BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Прыйдзецца паўтарыць

ПіС страціў Падляшскі сеймік. Сі Цзіньпін у Еўропе. Пуцін уступіў на пасаду прэзідэнта ў пяты раз. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Праз пяць гадоў ПіС перастае кіраваць у сейміку Падляшскага ваяводства. І гэта стала мажлівым, дзякуючы двум цяперашнім радным.. ПіС», – піша польская газета Bialystok Wyborcza.

«Падчас аўторкавай (7 траўня) першай сесіі новага склікання Падляшскага сейміку дэпутаты павінны былі займацца выключна выбарам яго старшыні. Аднак аказалася, што прайшлі і выбары маршалка, двух падмаршалкаў і двух членаў ваяводскага праўлення. Перад гэтым сітуацыя была патавая. 15 радных былі абраныя са спісу ПіС, 8 са спісу Грамадзянскай кааліцыі, 6 са спісу Trzecia Droga і 1 з Канфедэрацыі – былы віцэ-маршалак Падляшша Станіслаў Дзерагайла, які сваім галасаваннем часам станавіўся галоўнай фігурай сходу.

Аўторкавыя выбары старшыні Сейму сталі праверкай таго, ці мае асамблея шанцы выжыць, і калі так, то ці ўтрымае там уладу ПіС. У выніку тайнага галасавання старшынём Сейміку быў абраны Цэзары Цеслюкоўскі. За яго было аддадзена 17 галасоў. Гэта азначала, што акрамя Бурноса і Маліноўскага, верагодна, яшчэ нехта з клубу ПіС падтрымліваў Цеслюкоўскага. Тая ж карціна мела месца і выбары Падляшскім маршалкам Лукаша Пракорыма. Пасьля выбараў прысутны на паседжаньні кіраўнік структураў ПіС на Падляшшы, былы міністар дзяржаўных актываў Яцэк Сасін назваў у сацыяльных сетках Веславу Бурнос і Марэка Маліноўскага «здраднікамі», – заўважае польскае выданне.

Лідар Кітая Сі Цзіньпін прыбыў з візітам у Еўропу. У панядзелак ён быў прыняты ў Парыжы, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і старшынёй Еўракамісіі Уршуляй фон дэр Ляен. У аўторак Сі наведаў з візітам Сербію, а пасля прыехаў у Венгрыю. „У Захада проста няма прыдатнай стратэгіі ў адносінах да Кітая”, – мяркуе берлінскі штотыднёвік Der Freitag.

«Нападкі ўяўляюцца дробязнымі, а то і зусім несур’ёзнымі. Сі Цзіньпін не дазваляе сабе дыктаваць, яму чужыя звычкі гегемона, ён не навязвае іншым каноны каштоўнасцяў і не дазваляе сабе ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў – як гэта зараз мае месца ў знешняй палітыцы Германіі, дзе часам ужо даходзіць проста да крайнасцяў. Вось чаму ў Пекіне Захад нярэдка ўспрымаецца як назойлівы і бесцырымонны. Але пры гэтым калі Пекін і ставіць яго на месца, тое робіць ён гэта з нязменным спакоем і ўпэўненасцю. Той факт, што Кітай рэдка паддаецца на правакацыі ў гэтых адносінах, але праяўляе стрыманую суверэннасць, павінен, нарэшце, дайсці да разумення Парыжа, Бруселя або Берліна, дзе яны часам лічаць сябе меркай усіх рэчаў”, – падкрэслівае нямецкае выданне.

У Крамлі адбылася цырымонія інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна на пяты прэзідэнцкі тэрмін. Такім чынам, 71-гадовы Пуцін атрымлівае магчымасць заставацца ля руля чарговыя шэсць гадоў. У сваёй інаўгурацыйнай прамове ён сярод іншага заявіў: «Упэўнены, мы годна пройдзем праз гэты цяжкі, рубежны перыяд, станем яшчэ мацней». Дыпламатычныя прадстаўнікі многіх краін ЕЗ на цырымоніі не прысутнічалі. «Прыйдзецца паўтарыць», – з насмешкай адзначае міланскі каталіцкі веснік Avvenire.

«Трохі Пятра Вялікага, самая драбніца Напалеона. Уладзімір Пуцін заступае на свой пяты – і трэці запар – тэрмін прэзідэнта Расейскай Федэрацыі падчас цырымоніі, якая нагадвае своеасаблівае самакаранаванне на царства. Гэта цар з нязломнай, як здаецца, уладай ва ўласнай краіне. Аднак насамрэч ён планаваў куды больш пампезны акт. Расейская армія змагла некалькі прасунуцца на тэрыторыі Украіны, але ніякіх буйных населеных пунктаў ёй узяць не ўдалося. А значыць, учорашняя прамова паслужыць чарнавіком для гаворкі заўтрашняй, калі цар будзе выступаць на парадзе на Чырвоным пляцы ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – і не зможа абвясціць расейцам ні пра якія значныя навіны», – заўважае італьянскае выданне.

Згодна з уласнымі заявамі, радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС пагадзіўся на пасрэдніцкую прапанову аб спыненні агню ў сектары Газа. Прэм’ер-міністр Ізраіля Нетаньяху, у сваю чаргу, заявіў аб тым, што прапанова ніякім чынам не адпавядае патрабаванням Ізраіля. Тым не менш, ён гатовы накіраваць высокапастаўленую дэлегацыю для перамоваў у Егіпет. Наступ на Рафах тым часам пачаўся, ізраільскае войска на дадзены момант ужо кантралюе асобныя раёны горада і палестынскі бок аднайменнага памежнага пераходу. Лонданская The Guardian наракае на тое, што адміністрацыя Байдэна не дае дакладнага адпору дзеянням Ізраіля.

«ЗША – самы ўплывовы вонкавы бок у канфлікце – працягвае дзейнічаць занадта асцярожна – і перш за ўсё ў тым, што тычыцца інтарэсаў Ізраіля. Празмерная асцярожнасць – адметная рыса прэзідэнцтва Джо Байдэна. Яго нежаданне пайсці на рызыку канфрантацыі з Расеяй пасля двух гадоў з пачатку пуцінскага ўварвання прывяло Украіну на грань паражэння. Сапраўды гэтак жа нежаданне Байдэна правесці цвёрдую гутарку з Нетаньяху з нагоды Газы шмат у чым паспрыяла пагаршэнню катастрофы – і страты самім Байдэнам падтрымкі сярод амерыканскіх выбаршчыкаў», – піша брытанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя