- ЕЗ увядзе 50%-ую пошліну на расейскае і беларускае збожжа, закрыўшы доступ да квот
- Тэрарыстычны напад у Маскве і яго вынікі для Еўропы.
„Еўракамісія падрыхтавала рашэнне аб увядзенні пошлін на імпарт збожжа з Расеі і Беларусі ў ЕЗ у памеры 95 еўра за тону, што складае 50 працэнтную пошліну. Акрамя таго, Расея і Беларусь пазбавяцца доступу да квот ЕЗ на зерне, якія прадугледжвалі больш спрыяльныя ўмовы для пэўных прадуктаў”, – паведамляе ўкраінскае выданне FREEDOM.

„Такая прапанова была прадстаўлена лідарам ЕЗ на саміце ў Бруселі 21-22 сакавіка старшынёй Еўракамісіі Уршулай фон дэр Ляен. У сваім выступленні яна адзначыла, што новыя тарыфы будуць распаўсюджвацца на імпарт збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі з Расеі і Беларусі, якія раней бяспошлінна ўвозіліся ў ЕЗ. Сюды ўваходзяць такія культуры, як пшаніца, кукуруза і шрот сланечніка. У 2023 годзе Расея экспартавала ў ЕЗ 4,2 млн. тон збожжа на суму 1,3 млрд. еўра. Аб’ёмы вытворчасці з Беларусі склалі 610 тыс. тон на суму 246 млн. еўра. У цэлым доля расейскага збожжа на рынку ЕЗ была невялікай, каля 1% ад агульнага аб’ёму імпарту. Увядзенне пошлін зробіць расейскую прадукцыю яшчэ менш прывабнай на еўрапейскім рынку. Варта адзначыць, што напярэдадні саміту лідараў ЕЗ міністры сельскай гаспадаркі некаторых краін заклікалі Еўракамісію поўнасцю забараніць імпарт збожжа з Расеі і Беларусі ў ЕЗ. З такім заклікам выступілі міністры сельскай гаспадаркі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі”, – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
У пятніцу ў падмаскоўным Краснагорску быў здзейснены тэрарыстычны акт, які забраў жыцці амаль 140 чалавек. Узброеныя злачынцы ўварваліся ў канцэртную залу Крокус Сіці Хол, дзе яны расстрэльвалі наведвальнікаў і ўчынілі пажар. Адказнасць за тэракт узяла на сябе арганізацыя ІДзІЛ. Было затрымана восем падазраваных; прэзідэнт Пуцін загаварыў пра ўкраінскі след. Кіеў рашуча адпрэчыў якое-небудзь дачыненне да злачынства. Варшаўскі штотыднёвік Polityka дае наступны каментар.
«Напад, учынены ў цэнтры расейскай імперыі, раскрывае змрочную праўду вайны з Украінай для многіх расейцаў: дзяржава слабая і няздольная абараніць сваіх грамадзянаў. Вайна, якая павінна была ўзмацніць пазіцыі Расеі, абарочваецца тым, што збівае яе са шляху. Па краях імперыі, якая мілітарызуецца, дзейнічаюць тэрарысты і паўстанцы, якія аказваюцца больш магутнымі, чым уся крамлёўская машына бяспекі. На дадзены момант у Пуціна няма талковых рашэнняў і канцэпцыі дзеянняў, якія пераканалі б расейцаў у тым, што ён кантралюе сітуацыю. І гэта вельмі, вельмі добра», – піша польскае выданне.
Заходнія краіны на фоне тэракту ў «Крокусе» ўзмацняюць меры бяспекі. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон склікаў у Елісейскім палацы пасяджэнне савета па абароне рэспублікі. У краіне павысілі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы да найвышэйшага, паведаміў прэм’ер Габрыэль Атталь, растлумачыўшы гэта тым, што адказнасць за напад узяла на сябе ІдзІЛ. І Францыя, паводле яго слоў, таксама сутыкаецца з падобнымі пагрозамі. The Economist адзначае, што Расея сама стварыла ўсе ўмовы для вярбоўкі джыхадыстаў на сваёй тэрыторыі.
«Размова ідзе аб мігрантах пераважна з бедных рэспублік былога Савецкага Саюза. Па дадзеных газеты, выхадцаў толькі з Таджыкістана пражывае ў Расеі каля 8 млн. Яны з’яўляюцца важным звяном у эканоміцы ваеннага часу, выконваючы нізкааплатныя працы. Але разам з тым і этнічная напружанасць расце. Тэракт у «Крокус Сіці Холе» прарваў маскоўскую бурбалку бяспекі – ілюзію, у якой знаходзіліся жыхары сталіцы ў апошнія два гады, лічачы, што іх жыццё будзе працякаць нармальна. Вярнуліся часы, калі расейцы стала жылі ў страху з-за сталых тэрактаў, як гэта было 20 гадоў назад», – піша брытанскае выданне.
У першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Славакіі перамогу нечакана атрымаў беспартыйны кандыдат і былы міністр замежных спраў Іван Корчак, які набраў 42,5 працэнта галасоў. Яго галоўным канкурэнтам выступае спікер парламента Петэр Пелегрыні, паводле вынікаў апытанняў які лідыраваў, але атрымаў толькі 37 адсоткаў. Пелегрыні – кааліцыйны партнёр прэм’ер-міністра Роберта Фіцо, вельмі спрэчнай фігуры. Зараз Корчак і Пелегрыні сашчэпяцца ў другім туры выбараў. Прэса – як славацкая, так і замежная – падкрэслівае значнасць гэтага галасавання. Мюнхенская газета Süddeutsche Zeitung інтэрпрэтуе вынікі выбараў як стоп-сігнал для прэм’ер-міністра Фіцо.
«Гэта паказвае, што нават некаторыя прыхільнікі ўрада не жадаюць таго, каб Фіцо валодаў поўнай свабодай дзеянняў. Бо той закусіў цуглі – і проста-такі напрошваецца на тое, каб стаць чарговай праблемай для ЕЗ па пытанні вяршэнства права, ставячы такім чынам пад пагрозу атрыманне краінай субсідый. Як падчас выбараў у многіх іншых заходніх дэмакратычных краінах, у Славакіі з яе 5,4 мільёнамі жыхароў гаворка ўжо ідзе не толькі пра тое, ці з’яўляецца той ці іншы кандыдат кансерватыўным ці прагрэсіўным, больш набожным ці больш свецкім. Гаворка ідзе пра захаванне дэмакратычнай сістэмы як такой», – адзначае нямецкае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






