Мужчына, якога чакаў суд за абразу «прэзідэнта» Беларусі, памёр у турме. Швейцарыя: летняя канферэнцыя па дасягненні міру ва Украіне. Суд ЕЗ адмяніў шэраг санкцый супраць расейскіх алігархаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларус, які знаходзіўся ў турме ў чаканні суда па абвінавачанні ў абразе аўтарытарнага “прэзідэнта”, памёр у зняволенні», – паведаміла эстонская газета Apnews.
„51-гадовы Аляксандр Кулініч памёр у аўторак у ізалятары часовага ўтрымання ў горадзе Берасце, які славіцца жорсткім абыходжаннем з актывістамі апазіцыі. Афіцыйна яго смерць лічыцца ішэмічнай хваробай сэрца, але лідарка апазіцыі ў выгнанні Святлана Ціханоўская заклікала правесці расследаванне і аказаць міжнародны ціск на Беларусь, каб спыніць здзекі з палітвязняў. Кулініч быў арыштаваны 29 лютага пасля таго, як зрабіў допісы ў сацыяльных сетках, якія выступалі супраць расейскага ўварвання ва Украіну і крытыкавалі Лукашэнку, які душыў апазіцыю і незалежныя СМІ з моманту ўступлення на пасаду ў 1994 годзе. Рэпрэсіі супраць іншадумства рэзка ўзмацніліся пасля хвалі масавых пратэстаў, якія ўзніклі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, спрэчныя вынікі якіх далі Лукашэнку шосты прэзідэнцкі тэрмін. Каля 35 000 чалавек былі затрыманыя ў сувязі з хваляй пратэсту, многія з іх, як паведамляецца, падвяргаліся катаванням у зняволенні. Цяпер у Беларусі каля 1400 палітвязняў, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі», – канстатуе эстонскае выданне.
***
15 чэрвеня ў Швейцарыі адбудзецца канферэнцыя па пытанні аб дасягненні міру ва Украіне. Як паведаміў швейцарскі ўрад, правядзенне гэтага саміту з удзелам высокапастаўленых палітыкаў падтрымлівае шмат міжнародных актараў. Прапанова правесці такую канферэнцыю зыходзіла ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Расея ўжо заявіла, што ўдзелу прымаць не будзе. «Пекін праяўляе нават большую гатоўнасць удзельнічаць у швейцарскай ініцыятыве, чым таго можна было чакаць», – адзначае швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.
«Шлях да дасягнення міру з Расеяй сапраўды можа пралягаць праз Кітай. Ужо ў маі ў Пекіне чакаецца візіт расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Такім чынам, да моманту канферэнцыі ў Бюргенштоку ў сярэдзіне чэрвеня кітайская дэлегацыя будзе даволі дакладна ведаць, на якія саступкі гатовы пайсці Крэмль. Швейцарыя дае платформу, Кітай перадае пасланне. Да заключэння міру яшчэ вельмі далёка. У атмасферы, калі здаецца, што ўвесь свет знаходзіцца ў перадваеннай сітуацыі, трэба хапацца за кожную саломінку», – заклікае швейцарскае выданне.
***
Суд Еўрапейскага звяза, размешчаны ў Люксембургу, пастанавіў, што санкцыі, уведзеныя Еўразвязам у перыяд з лютага 2022 па сакавік 2023 года супраць расейскіх алігархаў Міхаіла Фрыдмана і Пятра Авена, павінны быць адмененыя. Як пастанавілі суддзі, на момант увядзення санкцый Савет ЕЗ не валодаў дастатковымі доказамі, якія апраўдвалі б унясенне Фрыдмана і Авэна – галоўных акцыянераў Альфа-банка – у санкцыйны спіс. Рашэнне суда не датычыцца іншых санкцый, уведзеных супраць гэтых асоб пазней. «Рашэнне суда зусім не азначае таго, што гэтыя два алігархі зараз змогуць выйсці з-пад санкцый», – тлумачыць Українська правда.
«Еўразвяз ужо правёў працу над памылкамі, так што нават у Фрыдмана з Авэнам няма высокіх шанцаў выйграць наступны суд. З 2023 года Еўразвяз мае юрыдычнае права накладаць санкцыі на любога расейскага бізнесмена, і брусельскія юрысты ўжо атрымалі першыя судовыя рашэнні, якія даказваюць дзейснасць новай схемы. Таму зараз ёсць толькі два даступныя алігархам варыянты выхаду з-пад санкцый: смерць або публічнае і сістэмнае асуджэнне дзеянняў Крамля супраць Украіны», – піша ўкраінскае выданне.
***
Еўрапарламент адобрыў рэформу заканадаўства ў галіне давання прыстанішча, якая абмяркоўвалася ўжо на працягу многіх гадоў. З невялікай перавагай галасоў былі прынятыя ўсе дзесяць новых заканадаўчых нормаў, паводле якіх працэс разгляду хадайніцтваў павінен праходзіць на знешніх межах ЕЗ, а працэдуры рэадмісіі і дэпартацыі павінныя быць паскораныя. Таксама плануецца аблегчыць цяжар краін на знешніх межах ЕЗ за кошт механізму салідарнага пераразмеркавання мігрантаў. Дублінская The Irish Times сумняваецца ў тым, што ўзмацненне жорсткасці заканадаўства аб прытулку надасць жаданы эфект.
«Відавочна, што ўсплёск падтрымкі натывісцкіх і антыімігранцкіх партый па ўсім Еўразвязе напярэдадні чэрвеньскіх выбараў даў штуршок падзеям гэтага тыдня. Паглядзім, ці спыняць новыя меры прыток электарату да антыімігранцкіх рухаў, на што спадзяюцца традыцыйныя цэнтрысцкія партыі, ці, як мяркуюць некаторыя, усе гэтыя меры толькі згуляюць на руку ўльтраправым. Зразумела адно: паток тых, хто адпраўляецца ў небяспечнае падарожжа ў Еўропу ў пошуках лепшага жыцця, не спыніцца» – піша ірландскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя