- Генпракуратура абвясціла “непажаданым” у Расеі тэлеканал Belsat
- Па якіх мэтах зможа біць Украіна?
- ЕЦБ працягвае змену парадыгмы
«Генпракуратура аб’явіла “непажаданай на тэрыторыі РФ” дзейнасць польскай арганізацыі Belsat (Belsat TV, Belarusian Satellite)»– піша расейскае незалежнае выданне Meduza.
«У паведамленні, апублікаваным на сайце нагляднага ведамства, гаворыцца, што тэлеканал Belsat ставіць сваёй мэтай “дыскрэдытацыю ўнутранай і знешняй палітыкі расейскіх уладаў, стварэнне негатыўнага вобраза нашай краіны і крытыку інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі”. Ва ўмовах правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі (СВА) «варожая» рыторыка дадзенага СМІ толькі ўзмацнілася. У інфармацыйнай прасторы сталі з’яўляцца публікацыі з абвінавачваннямі кіраўніцтва Расеі ў неабгрунтаванай агрэсіі супраць Украіны, акупацыі яе тэрыторый, са сцвярджэннямі аб нелегітымнасці ўваходжання ў склад РФ Рэспублікі Крым, Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Акрамя таго, заявіла Генпракуратура, Belsat “актыўна супрацоўнічае і распаўсюджвае матэрыялы арганізацый”, уключаных у рэестр “іншаагентаў” і абвешчаных “непажаданымі” ў Расеі. Belsat створаны пры ўдзеле МЗС Польшчы. Тэлеканал вяшчае на беларускай, рускай, украінскай, англійскай і польскай мовах, яго аўдыторыю ў асноўным складаюць гледачы з Расеі і Беларусі. Па расейскім заканадаўстве за супрацоўніцтва з “непажаданымі” арганізацыямі прадугледжана адказнасць аж да крымінальнай», – адзначае расейскае незалежнае выданне.
Ці дазволяць ЗША і Вялікабрытанія выкарыстанне Украінай заходняй зброі для нанясення ўдараў па ваенных мэтах у глыбіні Расеі? Пасля сумеснага візіту ў Кіеў дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена і міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвіда Лэмі з’явілася ўсё больш падстаў лічыць, што такі дазвол будзе дадзены. Гэтае пытанне абмяркоўвалася і на сустрэчы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і брытанскага прэм’ер-міністра Кіра Стармера, якая прайшла ў гэтую пятніцу ў Вашынгтоне. «Пастаўка Расеі іранскіх ракет мяняе расклад», – адзначае парыжскі каталіцкі веснік La Croix.
«Ваенная падтрымка, якая аказваецца Расеі Іранам і дапаўняе падтрымку, якая паступае ад Паўночнай Карэі , можа змяніць успрыманне канфлікту. Вайна ва Украіне перастала быць чыста еўрапейскім канфліктам. Расея крок за крокам выбудоўвае кааліцыю, у якую яна хацела б уцягнуць і Пекін, які пакуль што адмаўляе ёй у вайсковай дапамозе. Члены гэтай кааліцыі маюць заяўленую мэту – агрэсіўнымі метадамі дэстабілізаваць як сваё асяроддзе, так і асноўныя правілы міжнароднага парадку. Канфлікт выплюхваецца за свае межы. Гэта павінна паслужыць Захаду падставай нанова ацаніць рызыкі, якія зыходзяць ад расейскай агрэсіі, а таксама і ўласную палітыку падтрымкі Украіны – уключаючы ўстанаўленне ‘чырвоных ліній», – падсумоўвае французскае выданне.
У мінулы чацвер Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) знізіў ключавую працэнтную стаўку на 0, 25 працэнтных пунктаў да роўню ў 3, 5 працэнта. Гэта другое зніжэнне за бягучы год, пасля таго як у чэрвені было абвешчана пра змену палітыкі ў дачыненні да працэнтных ставак. Цяпер ключавая працэнтная стаўка знаходзіцца на самым нізкім роўні з чэрвеня 2023 года. «Еўропа не можа сабе дазволіць загразнуць у дробязях,» – перасцерагае турынская La Stampa.
«Працэнтная стаўка, якую ЕЦБ гэтак разумна панізіў учора, мала што можа зрабіць для стымулявання нашай эканомікі. Для таго каб еўрапейцы маглі больш інвеставаць і вырабляць, як тое прапануе Марыё Драгі, неабходна куды большае. Мы губляем час на дробную, недальнабачную палеміку. Для сур’ёзнага росту нам спатрэбяцца інстытуты кантынентальнага маштабу. Магчыма, дзякуючы ініцыятывам Unicredit і Commerzbank – калі буйны італьянскі банк павялічыў сваю долю ў нямецкім Commerzbank да дзевяці працэнтаў – нарэшце настаў час для значнага трансгранічнага зліцця ў еўразоне – праз 22 гады пасля ўвядзення адзінай валюты і 12 гадоў з моманту прыняцця рашэння аб стварэнні банкаўскага саюза», – разважае італьянскае выданне.
З наступнага тыдня Нямеччына мае намер увесці кантроль на ўсіх сваіх межах. Міністр унутраных спраў Нэнсі Фезер абгрунтавала гэтае рашэнне імкненнем абмежаваць нерэгулюемую міграцыю і ўзмацніць абарону ад тэрарызму і трансгранічнай злачыннасці. Акрамя таго, стануць магчымыя “адмовы ва ўездзе, якія адпавядаюць еўрапейскаму заканадаўству”. Люксембургская Tageblatt упэўнена ў тым, што ініцыятыва Германіі ставіць пад пагрозу Шэнгенскае пагадненне.
«Наступствы для свабоды перамяшчэння і ўнутранага рынку Еўропы будуць значнымі, а еўрапейская эканоміка, якая і так знаходзіцца далёка не ў лепшай форме, працягне асядаць. Еўрапейская міграцыйная палітыка – гэта наогул суцэльная трагедыя. Аднак і гэта не навіна, а гульня заўсёды праходзіць па адных і тых жа правілах. Людзі прыбываюць у Італію і Грэцыю, але іншыя дзяржавы як не хацелі, так і не жадаюць аказваць гэтым краінам дастатковую дапамогу. Па гэтай прычыне Афіны і Рым не рэгіструюць мігрантаў, а проста накіроўваюць іх далей, часта – у Германію. А там – асабліва пасля тэракту ў Золінгене – ужо павыбівала ўсе пробкі. З апісанымі вышэй наступствамі для ўсяго Еўразвяза», – адзначае люксембургскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя