BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Праверка на трываласць

“Пашпарт новай Беларусі” не прызнаюць сапраўдным у Літве. Што зменяць дэкрэты Трамп? Славакія: Фіцо ставіць у віну апазіцыі планы перавароту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

„Пашпарт новай Беларусі” абмяркоўваўся 22 студзеня на закрытым пасяджэнні Камітэта па замежных справах (КЗМ) Сейма Літвы з удзелам прадстаўнікоў розных ведамстваў”, – паведамляе LRT.

“Галоўная мэта — наладзіць агульны падыход, знаходзіцца ў агульным інфармацыйным полі і выпрацаваць узгодненую пазіцыю, паколькі пытанне далікатнае, — заявіў літоўскі дэпутат Рэмігіюс Матузас. — Я б ахарактарызаваў гэтую агульную пазіцыю як сімвалічны дакумент, які не мае ні юрыдычнай, ані дыпламатычнай сілы. Ён не будзе прызнаны сапраўдным на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. Гэта выключна сімвалічны дакумент”. 19 студзеня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў журналістам пра неабходнасць абмеркаваць падрабязнасці праекта “пашпарта новай Беларусі”. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падабенства літоўскага герба “Віціс” і беларускага гістарычнага герба “Пагоня”, выяўленага на вокладцы “пашпарта новай Беларусі”, не варта перабольшваць. Друкаваць “пашпарты новай Беларусі” плануецца ў створаным у Вільні Беларускім пашпартным цэнтры, “разглядаецца магчымасць стварэння аналагічных цэнтраў у Польшчы і, магчыма, Украіне”, паведаміў 14 студзеня дырэктар праекта Марус Гудзелайціс. Заяўкі на выраб і выдачу “пашпартоў”, як чакаецца, пачнуць прымаць 26 студзеня. Аб праекце “пашпарта новай Беларусі” стала вядома ў лютым 2023 года. Летась 28 траўня Беларускі расследвальніцкі цэнтр апублікаваў даследаванне “Пашпарт новай Беларусі” і стары “гаманец” Лукашэнкі. Як кампанія — распрацоўшчык дакумента звязана з Віктарам Шаўцовым”. Журналісты сцвярджалі, што літоўскае прадпрыемства Garsų Pasaulis звязанае з блізкім да Аляксандра Лукашэнкі бізнесменам, а Геральдычную раду ўзначальвае былы супрацоўнік беларускага МУС”, – піша літоўскае выданне.

Практычна адразу ж пасля інаўгурацыі новы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у прысутнасці сваіх прыхільнікаў падпісаў шэраг дэкрэтаў. Выдаўшы 80 так званых выканаўчых прадпісанняў, Трамп адмяніў меры, прынятыя яго папярэднікам Джо Байдэнам, а таксама ўжо анансаваў і новыя дэкрэты. Сярод іншага, звальненню падвергнуцца шматлікія супрацоўнікі ўрадавага апарата, мяжа з Мексікай будзе зачынена, а асобы, якія ўдзельнічалі ў штурме Капітолія, атрымаюць амністыю. «Сваімі першымі дэкрэтамі Трамп прадэманстраваў, што ён куды радыкальней, чым многія баяліся», – лічыць амстэрдамская NRC.

«Інакш кажучы – той, хто атакуе дэмакратыю, выйдзе на волю, а той, хто яе абараняе, вымушаны баяцца пераследу. Прававая дзяржава моцна настолькі, наколькі моцныя тыя, хто яе ахоўвае і абараняе. Але зараз супраціў не робіць належнага ўражання. Па-за ўсякім сумневам, будзе яшчэ мноства працэсаў супраць трампаўскіх дэкрэтаў, але сітуацыя ўскладнілася тым, што Трамп трымае за горла Вярхоўны суд Злучаных Штатаў. Праверка на трываласць для амерыканскай прававой дзяржавы пачынаецца менавіта цяпер – і абяцае быць падобнай доўгай вандроўцы па пустыні», – піша нідэрландскае выданне.

У мінулы аўторак славацкая апазіцыя мела намер паставіць у парламенце пытанне аб даверы прэм’ер-міністру Роберту Фіцо. Апошні змог прадухіліць негатыўны для сябе сцэнар, апублікаваўшы даклад спецслужбаў, паводле якога апазіцыя плануе зладзіць у краіне “майдан” – гэта значыць звяржэнне ўлады па ўзоры падзей ва Украіне ў 2014 годзе. Праскі штотыднёвік Respekt паказвае на тое, што палітычным сілам краіны варта ўважліва прыгледзецца да таго, што адбываецца ў суседняй Славакіі.

«Нельга выключаць таго, што бліжэйшыя тыдні стануць для Славакіі вельмі драматычнымі і што на коне апынуцца ні многа ні мала – прававая дзяржава і дэмакратыя як такія. Такі ход падзей можа мець наступствы і для чэшскай палітыкі. Фіцо і яго партыя “Курс – сацыяльная дэмакратыя” з’яўляюцца аднымі з найбліжэйшых палітычных саюзнікаў былога чэшскага прэм’ер-міністра і цяперашняга лідара апазіцыі Андрэя Бабіша. А той ужо ніяк не будзе дапякаць гэтаму альянсу залішняй крытыкай. У нейкім сэнсе Славакія і Венгрыя становяцца для нас свайго роду дзяржавамі-мадэлямі, на прыкладзе якіх грамадскасць можа на свае вочы назіраць за тым, што былі б не супраць уладкаваць тут у нас у будучыні чэшскія саюзнікі Фіцо», – падкрэслівае чэшскае выданне.

Прэм’ер-міністр Грэцыі – кансерватар Кірыякас Міцатакіс – прапанаваў на пасаду прэзідэнта краіны кандыдатуру старшыні парламента Канстанцінаса Тасуласа. 25 студзеня афінскі парламент будзе галасаваць па пытанні аб прызначэнні новага прэзідэнта, паколькі паўнамоцтвы дзеючага – Кацярыны Сакеларапулу – падыходзяць да канца. Грэчаскія аглядальнікі спрабуюць вызначыць палітычную арыентацыю Тасуласа. «Для Міцотакіса вышэй за ўсё ўласныя інтарэсы і інтарэсы сваёй партыі», – з такой крытыкай выступае левы партал TVXS.

«Прэм’ер-міністр прыняў рашэнне на карысць кандыдата ад правага крыла сваёй партыі – каб мабілізаваць тых, хто сімпатызуе яго партыі з шэрагаў правых і ўльтраправых. Часта гучыць патрабаванне аб вылучэнні кандыдата ад лева-цэнтрысцкага лагера, – для таго каб, маўляў, ураўнаважыць палітычную сітуацыю, – гучыць вельмі наіўна. У палітычнай гульні Кірыякас Міцотакіс і партыя Новая Дэмакратыя займаюць пазіцыю моцнага, а моцны заўсёды праціскае свае ўмовы і тое, што выгадна менавіта яму. А апазіцыі не застаецца нічога іншага, як прызнацца сабе ў тым, што яна проста слабая ў цяперашніх палітычных умовах», – адзначае грэчаскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка