BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Прычын для панікі няма?

Кожны чацвёрты жыхар Беларусі – пенсіянер. Пуцін мяняе ядзерную дактрыну: блеф ці апошняе папярэджанне? ААН: як рэфармаваць гэтую арганізацыю? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У Беларусі жыве каля 2 мільёнаў 70 тысяч пенсіянераў. 445 тысяч з іх, ці 21,5% ад агульнай колькасці людзей пенсійнага ўзросту, працягваюць працаваць”, – цытуе намесніцу міністра працы і сацабароны Марыну Арцёменка DW.

З 2022 года Нацыянальны статыстычны камітэт перастаў паведамляць звесткі пра агульную колькасць беларусаў пенсійнага ўзросту. З агучаных звестак Мінпрацы вынікае, што амаль кожны чацвёрты жыхар краіны (ці 22,6%) дасягнуў пенсійнага ўзросту. На 1 студзеня 2024 года, паводле Белстата, насельніцтва Беларусі складала 9 млн 156 тысяч чалавек. Гэтыя звесткі не ўлічваюць беларусаў, якія з’ехалі з краіны і жывуць за мяжой па пашпарце з унутранай серыяй. Пры гэтым толькі ў ЕЗ, паводле статыстыкі Eurostat, за апошнія два гады першыя ВНЖ атрымалі амаль 600 тысяч чалавек”, – паведамляе DW.

***

Паводле расейскай ядзернай дактрыны, у будучыні ваенная агрэсія з боку дзяржавы, якая не валодае ядзернай зброяй, але атрымлівае ваенную падтрымку з боку ядзернай дзяржавы, будзе разглядацца як агрэсія ядзернай дзяржавы супраць Расеі. СМІ адзіныя ў тым, што такім чынам Крэмль найперш спрабуе абмежаваць ваенную дапамогу Захаду Украіне. Аднак наступствы такога рашэння яны ацэньваюць па-рознаму. Брусэльская DeStandaard аналізуе верагоднасць ужывання Пуціным ядзернай зброі.

«Эксперты кажуць, што выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі з вайсковага пункту гледжання мала што дасць у гэтай фазе вайны, паколькі працягласць лініі фронту занадта вялікая. Калі яна будзе прыменена супраць такіх гарадоў, як Харкаў ці Кіеў, то, вядома, будзе шмат ахвяр. Але наступствы будуць каштаваць Пуціну той адносна малой перавагі, якую ён змог дасягнуць на сённяшні дзень. Без сумневу, ён гэта таксама пралічыў. Таму пакуль што яму больш выгадна пагражаць атамнай зброяй», – піша бельгійскае выданне.

***

У Нью-Ёрку пад старшынствам Германіі і Намібіі прайшоў Саміт будучага ААН. Кіраўнікі дзяржаў і эксперты спрабавалі знайсці падыходы да рэформ у рамках так званага Пакта ў імя будучыні, з тым каб зрабіць міжнародную супольнасць арганізацыйна прыдатнай для вырашэння самых розных задач – як самых надзённых, так і ў будучыні. Партал Eldiario.es таксама цвяроза ацэньвае працу Генеральнай Асамблеі ААН.

«У такія гады, як гэты, неэфектыўнасць форуму становіцца відавочнай – і гэта трагічна. У ААН не атрымліваецца рабіць больш, чым толькі пагражаць пальцам тыранам. Заклікі да спынення агню ў Газе, Ліване і Судане застаюцца без увагі. Палітычная адказнасць ляжыць найперш на наймацнейшых дзяржавах Захаду і ў закранутых рэгіёнах. Вельмі сумнеўна, што рэформа Рады бяспекі ААН зменіць сітуацыю, бо дзяржавы больш не імкнуцца да кансэнсусу. ААН – гэта люстэрка, у якім адлюстроўваюцца ўсе беды нашага свету. Нам больш не патрэбныя ні прамовы, ні рэзалюцыі, нам патрэбная надзея на тое, што ў наступным годзе будзе менш цемрашальскіх лідараў, якія маюць права выказвацца з трыбуны», – падкрэслівае гішпанскае выданне.

***

Сітуацыя ў Ліване рэзка абвастрылася. У апошнія дні Ізраіль узмацніў жорсткасць авіяўдараў па Хезбале. Сотні людзей забітыя, тысячы бягуць з эпіцэнтра падзей. Заявы ізраільскіх вайскоўцаў былі вытлумачаны як падрыхтоўка да наземнага наступу. Баявікі Хезбалы працягваюць абстрэльваць ракетамі поўнач Ізраіля, а нядаўна ўпершыню абстралялі Тэль-Авіў і яго наваколлі. ЗША і ЕЗ заклікаюць да неадкладнага спынення агню. Ліванская L’Orient-Le Jour разглядае сцэнар наступным чынам.

«Больш няма патрэбы даказваць перакручанасць ультраправага ўрада, які стаіць на чале Ізраіля, і выбухі пэйджараў – таму пацвярджэнне. Слабасць афіцыйнага Лівана ператварае яго ў пераспелы фрукт, які лёгка сарваць, і міжнародная супольнасць – якая ўжо амаль не рэагавала, калі Азербайджан акупаваў Арменію, – не зможа перашкодзіць у гэтым Ізраілю. Мы павінны прызнаць, што Хезбала змагла ўзнікнуць і адужэць дзякуючы праблемам з ідэнтычнасцю і міжканфесійным канфліктам у краіне, якая была занадта слабая для таго, каб заявіць пра сябе ваенным шляхам, і занадта раздробненая, каб яе голас мог быць пачуты ў шумным шматгалоссі нацый», – піша ліванскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя