Польшча — аб’ект нумар адзін для паражэння ядзернай зброяй”? Напярэдадні выбараў у Еўрапарламент: Ле Пэн парвала з АдГ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Польшча — «аб’ект нумар адзін для паражэння ядзернай зброяй», – заявіў намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба Узброеных сіл Ваеннай акадэміі Андрэй Багадэль у эфіры Першага нацыянальнага канала беларускага радыё 23 траўня.
«У якасці аргументаў Багадэль прывёў размяшчэнне ў польскім Рэдзікава (Паморскае ваяводства) базы супрацьракетнай абароны ЗША, які з’яўляецца “аб’ектам падвойнага прызначэння”. “У радыусе паражэння аказваецца не толькі Беларусь, але і еўрапейская частка Расейскай Федэрацыі, уключаючы такія гарады як, напрыклад, Масква і Санкт-Пецярбург. Багадэль выказаў меркаванне, што размяшчэнне кантынгентаў ЗША на тэрыторыі Польшчы сведчыць пра тое, што гэтай краіне будзе адводзіцца нейкая “вельмі важная роля ў будучым светаўладкаванні” Еўропы. Багадэль лічыць, што мэта ЗША – уцягнуць Расею ў “вайну доўгую”. Паводле яго слоў, гэта адбываецца з мэтай “стратэгічнай паразы Расеі ў палітычных, эканамічных і ментальных сферах”.
Але прааналізаваўшы рыторыку прадстаўнікоў рэжымаў у Маскве і Менску, можна сцвярджаць, што ні Расея, ні Беларусь не імкнуцца да ядзернай эскалацыі, прымяненне імі ядзернай зброі застаецца малаверагодным», – падсумоўвае выданне Амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
„Уладзімір Пуцін гатовы спыніць вайну ва Украіне шляхам перамоваў пра спыненне агню, якія зафіксуюць цяперашняе становішча бакоў на лініі фронту», – пра гэта Reuters расказалі высокапастаўленыя крыніцы з расейскіх палітычных і бізнес-колаў, якія працавалі або працуюць з прэзідэнтам Расеі.
«Па словах суразмоўцаў агенцтва, калі Кіеў і Захад не адкажуць на прапанову расейскага прэзідэнта, Пуцін гатовы працягнуць вайну. Тры крыніцы, знаёмыя з дыскусіямі ў атачэнні прэзідэнта, паведамілі, што Пуцін «выказаў расчараванне» невялікай групе сваіх дарадцаў у тым, што, на яго думку, Захад спрабуе сарваць падобныя перамовы, а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі іх зусім не прымае. Пуцін можа ваяваць столькі, колькі спатрэбіцца, але Пуцін таксама гатовы да спынення агню – каб замарозіць вайну. Пуцін лічыць, што ўжо дасягнутых поспехаў у вайне дастаткова, каб «прадаць» перамогу расейскаму народу, заявілі два суразмоўцы Reuters. Па словах траіх крыніц, Пуцін разумее, што любое новае прасоўванне наперад на фронце запатрабуе яшчэ адной хвалі мабілізацыі, якую ён не хацеў бы праводзіць. Адзін з суразмоўцаў агенцтва сцвярджае, што абвешчаная ў верасні 2022 года мабілізацыя абрынула ўзровень папулярнасці Пуціна сярод расейцаў», – перадае інфармацыйнае агенцтва.
У аўторак лідар французскай партыі Нацыянальнае аб’яднанне Марын Ле Пэн аб’явіла пра спыненне супрацоўніцтва з нямецкай партыяй Альтэрнатыва для Германіі. Раскол намеціўся ўжо даўно. Адмежавацца ад АдГ імкнецца і італьянская партыя Ліга, якую ўзначальвае Матэа Сальвіні. Падставай паслужылі выказванні члена АдГ Максіміліяна Кра пра войскі СС. Хоць Кра збіраўся было вылучацца ў якасці галоўнага кандыдата ад АдГ на выбарах у Еўрапарламент. «Не варта думаць, што гэты раскол паслабіць пазіцыі еўрапейскіх правых», – піша берлінская taz.
«Раскол у першую чаргу матываваны ўнутранай палітыкай. Напярэдадні выбараў у Еўрапарламент, а тым больш перад прэзідэнцкімі выбарамі 2027 года ў Францыі Ле Пэн жадае паўстаць у вобразе такога ўмеранага палітыка. Расісцкія і рэвізіянісцкія лозунгі ў стылі Кра ў гэтую стратэгію ніяк не ўпісваюцца. Ле Пэн пазбавілася ад непатрэбнага баласта, вось і ўсе справы. Тон задаюць у іншых месцах – у Парыжы, Рыме і Мадрыдзе. У сталіцы Гішпаніі правыя правялі ў мінулыя выходныя вялікую сустрэчу, на якой усё гучна апладзіравалі прэзідэнту Аргенціны Хаўеру Мілею. Новы дэвіз гучыць так: не выходзіць з ЕЗ, а добра пералапаціць яго знутры. Гэта не робіць правых Еўропы менш небяспечнымі – якраз наадварот», – канстатуе нямецкае выданне.
Каля двух гадоў таму Еўразвяз надзяліў Рэспубліку Малдова статусам кандыдата на ўступленне ў свае шэрагі. На снежань гэтага года намечаны і пачатак адпаведных перагавораў. А зараз паміж Еўрасаюзам і Малдовай падпісана пагадненне аб бяспецы і абароне. Аглядальнікі аналізуюць фактары, якія могуць затармазіць – ці, наадварот, паскорыць прыём краіны ў Еўразвяз. «Для пачатку Кішынёў павінен правесці працу над памылкамі», – лічыць Румынская служба Deutsche Welle.
«Дэ-факта перамовы аб уступленні Малдовы ў ЕЗ, хутчэй за ўсё, пачнуцца 25 чэрвеня 2024 года – на саміце Еўрапейскай рады. А да гэтага Кішынёву яшчэ трэба выканаць тое, што ўжо было абяцана: прызначыць новага генеральнага пракурора. Ад гэтага залежыць, ці пачнуцца перамовы Еўрасаюза з Рэспублікай Малдова. Першыя спробы абраць новага генеральнага пракурора праваліліся ў выніку сабатажу карумпаванай сістэмы. У цяперашні час поўным ходам ідзе новы працэс адбору з чатырох прэтэндэнтаў», – перадае Deutsche Welle.
Беларускае Радыё Рацыя