
Як заводы Беларусі працуюць на вайну РФ ва Украіне. Як Еўрасавет мяняе свае адносіны да Венгрыі? 50 гадоў падзелу Кіпра. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Пад санкцыі Захаду з-за садзейнічання расійскай агрэсіі ва Украіне трапіла ўжо мноства беларускіх заводаў – ад аршанскага “Легмаша”, які выпускае кампаненты для расійскага РСЗА “Град”, да вытворцы тэкстылю “Магатэкс”, які падпісаў пагадненне з чачэнскай кампаніяй “Эрзу” аб пашыве ваеннай формы», – нагадвае DW.
«Але насамрэч ваенныя замовы РФ абслугоўвае значна больш прадпрыемстваў у Беларусі. «Вялікая доля ўсяго таго, што зарабляе РБ, – гэта грошы, якія атрыманы за продаж таго ці іншага абсталявання, вузлоў, механізмаў, узбраення ў Расію”, – лічыць прадстаўнік аб’яднання былых беларускіх сілавікоў Belpol Уладзімір Жыгар. Belpol выпусціў некалькі расследаванняў, прысвечаных таму, як беларуская прамысловасць і бізнэс зарабляюць на вайне. Паводле аднаго з іх, у вытворчасці адных толькі прыцэлаў для расійскага войска ўдзельнічае больш за 37 кампаній у РБ. Беларускія НПЗ забяспечваюць ваенную авіяцыю РФ палівам для самалётаў. Некаторыя беларускія заводы, якія знаходзіліся на мяжы банкруцтва, на фоне заказаў з РФ асвойваюць новыя магутнасці – і нават выкарыстоўваюць працу зняволеных. Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук называе Расію крэдыторам, заказчыкам і інвестарам “апошняй надзеі” для Беларусі», – перадае DW.
Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі пазбавіць Венгрыю права голасу ў ЕЗ, усяму віной міратворчая місія прэм’ер-міністра краіны Віктара Орбана. Ліст старшыням еўрапейскіх органаў улады накіравалі 63 парламентарыі. У той жа час, як паведамляе Bild, сам палітык заклікаў ЕЗ аднавіць дыпламатычныя адносіны з Расеяй. Пра гэта ён паведаміў у лісце старшыні аб’яднання Шарлю Мішэлю, які напісаў па выніках сваіх візітаў у Кіеў, Маскву, Пекін, Вашынгтон, Анкару, а таксама сустрэчы з Дональдам Трампам.
«Пасля сусветнага турнэ Віктар Орбан накіраваў ліст кіраўніку Еўрасавета Шарлю Мішэлю. На паўтары старонках фармату А4 вугорскі палітык пералічыў свае высновы. На яго думку, у найбліжэйшай будучыні інтэнсіўнасць канфлікту на Украіне радыкальна ўзмоцніцца. Прэм’ер-міністр настойвае, што дыпламатычныя адносіны з Масквой неабходныя гэтак жа, як і перамовы з Кітаем і ўзаемадзеянне з Глабальным Поўднем. Аднак на паездкі палітыка ў Кітай і РФ, якія ён здзейсніў у пачатку ліпеня, Еўракамісія глядзіць неўхваляльна. Палітыка Орбана ідзе насуперак з поглядамі большасці краін аб’яднання з прычыны адмовы пастаўляць Кіеву зброю і пагроз блакіроўкі фінансавай дапамогі Украіне. У ЕЗ спрабуюць прыдумаць для Віктара Орбана пакаранне за візіт у Маскву. Акрамя крытыкі на словах, Еўразвяз будзе байкатаваць нефармальныя сустрэчы, арганізаваныя Будапештам», – дадае нямецкае выданне.
15 ліпеня 1974 года кіпрскія афіцэры пры падтрымцы грэчаскай ваеннай хунты арганізавалі пераварот супраць дэмакратычна абранага ўрада ў Нікасіі з мэтай далучэння да Грэцыі. Затым Турцыя з ужываннем сілы акупавала паўночную частку выспы і скарысталася сваім правам умяшацца ў якасці дзяржавы-абаронцы турак-кіпрыётаў. «Аднак той факт, што акупацыя працягваецца і пасля звяржэння кіраўнікоў перавароту, гэта значыць дагэтуль, парушае міжнароднае права ў той жа меры, што і сам пераварот. Нельга апускаць рукі ў барацьбе з акупацыяй», – падкрэслівае Нікасйская Phileleftheros.
«Штогод 15 ліпеня мы можам адчуваць толькі смутак і абурэнне наконт здрады і разбурэнняў. Наш агульны абавязак – не прызнаваць тое, што адбылося і зрынуць акупантаў. Новыя пакаленні, якія адчуваюць на сабе наступствы здрады, павінны працаваць над аднаўленнем адзінства краіны – Рэспублікі Кіпр. Захаванне статусу-кво не з’яўляецца рашэннем. Пасыл усіх гэтых маркотных угодак ясны як божы дзень: ніколі больш не дазваляйце дурням здраджваць краіне, ніколі больш не дапушчайце магчымасць фашызму. Абаронім жа дэмакратыю, вызвалім нашу краіну – Рэспубліку Кіпр», – заклікае мясцовае выданне.
Пасля перамогі Гішпаніі з лікам 2:1 над Англіяй у фінале чэмпіянату Еўропы па футболе , які праходзіў у Германіі, еўрапейская прэса прааналізавала фактары, якія зрабілі гэты поспех магчымым. Прычым у фокусе СМІ – не толькі чыста спартовы аспект. Мадрыдская El País не хавае свайго захаплення.
«Гэта, несумненна, быў іспанскі чэмпіянат Гішпаніі: каманда ўстанавіла глабальную планку сучаснага, мужнага і захапляльнага футбола. 17-гадовы Ламін Ямаль і 22-гадовы Ніка Уільямс надалі гульні дынамічнасць а таксама зачаравалі маладую аўдыторыю. Яны таксама выявілі супярэчнасці ўльтраправых партый у дэбатах аб іміграцыі і расізме, які распаўсюджваецца ў Еўропе. Інтэграцыя перамагла над сектанцтвам нават у стылі гульні, які не меў нічога агульнага ні з лютасцю мінулага, ні з зусім нядаўнім стылем або эгаістычнмі алюрамі зорак. Замест гэтага была праяўлена павага да асабістых асаблівасцей футбалістаў – і заахвочвалася камандная работа. Гэта быў футбол салідарнасці», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






