BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Разам – сіла

  • Віцэ-спікер Сената Польшчы падтрымаў ідэю адкрыць хаця б адну мытню на мяжы з Беларуссю
  • 20 гадоў пашырэнню Еўразвяза.
  • Ізраіль і ХАМАС на парозе пагаднення?

Віцэ-спікер Сената Польшчы Мацей Жыўна адгукнуўся на прапанову бізнесу адкрыць хаця б яшчэ адну мытню на мяжы з Беларуссю з боку Беластока. Словы Жыўна прыводзяць польскія медыя са спасылкай на агенцтва PAP.
«25 красавіка польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Абʼяднаны ўсход») звярнулася да прадстаўнікоў Сейма з патрабаваннем адкрыць мытні (перш за ўсё «Баброўнікі») на мяжы з Беларуссю. А калі гэтага не будзе зроблена, увесці праграму падтрымкі прыгранічнага бізнесу. Па дадзеных прадпрымальнікаў, турысты, якія прыязджаюць з Беларусі штогод, пакідалі ў Польшчы 124 млн еўра. У такую суму ацэньваюцца страты рэгіянальнага бізнэсу. Рух праз «Кузніцу» быў прыпынены на нявызначаны тэрмін 9 лістапада 2021 года, а праз «Баброўнікі» – 10 лютага 2023 года. Цяпер на мяжы Польшчы і Беларусі засталіся толькі два дзеючыя мытні – для грузавога транспарту «Кукурыкі» (з беларускага боку «Казловічы»), а для легкавога – пункт пропуску «Цярэспаль» (з беларускага боку «Брэст»)», – адзначаюць польскія выданні.


1 мая 2004 года рады Еўразвяза папоўніліся адразу дзесяццю новымі членамі: у яго ўвайшлі Эстонія, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Чэхія, Венгрыя і Кіпр. Як адзначае талінская газета Postimees, сяброўства ў ЕЗ дае Эстоніі нямала пераваг, але і Эстонія, у сваю чаргу, прыносіць карысць Еўразвязу.
«Сёння Еўрапейскі звяз – гэта наша штодзённасць: шмат будавалася і будуецца на еўрапейскія грошы, нашы школьнікі, студэнты і спецыялісты ездзяць у Еўропу для павышэння адукацыйнага ўзроўню. За 20 гадоў Эстонія атрымала ад Еўразвяза каля 20 мільярдаў еўра. Ужо цэлае пакаленне вырасла грамадзянамі Еўрапейскага звяза. Сярод найбольш характэрных ініцыятыў, вылучаных у рамках ЕЗ Эстоніяй – пабудова лічбавага ўнутранага рынку і ўвядзенне еўрапейскага лічбавага пасведчання асобы, а таксама ўмацаванне здольнасці Еўропы да самаабароны і, зразумела, нястомная праца ў дапамогу Украіне», – піша эстонскае выданне.


Судзячы па ўсім, у перамовах паміж Ізраілем і радыкальным ісламісцкім рухам ХАМАС азначыліся зрухі. Паводле дадзеных міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі, Ізраіль выступіў з прапановай аб 40-дзённым спыненні агню; наўзамен ён патрабуе вызваліць ізраільскіх закладнікаў. Магчыма, запланаваны наступ на Рафах усё ж такі ўдасца прадухіліць? «Апошнія падзеі паказалі, што абодва бакі адчуваюць на сабе каласальны ціск», – піша берлінская газета taz.
«ХАМАС мае намер любой цаной прадухіліць ізраільскі наступ на Рафах. А Нетаньяху знаходзіцца пад ціскам адразу з некалькіх бакоў. На міжнародным узроўні, у тым ліку і з боку найважнейшага саюзніка Ізраіля – ЗША, расце ціск з патрабаваннем пагадзіцца на спыненне агню ў абмен на вызваленне закладнікаў. Абумоўлена гэта асцярогамі наконт магчымага распаўсюджвання канфлікту на ўвесь рэгіён. Той факт, што зараз нарэшце пачаліся сурʼёзныя перамовы, таксама зʼяўляецца прыкметай таго, што за апошнія шэсць месяцаў шмат што змянілася – прычым не на карысць ваеннага вырашэння канфлікту. Замест гэтага расце ўсведамленне таго, што палестынскае пытанне патрабуе палітычнага рашэння», – піша нямецкае выданне.


У панядзелак першы міністр урада Шатландыі Хамза Юсаф падаў у адстаўку. На сваёй пасадзе ён пратрымаўся крыху больш за год. Рашэннем аб пакіданні пасады прэмʼера ён апярэдзіў галасаванне аб вотуме недаверу ўрада, які ён напэўна прайграў бы. Раней узначаленая ім Шатландская нацыянальная партыя выйшла з кааліцыі з Зялёнымі па выніках спрэчкі вакол дасягнення кліматычных мэт. «Памылкі і прамашкі мінулых гадоў вярнуліся ШНП бумерангам», – так бачыць сітуацыю лонданская газета The Guardian.
«І прычыны, і наступствы распаду кааліцыі выходзяць далёка за межы пытання аб тым, як змагацца са зменай клімату. ШНП страціла нямала аўтарытэту і па іншых пытаннях палітыкі і кіравання краінай. Яна мела схільнасць прымаць амбіцыйныя законы, не заклапаціўшыся загадзя тым, як іх можна будзе ўвасобіць у жыццё – і тым, як трэба было б падрыхтаваць да гэтага грамадскасць. ШНП занадта часта спрабавала кіраваць так, як быццам Шатландыя – гэта незалежная дзяржава, а вінаватай ва ўсіх бедах зʼяўляецца Злучанае Каралеўства. І ўсё гэта замест таго, каб засяродзіцца на эфектыўным і празрыстым кіраванні – у першую чаргу ў такіх галінах, як будаўніцтва жылля, ахова здароўя, адукацыя і праца паліцыі», – наракае брытанскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя