
Фота: t.me/modmilby
Расейцы зноў плануюць перакідваць ваенную тэхніку ў Беларусь. Замах на Роберта Фіцо: што да яго прывяло? Грузія: спрэчны закон прыняты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Расейцы, верагодна, зноў плануюць перакідванне сваёй ваеннай тэхнікі ў Беларусь. Да прыёму эшалонаў ужо рыхтуецца «Беларуская чыгунка». Пра гэта паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», – перадае ўкраінскае выданне Unian.
„Выяўлены ўскосныя, старанна схаваныя прыкметы падрыхтоўкі да рэалізацыі мерапрыемстваў па ажыццяўленні ваенных перавозак паміж РФ і РБ. У рамках гэтых перавозак плануецца перамяшчэнне расейскага ваеннага кантынгенту і тэхнікі чыгуначным транспартам на тэрыторыю Беларусі, а таксама ў зваротным напрамку. Таксама адзначаецца, што акрамя асноўных мэт запланаваных ваенных перавозак прапрацоўваецца таксама верагоднасць ратацыйнага руху ваенных эшалонаў з акупаваных РФ тэрыторый Украіны ў Беларусь і назад. Акрамя гэтага Беларусь магла размясціць расійскую ядзерную зброю. Паводле звестак The New York Times, аб’ект размешчаны крыху менш чым за 200 кіламетраў на поўнач ад украінскай мяжы на ваенным складзе побач з горадам Асіповічы. Як адзначыў Ханс Крыстэнсэн з Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў, ядзерныя распрацоўкі ў Беларусі «падобна, закліканы нерваваць самыя ўсходнія краіны-члены НАТА, але не дадуць Расеі новай значнай ваеннай перавагі ў рэгіёне», – канстатуе ўкраінскае выданне.
У сераду на прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіцо быў здзейснены замах: у Фіцо стралялі, у выніку чаго ён атрымаў цяжкія раненні. Паводле апошніх паведамленняў, Фіцо прыйшоў у прытомнасць. Міністр унутраных спраў Славакіі Матуш Шутай аб’явіў аб узмацненні мер абароны палітыкаў і журналістаў і заклікаў грамадскасць спыніць выказваць “нянавісць да таго ці іншага палітычнага лагера”. Аглядальнікі ўказваюць на той факт, што пажыўным асяроддзем для такога кшталту эксцэсаў становіцца сама распаленая атмасфера ў грамадстве. «Ідэалагічны партрэт зламысніка нетыповы для суперніка Фіцо», – піша партал навінаў Дзённік.
«Калегі Фіцо па партыі і ягоныя партнёры па праварадыкальнай кааліцыі займаліся распальваннем нянавісці ў адносінах да СМІ і сваіх палітычных апанентаў з праеўрапейскіх колаў, яны выказвалі ў іх адрас пагрозы. Аднак, мяркуючы па ўсім, напад на прэм’ер-міністра быў ініцыяваны з супрацьлеглага боку. У сераду ў Фіцо з блізкай адлегласці страляў 71-гадовы ахоўнік на пенсіі, які, мяркуючы па першапачатковых спробах скласці яго партрэт, прытрымліваўся ўльтраправых і нацыяналістычных поглядаў”, – піша славацкае выданне.
Нягледзячы на масавыя пратэсты, якія працягваюцца, парламент Грузіі прыняў закон аб «замежным уплыве» – у трэцім і канчатковым чытанні. Такім чынам, СМІ і НДА, якія на 20 і больш працэнтаў фінансуюцца з-за мяжы, будуць лічыцца органамі, якія «пераследуюць інтарэсы замежных дзяржаў». Яны стануць аб’ектамі праверак і маніторынгу з боку дзяржавы. Як зазначае прэса, Грузія апынулася на ростанях паміж Расеяй і Еўропай. «Незалежна ад таго, як скончыцца супрацьстаянне ў Грузіі, гэтыя дэманстрацыі пасылаюць прамень надзеі ўсёй Еўропе», – такі каментар публікуе лісабонскі штотыднёвік Visão.
«Працягваюцца пратэсты ў Грузіі, накіраваныя супраць збліжэння з Расеяй і адстойваючы неабходнасць далейшага руху ў аб’яднаную Еўропу, – гэта на дадзены момант адно з самых пераканаўчых сведчанняў перакананасці людзей у правільнасці еўрапейскага праекту – нават на фоне таго, што цяпер ён перажывае адзін з самых няпростых этапаў у сваёй гісторыі. Масы людзей, якія апанавалі вуліцы Тбілісі са сцягамі Еўразвяза – гэта лепшы доказ таго, што сіла ЕЗ – у яго ідэалах і каштоўнасцях», – піша партугальскае выданне.
У Нідэрландах правы папуліст Герт Вілдэрс дамовіўся з трыма іншымі правымі партыямі аб стварэнні ўрадавай кааліцыі. Па выніках перамоў, якія доўжыліся некалькі месяцаў , у яе склад увайшлі ўзначаленая Вілдэрсам праварадыкальная Партыя Свабоды, праваліберальная Народная партыя за свабоду і дэмакратыю, Фермерска-грамадзянскі рух і партыя Новы сацыяльны кантракт. Хто стане прэм’ер-міністрам, пакуль не вырашана. «Мы аказаліся сведкамі палітычнага эксперыменту», – падагульняе амстэрдамская De Volkskrant.
«Ва ўсіх чатырох партый назіраецца недахоп энтузіязму і натхнення – аж да самага апошняга моманту. Наогул-то ва ўмовах гэтак складанага працэсу добра, калі ў партый маецца вялікі давер адзін да аднаго. Калі зараз працэс завершыцца няўдачай, то будуць новыя выбары. Для трох з чатырох задзейнічаных партый гэта было б вельмі неспрыяльным сцэнарам, паколькі яны разумеюць, што за час, які мінуў з моманту апошніх выбараў, адзін толькі Вілдэрс змог умацаваць свае пазіцыі і павялічыць папулярнасць. Цяпер яму можна зусім не баяцца канкурэнцыі справа ад цэнтра. Гэтае разуменне і ёсць той падмурак, на якім выбудоўваецца новы кабінет», – падкрэслівае нідэрландскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя