BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Разам лепш?

  • Спрэчная сустрэча Лукашэнкі з украінскімі дзецьмі
  • Алжырскае міграцыйнае піке
  • Доўгатэрміновыя вынікі выбараў у Польшчы і Славакіі

Прысутнасць Лукашэнкі на сустрэчы з дзецьмі, прывезенымі з кантраляваных Расеяй рэгіёнаў Украіны, выклікала абурэнне міжнароднай супольнасці, узмацніўшы заклапочанасць адносна ролі Беларусі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей Масквой», – паведамляе індыйскае выданне Oneindia.

«Лукашэнка прысутнічаў на арганізаванай урадам сустрэчы з дзецьмі, прывезенымі з кантраляваных Расеяй раёнаў Украіны. Мерапрыемства, якое адбылося напярэдадні навагодніх святаў, адзначыла прыбыццё ў Беларусь новай групы ўкраінскіх дзяцей. Выступаючы на мерапрыемстве, Лукашэнка паабяцаў клапаціцца і падтрымліваць украінскіх дзяцей. Ён заявіў: «Мы абдымем гэтых дзяцей, прывязем іх да сябе ў дом, сагрэем іх і зробім іх дзяцінства больш шчаслівым». Аднак беларускія чыноўнікі не раскрываюць дакладную лічбу ўкраінскіх дзяцей, прывезеных у краіну. Нядаўняе даследаванне, праведзенае Ельскім універсітэтам, паказала, што больш за 2400 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў былі прывезены ў Беларусь з чатырох украінскіх рэгіёнаў, часткова акупаваных расейскімі войскамі. Гэтая трывожная выснова падкрэслівае маштабы меркаванай незаконнай перадачы дзяцей. Беларуская апазіцыя ў асобе былога міністра культуры, які стаў апазіцыйным актывістам — Паўлам Латушкам, заклікала Міжнародны крымінальны суд (МУС) прыцягнуць Лукашэнку і яго чыноўнікаў да адказнасці за іх удзел у незаконнай перадачы ўкраінскіх дзяцей. Латушка прадставіў МКС доказы, падкрэсліўшы неабходнасць расследавання гэтых меркаваных злачынстваў», – нагадвае індыйскае выданне.


Напрыканцы кастрычніка ўвесь свет абляцелі фота з Дагестана: маладыя пагромшчыкі шукалі яўрэяў у турбіне самалёта, які прыляцеў з Тэль-Авіва. Пошукі не ўвянчаліся поспехам, а кадры «праславілі» Дагестан і сталі сімвалам варварства і глупства. Гісторыя ў пэўным сэнсе паўтарылася ў парыжскім аэрапорце Арлі. Там у шасі самалёта авіякампаніі Air Algérie з алжырскага Арана знайшлі нелегальна мігранта. «Малады чалавек жывы, у яго пераахаладжэнне арганізма і французскія лекары змагаюцца за яго жыццё», – перадае нямецкая газета Welt.

Па статыстыцы, якая вядзецца з 1947 года, гэта ўжо 133-я спроба выкарыстання шасі ў такіх мэтах. У жывых засталіся толькі 30 чалавек. Пасажыр Air Algérie можа стаць 31-м. Агулам 102 чалавекі загінулі пры спробе нелегальных пералётаў у шасі. Для камерцыйных самалётаў крэйсерская вышыня складае каля дванаццаці кіламетраў. Тэмпература паветра там да мінус 50 градусаў, і на такой вышыні надзвычайны недахоп кіслароду, які можа прывесці да смяротнага зыходу», – папярэджвае нямецкае выданне.


Падводзячы вынікі адыходзячага года, які прайшоў пад знакам вайны і канфліктаў, аглядальнікі разважаюць над тым, якія наступствы чакаюць тыя ці іншыя краіны і свет у цэлым. «У 2023 годзе ў Славакіі і Польшчы прайшлі выбары, якія сталі сведчаннем глыбокага расколу ў супольнасцях абедзвюх краін», – канстатуе пражская газета Deník N.

«Адна частка ўяўляе больш-менш ліберальную палітычную арыентацыю, а другая баіцца перамен і не давярае дэмакратычным інстытутам. У Польшчы на гэты раз на выбарах перамагла першая частка грамадства, а ў Славакіі – другая. Сітуацыя пачынае выглядаць такім чынам, быццам у кожнай з гэтых краін пражываюць два зусім розныя народы – яшчэ не адкрыта варожых, але ўжо чужых адзін аднаму. Як мы ведаем, тое ж самае ў поўнай меры адносіцца і да Чэхіі. Будзе вельмі дрэнна, калі гэтая хвароба перакінецца і на Нямеччыну», – адзначае чэшскае выданне.


Спрэчная здзелка паміж Вялікабрытаніяй і Руандай, зафіксаванае на відэа „выцісканне» мігрантаў на марскіх межах, пагадненне па міграцыі, дасягнутае краінамі ЕЗ незадоўга да Калядаў, а ў дадатак да ўсяго гэтага – навіны пра людзей, якія тонуць у Міжземным моры. «Хутчэй за ўсё, тэма міграцыі будзе вызначальнай і ў 2024 годзе», – піша лонданская газета The Times.

«Легальная і нелегальная міграцыя прыкоўвае да сябе ўвагу палітыкаў, паколькі лічбы толькі растуць. Выбары, якія маюць адбыцца ў надыходзячым годзе па ўсёй Еўропе, мяркуючы па ўсім, скончацца ўзмацненнем пазіцый антымігранцкіх партый. У Вялікабрытаніі кансерватары спадзяюцца на тое, што зрабіўшы ўпор на гэтай тэматыцы, яны здолеюць пераадолець адрыў ад лейбарыстаў, якія ўжо абганяюць іх у рэйтынгах папулярнасці. Рышы Сунак і Джорджыя Мелані адзіныя ў тым, якія перавагі нясе «аўтсорсінг» мігрантаў у краіны, названыя дружалюбнымі і адкрытыя да атрымання значнай грашовай кампенсацыі. Праблема не церпіць адкладання. Калі партыі мэйнстрыму будуць пагардліва пазбягаць няпростых рашэнняў па міграцыйным пытанні, то выйграюць ад гэтага толькі правыя ўльтранацыяналісты», – адзначае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка