BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Рацыя ў выбары

Ні Пашынян, ні афіцыйныя асобы Арменіі не будуць наведваць Беларусь, пакуль Лукашэнка прэзідэнт. ЕЗ мае намер увесці мытныя пошліны на электрамабілі з Кітая. Якія шанцы фон дэр Ляйен на перавыбранне? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Ані прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, ані афіцыйны прадстаўнік Рэспублікі Арменія не будуць наведваць Беларусь, пакуль прэзідэнтам з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка», – цытуе словы прэм’ер-міністра Арменіі Ніколы Пашыняна падчас выступу ў парламенце армянскае выданне Armenpress.

“Адзін з кіраўнікоў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны, натхняў, верыў і жадаў перамогі Азербайджана. Ці варта пасля гэтага ехаць і сесці з Лукашэнкам у фармаце АДКБ і абмеркаваць нейкая праблема?” — прамовіў Пашынян. Пры гэтым ён адзначыў, што ў пэўным сэнсе гэта трэба будзе зрабіць у ЕАЭС і СНД. «Запісваю, што ніколі не паеду ў Беларусь, таму што там прэзідэнтам з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. Заяўляю, што на дадзены момант ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў Арменіі ўвогуле не прыедзе ў Беларусь», – прыводзіць поўную прамову прэм’ер-міністра армянскае выданне.

Еўракамісія збіраецца ўвесці мытныя пошліны на імпарт кітайскіх электрамабіляў з 1 ліпеня гэтага года, – калі не будзе знойдзена іншае рашэнне падчас перамоваў з Пекінам. Так, у залежнасці ад вытворцы, пошліны плануецца падняць да 38,1 працэнта. Па задуме Бруселя, такая мера перашкодзіць напаўненню еўрапейскага рынку электрамабілямі з Кітая на танных субсідыях. Гэтым крокам Еўразвяз ідзе па шляху Злучаных Штатаў, якія ўжо спаганяюць увазныя пошліны ў памеры 100 працэнтаў. Пекін адрэагаваў абурэннем. Па меркаванні Frankfurter Rundschau, гэты крок не пазбаўлены рызыкі.

«Еўропа згарнула на небяспечную дарожку. Тое, што ў еўрапейскіх сталіцах называюць «адпаведным» адказам, выклікае абурэнне ў Пекіне. Існуе немалая рызыка таго, што Кітай выступіць з пошлінамі ў адказ. Разам з гэтым узрастаюць і рызыкі тарыфнай вайны паміж другой і трэцяй па велічыні эканамічнымі зонамі свету. А аплачваць гэтыя спецыяльныя пошліны давядзецца спажыўцам, прычым ужо ў самым хуткім часе, бо прынамсі частка гэтых пошлін, хутчэй за ўсё, будзе перакладзена на іх плечы. У той жа самы час ціск на еўрапейскіх вытворцаў з патрабаваннем вываду на рынак больш танных і лепшых электрамабіляў зніжаецца», – адзначае нямецкае выданне.

Еўрапейская народная партыя (ЕНП) Уршулі фон дэр Ляен застаецца наймацнейшай фракцыяй у новым складзе Еўрапарламента і разам са сваімі традыцыйнымі сацыял-дэмакратычнымі і ліберальнымі партнёрамі захоўвае за сабой большасць, нягледзячы на ўсе страты. Тым не менш, як падкрэслівае еўрапейская прэса, няма ніякіх гарантый таго, што Уршуля фон дэр Ляен будзе зацверджана на другі тэрмін на пасадзе старшыні Еўракамісіі. «Нягледзячы на заяву аб перамозе ЕНП перавыбранне фон дэр Ляен зусім не гарантавана», – адзначае заграбская газета Jutarnji list.

«Перад ёй яшчэ дзве перашкоды: ёй трэба заручыцца згодай Еўрапейскай рады і атрымаць зялёнае святло ад Еўрапейскага парламента. Калі Францыя, Італія і Германія пагодзяцца падтрымаць кандыдатуру фон дэр  Ляен, то ў Еўрапейскай радзе праблем быць ужо не павінна. Дарэчы, якая сітуацыя ў парламенце? Яна не з найлепшых. Калі зірнуць толькі на лічбы, дык правячая кааліцыя мае ў сваім распараджэнні 398 галасоў. Аднак адбярыце ад гэтай колькасці дзясятую частку: менавіта такі працэнт дэпутатаў у сярэднім не прытрымліваецца партыйнай ці фракцыйнай дысцыпліны ў сілу ўнутраных ідэалагічных рознагалоссяў. І ў такім выпадку становішча фон дэр Ляен не такое ўжо і вясёлкавае», – піша харвацкае выданне.

На выбарах у Бельгіі перамогу атрымалі фламандскія нацыяналісты з партыі Новы фламандскі альянс, які выступаюць за пашырэнне аўтаноміі Фландрыі. На другое месца выйшла праварадыкальная партыя Фламандскі інтарэс. Партыя Адкрытыя фламандскія лібералы і дэмакраты страціла па выніках выбараў значную колькасць галасоў, у выніку чаго Аляксандр дэ Кро падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра. Цяпер за фармаванне ўрадавай кааліцыі возьмецца лідар Новага фламандскага альянсу Барт дэ Вевер. «Выбаршчыкі прагнуць карэнных перамен», – канстатуе брусельская La Libre Belgique.

«Да выбаршчыкаў нарэшце дайшло, што летаргія далей працягвацца не можа. Статус-кво штурхае нашыя рэгіёны на самае дно сацыяльна-эканамічнага рэйтынгу Еўропы. А пасыл выбаршчыкаў ясны. Той факт, што яны ўсыпалі левым яе след, сведчыць аб жаданні фундаментальных сацыяльна-эканамічных рэформаў. У лібералаў і правацэнтрыстаў ёсць унікальная магчымасць падвесці рысу пад памылкамі мінулага, і яны павінны аператыўна скарыстацца гэтым шанцам!», – адзначае бельгійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Фота: centralasia.media