BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Празрыстыя тактыкі

Фота: ANIS MILI/AFP via Getty Images

25% беларусаў маюць псіхічныя парушэнні, у 5% – дэпрэсія. Прэзідэнцкія выбары ў Тунісе. Францыя: Барнье вытрымаў вотум недаверу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Чвэрць насельніцтва Беларусі маюць псіхічныя парушэнні, такія як трывога, дэпрэсія і расстройства адаптацыі, расказаў дацэнт кафедры псіхіятрыі БДМУ Сяргей Давідоўскі». Яго словы прыводзіць агенцтва “Мінск-Навіны”, а таксама служба навін DW.

“Гэта значыць кожны чацвёрты жыхар краіны мае тыя ці іншыя праблемы, звязаныя з псіхічным здароўем. Ад дэпрэсіі пакутуюць 5% насельніцтва – толькі ўдумайцеся, і ў дапамозе маюць патрэбу больш за 450 тысяч чалавек”, – падкрэсліў медык. Паводле яго слоў, псіхічныя расстройствы небяспечныя тым, што з’яўляюцца адным з фактараў рызыкі развіцця саматычных парушэнняў – ад сардэчна-сасудзістых да анкалагічных. Па статыстыцы, захворванні сістэмы кровазвароту і злаякасныя новаўтварэнні з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі прычынамі смерці ў Беларусі», – перадае DW.

Паводле папярэдніх падлікаў, дзейны прэзідэнт Туніса Каіс Саід быў пераабраны на новы тэрмін з вынікам у 90,7 працэнта, аднак нялішне адзначыць, што яўка на гэтых выбарах склала ўсяго 29 працэнтаў. Кіраванне Саіда цалкам можна ахарактарызаваць як аўтарытарнае. Апазіцыйныя сілы заклікалі да байкоту выбараў, паколькі да ўдзелу ў іх былі дапушчаныя ўсяго два апаненты Саіда. Берлінская taz выкрывае рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і заклікае Еўрасаюз да дзеянняў.

«Брусель і Берлін на працягу дзесяці гадоў стабільна падтрымлівалі тамтэйшых грамадзянскіх актывістаў і актывістак, але зараз яны кідаюць іх у бядзе – у тым ліку і таму, што Еўропа не ўхваляе пазіцыю Туніса па вайне ў Газе. Непразрыстая міграцыйная дамова, складзенае Еўракамісіяй з Тунісам, а таксама цеснае партнёрства прэм’ер-міністра Італіі Джорджыі Мелоні з Саідам – ​​гэта яшчэ адзін прыклад здрады Еўропай сваіх уласных каштоўнасцяў. А яшчэ – прыклад палітычнай недальнабачнасці. Перавыбранне Каіса Саіда павінна стаць сігналам для Берліна і Бруселя – і нарэшце прымусіць іх распрацаваць такую ​​стратэгію па Паўночнай Афрыцы, якая грунтавалася б не на ўласнай выгадзе, але была б дыялогам на роўных. І першым крокам на гэтым шляху магла б стаць абарона грамадзянскай супольнасці, вымушанай баяцца за сваю свабоду», – піша нямецкае выданне.

Новы ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Мішэля Барнье перажыў першы вотум недаверу. Кааліцыя левых, сацыялістаў, зялёных і камуністаў, якая выступіла з вотумам, атрымала толькі 197 з неабходных 289 галасоў падтрымкі. Альянс раскрытыкаваў той факт, што правацэнтрысцкі ўрад не адпавядае волі выбаршчыкаў, а таму яго неабходна адхіліць ад працы. Каталіцкі веснік La Croix разбіраецца ў тым, чаму Нацыянальнае аб’яднанне ўстрымалася падчас галасавання і не выступіла супраць урада Барнье.

«З боку, вядома, можа здацца, быццам мэта заключаецца ў тым, каб не справакаваць урадавы крызіс, і партыя, якая ўцягнутая ў судовы працэс па падазрэнні ў фіктыўным працаўладкаванні асістэнтаў дэпутатаў Еўрапарламента, не турбуе сябе тлумачэннямі – і папросту заяўляе аб тым, што не жадае дэстабілізаваць абстаноўку ў Пятай рэспубліцы. Аднак за кулісамі вядома, што Нацыянальнаму аб’яднанню неабходны час для таго, каб абнавіць сваё кіраўніцтва і падрыхтавацца да наступных выбараў. І па сутнасці, эфект тут той самы: тыя, хто называе сябе ‘першай апазіцыйнай партыяй Францыі’, дэ-факта падтрымліваюць урад, з якім, як яны сцвярджаюць, яны ж самі і змагаюцца», – адзначае французскае выданне.

Карыстальнікі сацыяльных сетак перастаюць выстаўляць сваё жыццё напаказ.

Як піша Le Monde, «нягледзячы на тое, што мільярды людзей па-ранейшаму штодня заходзяць у інстаграм, Фэйсбук, Твітар, а цяпер і ў Тыкток, характар іх актыўнасці ў сацсетках змяніўся. Цяпер людзі публікуюць значна менш кантэнту, чым раней».

«Кіраўнік Instagram Адам Мосер адзначае, што карыстальнікі ўсё радзей дзеляцца асабістымі момантамі ў стужцы, а вось сторыз посцяць усё больш, і паведамленнямі ў прываце дзеляцца часцей. У Беларусі людзі змянілі свае сацсетачныя звычкі ў выніку палітычных рэпрэсій. Але і ў вольным свеце змены ў фармаце карыстання сацсеткамі таксама адбыліся. З моманту з’яўлення Фэйсбука ў 2004 годзе парадыгма выкарыстання інтэрнэту істотна змянілася. Калі раней карыстальнікі актыўна публікавалі кантэнт для шырокай аўдыторыі, то цяпер яны больш асцярожныя ў сваіх пастах, часта пазбягаючы адкрытых выказванняў. Людзі ўсведамляюць, што публікацыі могуць мець непажаданыя наступствы для асабістага і прафесійнага жыцця. Моладзь таксама адчувае змены ў выкарыстанні сацыяльных сетак: моладзь аддае перавагу прыватным зносінам замест публічнага кантэнту. У прыватнасці, працягвае расці папулярнасць WhatsApp. У яго ў свеце ўжо ёсць больш за два мільярды актыўных карыстальнікаў. У еўрапейскім рэгіёне лідарства трымаюць Тэлеграм і Вайбер», – падкрэслівае французскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя