BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Разлікі без апраўданняў

Фота: flickr.com

Латвія забараніла ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з Расеі і Беларусі. Швецыя стане членам НАТА. Санкцыі супраць Расеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Парламент Латвіі прыняў папраўкі ў закон аб сельскай гаспадарцы і развіцці вёскі. Гэтыя папраўкі забараняюць увоз прадукцыі з Расейскай Федэрацыі і Беларусі», – піша спецыялізаване выданне перавозчыкаў Ukrainian Shipping Magazine.

«Так, Сойм Латвіі забараніў увоз сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі з РФ і Беларусі для спажывання ў Латвіі. Згодна з папраўкамі, таксама забаронены ўвоз прадукцыі з трэціх краін, калі яна паходзіць з Расеі ці Беларусі. Транзіт прадукцыі не забараняўся. За 10 месяцаў 2023 года імпарт расейскай сельскагаспадарчай і камбікормавай прадукцыі ў Латвію склаў 280 млн еўра. У цэлым 90% агульнага аб’ёму імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі з РФ у Латвію склалі камбікорм, збожжа, гарох і рапсавы алей. Раней USM паведамлялася, што міністр транспарту Латвіі Каспарс Брыскенс прапанаваў забараніць імпарт расейскага і беларускага збожжа ў Еўразвяз», – піша ўкраінскае выданне.

Швецыя стане 32-м членам НАТА. У панядзелак парламент Венгрыі прагаласаваў «за», і цяпер апошняя перашкода на шляху Швецыі ў рады альянсу ліквідавана. Будапешт пайшоў насустрач пасля таго, як падчас візіту прэм’ер-міністра Швецыі Крыстэрсана ў венгерскую сталіцу ў мінулую пятніцу было дасягнута пагадненне аб куплі Венгрыяй чатырох шведскіх знішчальнікаў Сааб JAS 39 «Грыпен». Капенгагенская газета Politiken вітае пашырэнне альянсу ў Паўночнай Еўропе, у тым ліку і таму, што спадзеў выключна на ЗША зараз уяўляецца не занадта разумным.

«У гэтых адносінах мы можам чэрпаць натхненне ў нашых новых саюзнікаў па НАТА. Бо ў той час як такія краіны, як наша Данія, аддалі абарону сваёй тэрыторыі – і волю насельніцтва абараняць сябе – на водкуп амерыканскага войска, Швецыя – і першым чынам Фінляндыя – маюць зусім іншае разуменне і зусім іншую традыцыю абароны сваіх краін. Ім вядома, што лепшая абарона – гэта моцная самаабарона і што барацьба за бяспеку пачынаецца ў сябе дома. Такі ўрок, які зараз павінна засвоіць уся Еўропа», – заклікае дацкае выданне.

«Мы па-ранейшаму поўныя рашучасці ў поўнай меры рэалізаваць нашы санкцыі супраць Расеі і пры неабходнасці прыняць новыя меры», – такая заява прагучала з боку краін Вялікай сямёркі падчас візіту іх прадстаўнікоў у Кіеў, прымеркаванага да другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. «Захад не разумее, якім чынам наладжана карумпаваная расейская эканоміка», – піша пра краіну-суседку латвійскае выданне LA.LV.

«Уведзеныя санкцыі дазволілі ўзбагаціцца ценявому сектару эканомікі. У адных бандытаў ёсць іншыя бандыты, якія займаюцца гандлем і завозяць аўтамабілі ці запчасткі з Казахстана ці Кыргызстана. Гэта – прыбытак. Так што яны толькі радыя санкцыям. Адначасова з абыходам санкцыяў рускія ўключылі друкарскі станок. Цяпер у Расіі ў абароце знаходзіцца гіганцкая грашовая маса, якая дазваляе купіць з вантробамі як простага працоўнага, так і вайскоўцаў, якія накіроўваюцца ва Украіну. На Захадзе абсалютна не ў стане зразумець сутнасць гэтай карумпаванай эканомікі, таму ўсе гэтыя санкцыі і не працуюць», – наракае латвійскае выданне.

Паводле інфармацыі, апублікаванай камандай Аляксея Навальнага , які загінуў у калоніі на мінулым тыдні, апазіцыянера павінны былі абмяняць на “кілера з Тыргартэна” Вадзіма Красікава, які адбывае свой тэрмін у Германіі. Кіраўнік ФБК Марыя Пеўчых растлумачыла, што, маўляў, сакрэтныя перагаворы ўжо знаходзіліся на фінальнай стадыі. «Калі паведамленні паплечнікаў Навальнага адпавядаюць рэчаіснасці, то Пуцін у чарговы раз абвёў Захад вакол пальца», – такі каментар нямецкай газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Цяпер ён ведае, што Захад у прынцыпе нават гатовы адпусціць наёмных забойцаў, дасланых расейскай дзяржавай. Гэта можа падштурхнуць Крэмль да таго, каб захопліваць новых закладнікаў – і такім чынам ставіць перад Захадам вельмі складаныя дылемы. Акрамя таго, гэта можа падштурхнуць Крэмль да таго, каб здзяйсняць яшчэ больш забойстваў на тэрыторыі краін ЕЗ і НАТА, чым ён і так зараз займаецца», – папярэджвае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя