Лукашэнка даў інтэрв’ю блогеру, у якога 2 млн падпісчыкаў на платформе Х. Сыравінная здзелка паміж ЗША і Украінай: у чым сутнасць? Месца Еўропы ў перафарматаваным свеце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Лукашэнка 27 лютага сустрэўся з Марыё Наўфалу. Яго прадставілі як амерыканскага блогера ліванскага паходжання, у якога 2 млн падпісчыкаў у сацсетцы Х (былы Twitter). На сваім сайце Наўфалу паказвае, што ён валодае дзясяткам кампаній і інвесціруе ў стартапы, а ў якасці хобі займаецца бачатай. Раней ён браў інтэрв’ю ў прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіца, экс-прэзідэнта Бразіліі Жаіра Болсанару, былога прэм’ер-міністра Пакістана Імрана Хана. Пастамі Науфалу ў Х часта дзеліцца Ілон Маск», – паведамляе DW.
«У інтэрв’ю Лукашэнка анансаваў хуткую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным і пачаў разважаць аб свеце, рэдказямельных металах і еўрапейскіх міратворцах ва Украіне. На думку Лукашэнкі, Расея “ніколі не пагодзіцца” на накіраванне еўрапейскіх міратворчых сіл ва Украіну. Ён таксама закрануў тэму магчымай здзелкі па рэдказямельных металах паміж ЗША і Украінай. Паводле яго слоў, ён нібыта абмяркоўваў гэтае пытанне з Пуціным і “выклаў сваю пазіцыю”: “амерыканцы б’юцца ў адчыненыя дзверы, гэта ёсць усё ў Расеі, мы можам з імі дамовіцца і працаваць”, – заявіў Лукашэнка. Сустрэча Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага, падчас якой могуць заключыць пагадненне аб доступе ЗША да рэдказямельных металаў ва Украіне, запланавана на 28 лютага ў Вашынгтоне», – нагадвае DW.
Украіна і Злучаныя Штаты збіраюцца падпісаць рамачнае пагадненне аб здабычы сыравіны. Яно прадугледжвае сумесную распрацоўку і экспарт украінскіх карысных выкапняў, такіх як нафта, газ, уран, вугаль і рэдказямельныя металы. Па словах Уладзіміра Зяленскага, які адпраўляецца ў гэтую пятніцу ў Вашынгтон, здзелка не ўключае гарантый бяспекі з боку ЗША. СМІ выказваюць крытыку наконт дамоўленасці. На думку Salzburger Nachrichten, Украіне не пазбегнуць падпісання здзелкі на дрэнных для сябе ўмовах.
«Гэта цынічная здзелка. Усе дзеянні Дональда Трампа накіраваны на тое, каб атрымаць выгаду для Злучаных Штатаў або нашкодзіць Кітаю, а лепш за ўсё – і тое, і іншае. Для Украіны гэтая здзелка – жэст роспачы. У яе проста няма выбару. Без падтрымкі ЗША Украіна асуджаная. У праекце здзелкі адсутнічаюць гарантыі бяспекі, якіх патрабаваў Зяленскі, здзелка пазбаўляе Кіеў сродкаў на аднаўленне краіны ў будучыні. Адзінае, што там ёсць, – гэта шанец на тое, што амерыканцы ‘не саскочуць’, ды і гэта – толькі надзея», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.
Нядаўняе галасаванне ў Радзе Бяспекі ААН, выступ віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Вэнса на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы і рашэнне замарозіць значную частку праграм па супрацоўніцтве ў мэтах развіцця – у наяўнасці ўсё больш сведчанняў таго, што Злучаныя Штаты і прэзідэнт Трамп у корані змяняюць сваю міжнародную палітыку. Аглядальнікі разважаюць аб наступствах гэтых перамен для Еўропы. «У некаторых рэгіёнах планеты Еўропа павінна замяніць Злучаныя Штаты», – лічыць будапешцкі штотыднёвік hvg.
«Амерыка Трампа больш не хоча быць лепшай і гаднейшай за Расею ці Кітай. Тое, што карпатліва выбудоўвалася ў мінулыя гады, зараз знаходзіцца пад пагрозай. Тамака, дзе ЗША сыходзяць з арэны, вакуум імкнуцца запоўніць іншыя дзяржавы. У тых месцах, якім павязе больш за іншых, гэта будзе Еўразвяз – калі ён, вядома, на працягу года зможа сабрацца з сіламі – і ўсвядоміць, што ён павінен замяніць сабой як Агенцтва ЗША па міжнароднаму развіццю (USAID), так і ЦРУ з ФБР. У адваротным выпадку ў гэтыя рэгіёны прыйдуць Кітай і Расея – і возьмуць усё, што змогуць панесці. Якім чынам усё гэта павінна спрыяць велічы Амерыкі, Трамп і сам не ў курсе», – адзначае венгерскае выданне.
Спрэчка вакол адмены вынікаў першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі працягваецца. Правы папуліст Кэлін Джорджэску, які атрымаў большасць галасоў, быў узяты пад варту, і падчас допыту яму прыйшлося даць адказы на шэраг пытанняў. Палітыку ставяцца ў віну парушэнні, учыненыя падчас перадвыбарнай кампаніі, спроба звяржэння канстытуцыйнага парадку, а таксама сувязі з расейскай наёмніцкай групоўкай “Вагнер”. Румынская служба радыёстанцыі Deutsche Welle здзіўляецца таму, што абвінавачанні былі вылучаны толькі зараз.
«Цэлы шэраг прыкмет дазваляе выказаць здагадку, што румынскім праваахоўным органам было ўсё вядома аб сувязях экстрэмісцкага кандыдата ў прэзідэнты з падручнымі Гарацыя Патры. Сувязі Джарджэску з Расеяй таксама былі вядомыя. Румынскія спецслужбы былі ў курсе ўсяго, у тым ліку і планаванага звяржэння канстытуцыйнага парадку, якое зараз ставіць у віну Джарджеску пракуратура. Іншымі словамі: Кэлін Джорджэску абвінавачваецца ў падрыхтоўцы путчу. Чаму ж айчынныя спецслужбы нічога не казалі пра гэта да таго, як былі ануляваныя вынікі першага тура выбараў? Пытанне застаецца без адказу», – канстатуе румынская служба радыёстанцыі Deutsche Welle.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






