і прынцыпам прававой дзяржавы, вырашаецца не на пагранпастах у Келі, Фрайласінгу або Губіне. Еўропа зможа вырашыць гэтую праблему толькі разам», – піша нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка