Лукашэнка заявіў, што напружанне на мяжы знікла. Захад нарэшце дазволіў Украіне наносіць зваротныя ўдары па Расеі. АдГ стварае фракцыю ў Еўрапарламенце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Лукашэнка, блізкі саюзнік лідара Крамля Уладзіміра Пуціна, заявіў у суботу, што напружанасць на мяжы яго краіны з Украінай сціхла і дадатковыя войскі, размешчаныя там, вяртаюцца на свае базы», – перадае CNN.
«Міністэрства абароны Беларусі заявіла ў канцы мінулага месяца, што яно ўмацоўвае сваю мяжу пасля інцыдэнту з бяспекай і ў адказ на нарошчванне ўкраінскіх войскаў. Па іх словах, для праверкі іх баявой гатоўнасці быў разгорнуты дывізіён рэактыўных сістэм залпавага агню. Лукашэнка, якога цытуе афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БелТА падчас паездкі па памежным рэгіёне, заявіў, што беларуская разведка ўстанавіла, што Украіна вывела войскі з адчувальных раёнаў. Прэс-сакратар памежнай службы Украіны ў заяве, апублікаванай у інтэрнэце, адхіліў думку аб дадатковым разгортванні.
Расія назвала беларускія заявы і разгортванне «падставай для турботы». Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года, абапіраўся на запэўніванні Пуціна ў падтрымцы ў падаўленні беспрэцэдэнтных масавых пратэстаў у 2020 годзе дэманстрантаў, якія сцвярджалі, што ён сфальсіфікаваў сваё пераабранне на шосты тэрмін. Абодва сустракаюцца рэгулярна, і ў мінулым годзе Расія размясціла ў Беларусі тактычную ядзерную зброю», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
«Расейскія вайскоўцы больш не могуць адчуваць беспакаранасць і бяспеку. Захад нарэшце дазволіў Украіне наносіць зваротныя ўдары па РФ – і гэта спрацавала», – падкрэслівае ўкраінскае выданне Unian. – «Нядаўна прадстаўлены Злучанымі Штатамі і іншымі саюзнікамі дазвол на выкарыстанне заходніх узбраенняў для нанясення ўдараў усярэдзіне Расіі мела велізарны ўплыў. Старэйшы афіцэр Службы бяспекі Украіны з пазыўным “Банкір” паведаміў, што ён і яго падначаленыя “знішчылі мэты ўнутры Расіі, што дало магчымасць правесці некалькі паспяховых контрнаступленняў“.
Выданне адзначае, што пасля многіх месяцаў адставання з-за недахопу боепрыпасаў і жывой сілы, Кіеў нарэшце можа ў поўнай меры скарыстацца заходняй ваеннай дапамогай, якая пачала паступаць у краіну ў мінулым месяцы пасля шматмесячных затрымак. Салдаты на перадавой кажуць, што пастаўкі пачынаюць мяняць сітуацыю да лепшага – асабліва ўлічваючы тое, што зараз яны могуць выкарыстоўваць арсенал для нанясення ўдараў праз мяжу. СМІ адзначае, што магчымасць паўторнай акупацыі Расеяй часткі Харкаўскай вобласці пераканала некаторых ключавых саюзнікаў Украіны, у тым ліку ЗША, зняць абмежаванні. Гэта дазволіла Кіеву нанесці ўдар і знішчыць ці сур’ёзна пашкодзіць ключавыя аб’екты на тэрыторыі Расеі. «Украіна пачала наносіць удары HIMARS па мэтам у Белгарадскай вобласці і прымусіла расейцаў адсунуць свае сістэмы С-300, з якіх яны наносілі ўдары па Харкаву, значна далей, так што зараз Харкаў знаходзіцца па-за зонай дасяжнасці расейскіх сістэм С-300», – піша ўкраінскае выданне.
Пасля выключэння з парламенцкай фракцыі Ідэнтычнасць і дэмакратыя дэпутаты ад АдГ засталіся без усялякай фракцыйнай прыналежнасці ў Еўрапарламенце. Буйныя еўрапейскія правыя партыі таксама не захацелі працаваць з немцамі ў новым складзе парламента. Цяпер, мяркуючы па ўсім, 14 членаў АдГ (у іх лік не ўвайшоў Максіміліян Кра ) аб’ядноўваюць намаганні з адзінаццаццю іншымі еўрапарламентарыямі з сямі краін, з тым каб сфарміраваць новую фракцыю пад назвай «Суверэнныя нацыі Еўропы”. Канфедэрацыя – польская партыя нацыяналістычнага кшталту – перажывае раскол: адны еўрадэпутаты далучыліся да новай фракцыі, а іншыя – не. Варшаўская Rzeczpospolita каментуе сітуацыю.
«У шмат якіх адносінах праграма АдГ цалкам супярэчыць інтарэсам Польшчы. Нельга пераследаваць польскія інтарэсы, супрацоўнічаючы з партыяй, якая ім супярэчыць. Дарэчы, у чым менавіта? Па-першае, палітыкі ад АдГ часам ставяць пад сумнеў непарушнасць мяжы па Одэру-Нэйсе, якая з’яўляецца абсалютнай асновай польскага суверэнітэту. Акрамя таго, АдГ таксама з’яўляецца адкрыта прарасейскай партыяй. Яна прапаведуе культ нямецкага нацыяналізму і ў той жа самы час ‘з разуменнем’ ставіцца да рускага імперыялізму – для Польшчы гэта горшае з магчымых спалучэнняў!», – наракае польскае выданне.
Сусветныя лідэры асудзілі суботні замах на Дональда Трампа на мітынгу ў Пенсільваніі, падчас якога былы прэзідэнт атрымаў агнястрэльнае раненне вуха. Стралком аказаўся 20-гадовы Томас Крукс з Бэтэл-Парку штата Пэнсыльванія, які страляў з вінтоўкі тыпу AR (ArmaLite) з адлегласці ў 137 м. Ён паспеў зрабіць каля 10 стрэлаў, у выніку чаго загінуў адзін чалавек і двое былі параненыя. Сам Крукс быў застрэлены на месцы. Трамп стаў другім пасля Тэадора Рузвельта былым прэзідэнтам ЗША і адначасова кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы, у якога стралялі. „Стральба на мітынгу Трампа пераварочвае прэзідэнцкую кампанію з ног на галаву. Трамп часта пачуваецца найболей камфортна – і найболей эфектыўна – калі гуляе адначасова роля і пакутніка, і ахвяры, і суботняя стральба, натуральна, вяртае яго да гэтай ролі», – адзначае The Wall Street Journal.
„Суботнія падзеі адзначылі, мабыць, самы маштабны крызіс у сферы бяспекі для Сакрэтнай службы з таго часу, як у 1981 г. Джон Хінклі-малодшы стрэліў у прэзідэнта Рональда Рэйгана, які выходзіў з вашынгтонскага гатэля «Хілтан». Рэйган правёў 12 дзён у бальніцы пасля ранення ў падпаху. Цяпер увага будзе прыкавана да Кімберлі Чытл, дырэктара Сакрэтнай службы, ветэрана агенцтва, якая апынулася ў руля ў 2022 г. пасля неспакойнага перыяду, калі агенцтва сутыкнулася з абвінавачваннямі, звязанымі з апрацоўкай запісаў тэлефонных размоваў пасля нападу на Капітолій 6 студзеня 2021 года», – нагадвае амерыканскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






