BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: “Шаўковы” шлях

Турцыя: што паўплывае на муніцыпальныя выбары? Егіпецкія дарогі Еўропы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Паспяховыя ўкраінскія атакі БПЛА на расейскую нафтаперапрацоўчую інфраструктуру вывелі са строю, паводле ацэнак Bloomberg 11%, усіх магутнасцяў Расеі. Заходнія эксперты зыходзяць з таго, што падобныя акцыі працягнуцца і стануць адным з прыярытэтных напрамкаў для Украіны.

„Для Беларусі атакі на расейскія НПЗ маюць дваякае значэнне. Яны падвышаюць значэнне двух мясцовых нафтаперапрацоўчых заводаў. Адзін з іх (у Мазыры) знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад мяжы з Украіны, а другі (у Наваполацку) куды бліжэй да Украіны, чым тыя расейскія НПЗ, якія ўкраінцам ужо ўдалося паразіць. Можна не сумнявацца, што ў выпадку «няправільных» паводзін уладаў Беларусі менавіта НПЗ у Мазыры і Наваполацку таксама стануць прыярытэтнай мэтай для Кіева. Гэта выдатна разумеюць у Менску і з гэтай прычыны аддаюць перавагу маўчаць аб нападах на расейскую інфраструктуру», – адзначае амерыканскае выданне.

31 сакавіка ў Турцыі пройдуць муніцыпальныя выбары, якія могуць стаць свайго роду праверкай настрояў у дачыненні да прэзідэнта Рэджэпа Тайіпа Эрдагана і яго кіруючай Партыі справядлівасці і развіцця. Так, у Стамбуле не выключана перамога апазіцыі на чале з мэрам горада Экрэмам Імамаглу. Журналісты разважаюць, якія фактары могуць паўплываць на вынікі выбараў. Стамбульская Birgün канстатуе той факт, што эканоміцы так і не ўдалося ачуняць.

«Апошнія два тыдні перад выбарамі назіраецца ўсплёск актыўнасці на валютным і залатым рынках. Прычына заключаецца ў тым, што чаканыя “гарачыя грошы” не толькі не прыходзяць, але, наадварот, выцякаюць з краіны – няхай нават павольна. Калі пры кожным зручным выпадку заяўляць, што існуе залежнасць ад прытоку замежных грошай, то крэдыторы будуць у поўнай меры выкарыстаць сваё перагаворнае мастацтва – і патрабаваць дадатковых саступак. Сапраўдны вінаваты ўсіх гэтых бед – кіруючая Партыя справядлівасці і развіцця і створаны ёю рэжым, які ў выніку дзеянняў цэлага шэрагу актараў загнаў людзей у неверагодную галечу за кошт правядзення няправільнай палітыкі і расстаноўкі ілжывых прыярытэтаў – не на карысць працоўных», – наракае турэцкае выданне.

Еўразвяз заключыў новую дамову з Егіптам. Чакаецца, што да 2027 года краіна атрымае суму ў памеры да 6,8 мільярда еўра – у выглядзе крэдытаў і інвестыцый, накіраваных, сярод іншага, на эканамічнае развіццё і цыфравізацыю. Акрамя таго, ЕЗ выдзеліць Каіру 600 мільёнаў еўра ў выглядзе прамых субсідый, трэць з якіх павінна пайсці на стрымліванне нелегальнай міграцыі. Аўстрыйская газета Salzburger Nachrichten паказвае на тое, што пагадненне ахоплівае шырокае кола пытанняў.

«Пагадненне аб партнёрстве з Егіптам – гэта не чыста міграцыйная здзелка, накшталт той, што Брусель некалі заключыў з Турцыяй. Гэтыя грошы не прызначаны выключна на працу з бежанцамі, з тым каб утрымаць іх ад далейшай міграцыі. У дадзеным выпадку міграцыя – гэта, хутчэй, адно з шматлікіх пытанняў, у рамках якіх ажыццяўляецца супрацоўніцтва – сапраўды гэтак жа, як гэта адбываецца ў рамках дамовы з Тунісам. І калі еўрапейскія сталіцы ключавымі паняццямі новай дамовы лічаць словы «міграцыя» і «бяспека», то Каір і Туніс, па ўсёй верагоднасці, куды большае значэнне надаюць такім словам, як «інвестыцыі» і «гандаль», – адзначае аўстрыйскае выданне.

Вярхоўны суд ЗША стаў на бок Тэхаса ў канфлікце з Белым домам. Ён дазволіў уладам штата арыштоўваць мігрантаў, якія незаконна перасякаюць мяжу, і дэпартаваць іх у Мексіку. Такі закон на мясцовым узроўні прынялі яшчэ ў 2023 годзе, хаця федэральныя ўлады выступалі супраць яго прымянення. Прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П’ер завіла, што адміністрацыя лічыць норму “шкоднай і неканстытуцыйнай”. Канфлікт з-за кантролю над мяжой з Мексікай разгарэўся напрыканцы мінулага года. Там па ініцыятыве Тэхаса з’явіўся калючы дрот. Да таго ж мясцовая паліцыя перастала прапускаць агентаў федэральнай пагранслужбы. Федэральны апеляцыйны суд праз некалькі гадзін замарозіў выкананне закону.

“Радыкальны і агрэсіўны” – так выданне The New York Times апісвае новы міграцыйны закон Тэхаса. «Раптоўнае рашэнне Вярхоўнага суда заспела знянацку нават кіраўніцтва штата: увечары 19 сакавіка ўлады не паведамілі, калі пачнуць прымяняць норму. Генпракурор Тэхаса Кен Пэкстан назваў пастанову “велізарнай перамогай”. Аднак губернатар Грэг Эбат быў больш асцярожны: у сваім акаўнце ў сацсетцы X ён падкрэсліў, што судовая цяжба яшчэ не скончана, трэба апеляцыя».

Як піша Assosiated Press, закон дазваляе любому супрацоўніку праваахоўных органаў Тэхаса арыштаваць чалавека, калі яго падазраюць у незаконным уездзе ў краіну. Гэта можа адбыцца і за сотні міль ад мяжы, галоўнае, прадаставіць доказ, напрыклад, відэаздымку. Мігрантам, якія адмовяцца пакінуць краіну, можа пагражаць паўторны арышт з больш сур’ёзнымі наступствамі, напрыклад, пазбаўленне свабоды на тэрмін да 20 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя