
ПАСE выклала сваё бачанне дэмакратычнай будучыні Беларусі. Пратэсты фермераў у Еўропе. Крылатыя ракеты для ВСУ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) вылучыла шырокія прапановы па пабудове дэмакратычнай будучыні Беларусі — у тым ліку новы набор захадаў для падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Сьвятланай Ціханоўскай, якая таксама выступіла перад асамблеяй. Cітуацыю аналізуе еўрапейскае выданне Council of Europe.
«Ухваліўшы рэзалюцыю паводле дакладу Кіма Кільюнэна (Фінляндыя, SOC), Асамблея прагаласавала за стварэнне «прадстаўнічай дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў», якая магла б удзельнічаць у працы яе камітэтаў і сетак, і пастанавіла прызначыць «Генеральнага дакладчык за дэмакратычную Беларусь». Асамблея пацвердзіла сваё жаданне вітаць «будучую дэмакратычную, незалежную, суверэнную, мірную і квітнеючую Беларусь у якасці члена Савета Еўропы» і заклікала еўрапейскія дзяржавы «працягваць адрозніваць рэжым Лукашэнкі ад народа Беларусі». Парламентарыі выказалі «сур’ёзную занепакоенасць» сістэматычным пагаршэннем правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных стандартаў у Беларусі пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, дадаўшы: «Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа вельмі сур’ёзныя, шырока распаўсюджаныя і сістэматычныя, што можа быць прыраўнавана да злачынстваў супраць чалавечнасці». Лёсы Украіны і Беларусі перапляліся. Без перамогі Украіны немагчымая свабодная Беларусь. А без вольнай Беларусі не можа быць трывалага міру ў Еўропе. Уступленне краіны ў Раду Еўропы можа быць першым крокам для дэмакратычнай Беларусі на шляху ў Еўразвяз», – піша еўрапейскае выданне.
Услед за распачатымі мінулым летам пратэстамі фермераў ва Усходняй Еўропе, незадаволеных у першую чаргу канкурэнцыяй з боку таннага збожжа з Украіны, дэманстрацыі фермераў і блакіраванне імі дарог прайшлі таксама ў Германіі, Францыі і іншых краінах. Там пратэст засяродзіўся на тэме высокіх цэнаў на паліва. Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен ініцыявала “стратэгічны дыялог” аб будучыні сельскай гаспадаркі. «Перамовы, ініцыяваныя кіраўніком Еўракамісіі Уршуляй фон дэр Ляйен, уяўляюць сабой разумную, але недастатковую меру», – піша брусельская газета De Morgen.
«Гэтую «гарачую бульбіну» усё прадоўжаць перакідаць адзін аднаму і пасля выбараў у Еўрапарламент. Гэта рызыкоўны крок, тым больш што апытанні паказваюць, што радыкалы з палітычнай групы Ідэнтычнасць і дэмакратыя [ВД] маюць шанцы стаць трэцяй па велічыні фракцыяй у Еўрапарламенце новага склікання. Здавалася б, пры еўрапейскіх сельскагаспадарчых субсідыях у памеры 386 600 000 000 еўра справы ў фермераў павінны ісці выдатна. Але калі гэта не так, значыцца, праблема крыецца ў размеркаванні сродкаў! Бездань паміж буйнымі аграрнымі канцэрнамі, якім дастаецца больш за ўсё сродкаў, і дробнымі фермерамі застаецца вялікай. І ЕЗ павінен аператыўна гэты разрыў скараціць, бо Еўропе не патрэбна «сялянская» вайна, калі і ўсіх іншых крызісаў хапае», – наракае бельгійскае выданне.
У кастрычніку мінулага года ўрад ФРГ адхіліў майскі запыт Кіева аб пастаўцы крылатых ракет Taurus. Сваё рашэнне Берлін абгрунтаваў тым, што яны маюць вялікую далёкасць дзеяння. Цяпер жа, паводле паведамлення дзюсельдорфскай газеты Handelsblatt, Олаф Шольц разглядае прапанову Вялікабрытаніі аб свайго роду абмене: Германія магла б даць Taurus сваім партнёрам па НАТА, а тыя ў сваю чаргу адправяць Украіне падобныя зброевыя сістэмы. Мюнхенская газета Süddeutsche Zeitung зусім не ў захапленні.
«Так, нямецкі ўрад ужо даўно нельга папракнуць у тым, што ён мала робіць у плане ваеннай падтрымкі Украіны. Аднак падобныя абмены – гэта спосаб ухіліцца ад адказнасці, падобныя паводзіны ўрад дэманстраваў і тады, калі гаворка ішла аб БМП і танках. Украіна атрымлівала падтрымку, але не самую лепшую тэхніку. Такая ў далейшым у большасці выпадкаў паступала, але часцяком занадта позна. Федэральны канцлер павінен адпавядаць той вядучай ролі, якую, паводле яго ж слоў, абавязана гуляць Германія ў справе падтрымкі Украіны. А гэта значыць: неабходна падаць Кіеву Taurus!», – заклікае нямецкае выданне.
ЗША не выключаюць узброенага канфлікту паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй. «У адміністрацыі Джо Байдэна лічаць, што Кім Чэн Ын можа нанесці ўдары па паўднёвакарэйскіх тэрыторыях», – піша амерыканская газета The New York Times.
«Апошні месяц КНДР актыўна праводзіла ваенныя вучэнні і выпрабаванні новай зброі ў рэгіёне. 24 студзеня паўночнакарэйскія вайскоўцы выпусцілі ў мора некалькі крылатых ракет, а ў пачатку месяца з-за абстрэлу жыхарам некаторых паўднёвакарэйскіх востраў прыйшлося хавацца ў сховішчах. На думку амерыканскіх чыноўнікаў, цяперашнія заявы і дзеянні Кім Чэн Ына больш агрэсіўныя, чым звычайна, і да іх трэба ставіцца сур’ёзна. У Вашынгтоне не лічаць поўнамаштабную вайну непазбежнай, але Кім Чэн Ын мог бы нанесці кропкавыя ўдары. Амерыканскія чыноўнікі ўзгадваюць інцыдэнт 2010 года, калі КНДР абстраляла востраў Ёнпхенда. Яшчэ адна патэнцыйная мэта – Жоўтае мора, дзе краіны таксама аспрэчваюць марскія межы. У той жа час ёсць падставы меркаваць, што пасля пачатку ваенных дзеянняў на Украіне Паўночная Карэя накіроўвала зброю Расеі, якая вырабляецца ў краіне. Гэта, лічаць чыноўнікі, можа азначаць, што Пхеньян наўрад ці рыхтаваўся да працяглага канфлікту з Сеулам. Акрамя таго, у гэтым выпадку не абышлося б без супрацьстаяння з ЗША: у Паўднёвай Карэі базуецца 30 тыс. амерыканскіх салдат», – заўважае амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя






