BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Самі вінаваты?

Апытанне: усё больш беларусаў задаволены станам эканомікі. Адліга паміж ЗША і РФ? На фінішнай прамой: Нямеччына напярэдадні выбараў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

ЗША
ЗША

«Эксперты BEROC прадэманстравалі маніторынг стану эканомікі Беларусі. Па іх звестках, эканоміка разбалансаваная і перагрэтая, але беларусы ацэньваюць яе пазітыўна», – перадае DW.

«26% рэспандэнтаў лічаць, што эканамічная сітуацыя палепшылася ў параўнанні з мінулым годам, а 34% – што змен не адбылося. Што да погляду ў будучыню, то каля 30% беларусаў лічаць, што сітуацыя палепшыцца. Гэта самыя высокія паказчыкі, якія фіксаваў BEROC у сваіх маніторынгах за апошнія некалькі год. У першай палове 2024 г. колькасць тавараў і паслуг, вырабленых эканомікай, дасягнулі піка, і ў чацвёртым квартале года выпуск практычна не змяніўся, застаўся на тым жа самым узроўні, адзначаюць эканамісты. Акрамя гэтага, хаця ў апошнія два гады ВУП Беларусі рос, гэты рост не змог кампенсаваць наступствы ад увядзення санкцый і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Што да бурнага росту заробкаў за апошнія два гады, то ў 2023 і асабліва ў 2024 годзе ён прынёс шкоду фінансавай логіцы, бо рост не быў забяспечаны дынамікай прадукцыйнасці працы. Такім чынам атрымліваецца, што прадпрыемствы аплачваюць працоўныя выдаткі і бяруць на сябе дадатковы цяжар», – перадае DW.

Падчас шматгадзіннай сустрэчы, якая адбылася ў сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе, прадстаўнікі ЗША і Расіі ўзгаднілі першыя крокі па збліжэнні. Бакі плануюць зноў накіраваць адзін да аднаго паслоў, а таксама пачаць падрыхтоўку сустрэчы прэзідэнтаў Трампа і Пуціна. Як заяўляецца, перад перагаворшчыкамі пастаўлена задача знайсці рашэнні па заканчэнні вайны ва Украіне, а таксама намацаць шляхі паглыблення эканамічнага супрацоўніцтва. «Нядзіўна, што Еўропа адсутнічае за гэтым сталом перамоваў», – спяшаецца падкрэсліць партал Index.
«Эўрапейскія лідэры мелі тры гады на тое, каб весьці перамовы з Масквой. Яны гэтага не зрабілі, спрабуючы адцягнуць увагу ад рэальнай сітуацыі на фронце бясконцым слоўным патокам, у той час як самі не верылі ў перамогу Украіны. Тым самым у вачах нееўрапейскага свету (уключаючы новы Вашынгтон) яны страцілі крэдыт даверу і паказалі сябе слабымі і бездапаможнымі. Трэба быць ладным цынікам, каб зараз – пасля таго як было абвешчана аб мірнай ініцыятыве з боку Злучаных Штатаў – выявіць жаданне прысутнічаць на перамовах, якія тры гады не маглі адбыцца па вашай жа ўласнай віне», – наракае італьянскае выданне.

У нядзелю ў Нямеччыне пройдуць датэрміновыя выбары ў бундэстаг. Паводле дадзеных апошніх апытанняў, саюз ХДС/ХСС апярэджвае правапапулісцкую партыю АдГ з вынікам 30 працэнтаў супраць 20. СДПГ, канцлер ад якой пакуль што ўзначальвае ўрад, можа атрымаць да 16 працэнтаў, а партыя Зялёныя – 13 працэнтаў. Акрамя таго, шанцы прайсці ў бундэстаг ёсць і ў партыі Левыя (7 працэнтаў), СвДП (5 працэнтаў) і Саюза Сары Вагенкнехт (4 працэнты). «На фінішнай прамой гэтай выбарчай кампаніі канцлер Шольц спрабуе падарваць аўтарытэт лідэра ХДС Мерца і давер да яго», – адзначае партал праскай радыёстанцыі Český rozhlas.

«Мерц гэтымі днямі неаднаразова паўтараў, што пасля выбараў не мае намеру ні прама, ні ўскосна супрацоўнічаць з АдГ. Кіруючыя зараз сацыял-дэмакраты, у якіх відавочна няма шанцаў паўтарыць сваю перамогу 2021 года, старанна сеюць з гэтай нагоды сумневы. На зыходзе цяперашняй кампаніі яны сканцэнтраваліся на адным – прамых нападках на Мерца асабіста. СДПГ робіць гэта пры поўным усведамленні таго, што ёй, хутчэй за ўсё, давядзецца весці з ім перамовы аб фарміраванні будучага ўрада. З боку падобныя паводзіны могуць здацца недальнабачнымі, але з перспектывы тапельца, які хапаецца за апошнюю саломінку, такі падыход нават у нечым выглядае цалкам лагічным», – піша чэшскае выданне.

На фоне перамоў, якія праходзяць у сталіцы Саудаўскай Аравіі паміж ЗША і Расіяй, аглядальнікі разважаюць над тым, ці не набывае гэта арабская дзяржава і яе каралеўская сям’я з неадназначнай рэпутацыяй новую значнасць на сусветнай арэне. «Стратэгічная значнасць Саудаўскай Аравіі можа ўзрасці», – заўважае парыжскі каталіцкі веснік La Croix.

«Адзін са слупоў адносін паміж ЗША і Саудаўскай Аравіяй мае палітычны характар ​​і называецца ‘Пагаднення Абрагама’. Іх ініцыятарам выступіў Дональд Трамп падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміна – з мэтай нармалізацыі адносін паміж Ізраілем, Бахрэйнам, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Марока і Суданам. І зараз прэзідэнт ЗША робіць прыярытэтным дасягненне дамоўленасці паміж Ізраілем і Саудаўскай Аравіяй. На Блізкім Усходзе, які страціў раўнавагу пасля тэрарыстычнага нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, Эр-Рыяд зараз не толькі можа завуаліраваць цёмны бок свайго аўтарытарнага рэжыму, але нават здабыць ранг арбітра ў канфлікце паміж Ізраілем і ХАМАС», – адзначае французскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя