- Літва, Латвія і Эстонія пацвердзілі гатовасць адлучыцца ад энергасістэм Беларусі і РФ
- Орбан з «міратворчай місіяй» у Пекіне
- Аўстрыя: што патрэбна для паспяховай інтэграцыі?

«Латвія, Літва і Эстонія ў бліжэйшыя тыдні паведамяць Беларусі і Расеі аб выхадзе з адзінай энергетычнай сістэмы БРЭЛЛ. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўнікоў энергетычных ведамстваў трох краін, якая апублікавана на сайце Мінэнерга Літвы», – перадае DW.
«Краіны Балтыі поўнасцю гатовы да сінхранізацыі з кантынентальнай еўрапейскай электрасеткай у лютым наступнага года, таму ў хуткім часе беларускія і расейскія ўлады будуць праінфармаваны аб рашэнні не прадаўжаць дагавор, зазначаецца ў заяве. Энергакольца БРЭЛЛ звязвае разам энергасістэмы краін Балтыі, Расеі і Беларусі, дазваляючы згладжваць скокі напружання ў сетцы, абменьвацца электраэнергіяй і падтрымліваць адзін аднаго рэзервамі ў выпадку аварыйных сітуацый. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ўлады краін Балтыі вырашылі выйсці з гэтай сістэмы», – перадае DW.
Пасля візітаў у Кіеў і Маскву прэм’ер-міністр Венгрыі, якая цяпер старшынюе ў Савеце ЕЗ, накіраваўся ў Пекін. Падчас гэтай паездкі, якую ён сам назваў «міратворчай місіяй 3.0», Орбан сустрэўся з лідарам КНР Сі Цзіньпінам. Той выказаўся за спыненне агню ва Украіне і пачатак перамоваў. «Старшынства Венгрыі ў Радзе ЕЗ варта сурʼёзна абмежаваць», – патрабуе стакгольмская Dagens Nyheter.
«Пад прыкрыццём «дыялогу» Орбан спрабуе стварыць уражанне, быццам Еўропа зацікаўлена ў мірных перамовах з Расеяй, а Еўразвяз расколаты па ўкраінскім пытанні. Той факт, што Віктар Орбан будзе вызначаць парадак дня на працягу свайго шасцімесячнага тэрміну на пасадзе старшыні Савета ЕЗ і, такім чынам, у стане заварушыць і адкладаць дыскусіі па Украіне – ужо дастаткова дрэнна. Нельга зачыняць вочы на яго паездкі да тыранаў. Надышоў час разгледзець магчымасць датэрміновага спынення старшынства Венгрыі ў Савеце ЕЗ, якое літаральна толькі што стартавала, – ці, прынамсі, істотна абмежаваць яго паўнамоцтвы», – адзначае шведскае выданне.
У Аўстрыі вылілася дыскусія па пытаннях міграцыйнай палітыкі і інтэграцыі мігрантаў. Гэта здарылася пасля таго, як у Вене з розніцай некалькі дзён адбыліся масавая бойка і панажоўшчына. Па папярэдніх дадзеных, злачынцы арганізаваліся ў банды па прынцыпе краін паходжання. «Розныя палітычныя лагеры абавязаны згуртавацца для таго, каб вырашыць праблему», – патрабуе венская Die Presse.
«Першая трэшчына мела месца ў выніку міграцыйнага крызісу ў 2015 годзе. З таго часу інтэграцыя ўскладняецца ўжо з-за адной толькі колькасці мігрантаў. Доўгі час тое, што адбывалася, суправаджалася своеасаблівым сацыяльным рамантызмам, які насаджваўся з левага флангу. Але як тады, так і зараз, мы назіраем барацьбу за зоны ўплыву – гэта значыць паркі і вуліцы, а таксама культ гонару, этнічнай прыналежнасці і сілы. Рэальныя ўзоры для пераймання – гангстары – члены кланаў, якія разбагацелі ў іншых краінах, а выдуманыя героі са свету кіно і музыкі толькі дапаўняюць гэтую карціну. Розным палітычным лагерам ужо даўно трэба было б знайсці агульны назоўнік па гэтым пытанні. Іншымі словамі: левым трэба спыніць адмаўляць наяўнасць праблем, а правым не варта раздзімаць іх маштаб», – піша аўстрыйскае выданне.
Саміт НАТА ў Вашынгтоне паабяцаў Украіне далейшую падтрымку ў яе барацьбе супраць Расеі. На працягу наступнага года Кіеў павінен атрымаць ваенную дапамогу на суму 40 мільярдаў еўра, у тым ліку дадатковыя сістэмы СПА і знішчальнікі F-16. Frankfurter Allgemeine Zeitung лічыць стан абароннага альянсу вельмі далікатным.
«Патэнцыял, які стрымлівае НАТА і выжыванне Украіны істотна залежаць ад аднаго адзінага чалавека, які толькі што сам пагоршыў свае шанцы на перамогу ў выбарах. Прынцып, паводле якога НАТА будзе абараняць кожны сантыметр тэрыторыі краін-сябраў супольнасці, як нядаўна ізноў заявіў Байдэн, дзейнічае без абмежаванняў толькі ў тым выпадку, калі Белы дом застанецца ў дэмакратаў. Тое, што лёс Еўропы залежыць ад зыходу прэзідэнцкіх выбараў у ЗША – сапраўды сумна. Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе ў Еўропы было дастаткова часу для нарошчвання ўзбраенняў. А цяпер ужо занадта позна, і на сённяшні дзень трэць усіх краін-членаў НАТА не дасягае мэты ў два працэнты ВУП на абарону. Байдэн спадзяецца на Ўсявышняга, ды і еўрапейцам падобна нічога іншага не застаецца», – адзначае нямецкае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






