Польскі прэм’ер заклікае ўвесці новыя санкцыі ЕЗ у дачыненні да сельгаспрадукцыі з Расеі і Беларусі. ЕЗ размарозіў сродкі для Польшчы. Байдэн і Трамп выходзяць на фінішную прамую. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«На фоне пратэсту фермераў Дональд Туск заяўляе, што будзе прасіць спікера парламента паставіць на галасаванне рэзалюцыю з заклікам да Еўракамісіі ўвесці санкцыі ў дачыненні да сельскагаспадарчай прадукцыі з Расеі і Беларусі», – піша турэцкая газета Anadolu Agency.
«Гаворка ідзе як пра тое, каб санкцыі, звязаныя з нападам Расеі на Украіну, сталі больш рэалістычнымі, так і пра саўдзел Беларусі ў гэтым нападзе, але і пра больш эфектыўную абарону еўрапейскага, польскага і літоўскага сельскагаспадарчых рынкаў. Нядаўна Латвія ўвяла эмбарга на прадукцыю з Расеі і Беларусі, першай з краін ЕЗ, якая зрабіла гэта. Пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году ЕЗ увёў супраць Расеі санкцыі, але харчовыя тавары былі выключаныя. Візіт Туска ў Вільню супаў з пратэстам фермераў на польска-літоўскай мяжы ў Будзісках. Аграрыі, якія пратэстуюць на мяжы, мяркуюць, што ўкраінскае збожжа ідзе ў Літву, а пасля змены дакументаў вяртаецца ў Польшчу як прадукт ЕЗ. У Вільні гэтыя абвінавачанні адмаўляюць. Фермеры, якія пратэстуюць у Польшчы, патрабуюць адмовіцца ад «Зялёнай здзелкі» ЕЗ і закрыць мяжу з Украінай, каб прадухіліць імпарт танных прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі на польскі рынак», – нагадвае турэцкае выданне.
Еўракамісія прыняла рашэнне размарозіць 137 мільярдаў еўра, прызначаных для Польшчы. Гэты крок камісія абгрунтавала тым, што ўрад у Варшаве пачаў праводзіць неабходныя рэформы і зрабіў важныя крокі для аднаўлення незалежнасці юстыцыі Цяпер слова за дзяржавамі Еўразвязу – яны павінны падтрымаць рашэнне Бруселя. «Еўракамісія выдае кабінету Туска вельмі шчодры крэдыт даверу», – адзначае нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«У спрэчцы аб вяршэнстве права яна вылучыла-такі 137 мільярдаў еўра, хаця пакуль што атрымала толькі палітычныя запэўніванні ў тым, што рэформы, якіх яна патрабуе, будуць рэалізаваныя. Перспектыва таго, што змена ўлады ў Варшаве ў хуткім часе знойдзе сваё адлюстраванне і ў заканадаўстве, не такая вялікая, і ў першую чаргу гэта тычыцца судовай сістэмы. У ЕЗ на працягу многіх гадоў гучалі аргументы пра тое, што санкцыйная працэдура, нацэленая на аднаўленне вяршэнства права, служыць аб’ектыўнай абароне еўрапейскага бюджэту – і ніяк не звязана з партыйнай палітыкай. Аднак калі ў дачыненні да польскага правячага кабінета, станоўча настроенага ў адносінах да ЕЗ, пачынаюць прымяняцца не тыя меркі, што да яго папярэднікаў, якія змагаліся з ‘Брусэлем’, то ўзнікае адваротнае ўражанне», – піша нямецкае выданне.
Па выніках праймерыз у 15 штатах Дональд Трамп і Джо Байдэн значна ўмацавалі свае пазіцыі ў якасці кандыдатаў на вылучэнне ў прэзідэнты ад сваіх партый. Сярод рэспубліканцаў у гонцы пакуль яшчэ застаецца Мікі Хэйлі, але яна значна адстае ад Трампа. У мінулы «супераўторак» ёй удалося з невялікай перавагай атрымаць перамогу толькі ў штаце Вермонт. Сярод дэмакратаў упэўнена лідзіруе дзейны прэзідэнт Байдэн. «Добрыя паказчыкі ў эканоміцы не адыгрываюць вялікай ролі падчас выбарчай кампаніі», – канстатуе парыжскі эканамічны веснік Les Echos.
«У ЗША больш няма беспрацоўя, фондавыя рынкі растуць, заробкі павялічваюцца, а многія фірмы зноў будуюць заводы. Але нішто з гэтага, здаецца, не пераконвае выбаршчыкаў: значная частка з іх (60 працэнтаў!) не ўхваляе эканамічныя вынікі прэзідэнцтва Байдэна і лічыць, што Дональд Трамп хутчэй зможа забяспечыць краіне эканамічны росквіт. Напярэдадні «супераўторка» гэта ўсё кажа пра актуальныя тэндэнцыі ў ЗША. Усё гэта павінна паслужыць перасцярогай і для нашых уладаў, у тым ліку для Эмануэля Макрона, які заўсёды ўзнімаў эканоміку як індыкатар правільнасці сваіх дзеянняў», – адзначае французскае выданне.
Еўракамісія прадставіла стратэгію развіцця абароннага сектара ЕЗ і адпаведны законапраект. На гэтыя мэты плануецца выдаткаваць 1,5 мільярда еўра. Да канца бягучага дзесяцігоддзя 50 працэнтаў сродкаў, што выдзяляюцца Еўразвязам на вытворчасць узбраенняў і боепрыпасаў, павінны будуць пайсці самім еўрапейскім вытворцам. Для параўнання: зараз гэты паказчык складае 20 працэнтаў. Плануецца таксама пашырыць аб’ём закупак, якія ажыццяўляюцца не асобнымі краінамі ЕЗ, а на агульнаеўрапейскім узроўні. «Толькі стратэгічныя дзеянні, арыентаваныя на будучыню, здольныя апярэдзіць пагрозу Еўрасаюзу», – такімі словамі заграбская газета Večernji list вітае ініцыятыву Бруселя.
«Вайна Расеі ва Украіне паказвае, што войны выйграюцца не толькі за кошт узбраення, падрыхтоўкі і матывацыі войска, не толькі за кошт добрай мэты, але і дзякуючы пісьменнай лагістыцы, запасам зброі і боепрыпасаў, а таксама магутнасці ваенна-прамысловага комплексу. Справа ў тым, што калі запасы вычэрпваюцца, вайна перарастае ў канфлікт паміж абароннымі сектарамі супрацьлеглых бакоў. Уласна, такая логіка і стаіць за гэтым крокам ЕЗ: фінансаваць развіццё патэнцыялу ваеннай прамысловасці ў Еўропе, паколькі гэта – інвестыцыя ў бяспеку, але таксама і ў працоўныя месцы ў краінах ЕЗ», – піша венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






