BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Секчы сук

Беларусь: Лукашэнка ідзе на чарговы тэрмін. Трамп пагражае пошлінамі: як рэагаваць Еўропе? Эстонія: пяць працэнтаў ВУП на абарону? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

У нядзелю ў Беларусі адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Кіруючы з 1994 года, дыктатар Аляксандр Лукашэнка мае намер застацца ў крэсле на сёмы тэрмін. Пасля выбараў у 2020 годзе ў краіне праходзілі масавыя пратэсты ў сувязі з меркаванымі фальсіфікацыямі. Пратэсты былі жорстка задушаныя. Рыжскі партал Delfi аналізуе становішча спраў.

«На гэтым тыдні Лукашэнка зноў будзе гуляць у ‘выбары’. Няма сумневаў у тым, што вынікі будуць сфальсіфікаваныя. Апазіцыйная арганізацыя былых супрацоўнікаў беларускіх сілавых структур ByPol ​​сцвярджае, што 97 працэнтаў кіраўнікоў выбаркамаў ужо маюць досвед фальсіфікацыі вынікаў галасаванняў. Акрамя таго, на гэты раз упершыню не будзе ўвогуле ніякай магчымасці незалежнага назірання і ніякіх кандыдатаў ад дэмакратычнай апазіцыі. За мяжой таксама не будуць адкрыты выбарчыя ўчасткі — з тым каб прымусіць жадаючых прагаласаваць прыехаць для гэтага ў Беларусь», — піша латвійскае выданне.

Падчас свайго выступу па відэа ў рамках эканамічнага форума ў Давосе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў сусветны бізнэс размяшчаць свае вытворчасці ў ЗША. Па словах Трампа, дзякуючы зніжэнню падаткаў і таннай энергіі на базе нафты і газу, «проста не будзе лепшага месца на Зямлі для стварэння працоўных месцаў». А тыя, хто не будзе вырабляць свае тавары ў саміх Злучаных Штатах, стануць плаціць пошліны за доступ на амерыканскі рынак, — заявіў Трамп. Еўрапейская прэса разважае пра тое, які адказ на гэта дасць Еўропа. «У пытаннях эканамічнай палітыкі Еўропа спрабуе выйсці з арбіты Злучаных Штатаў», — з задавальненнем адзначае іспанскі партал eldiario.es.

«Брусель, здаецца, мяняе свой суператлантычны дыскурс. На фоне разбуральнай хвалі, справакаванай Трампам, фон дэр Ляйен спрабуе зноўку стварыць больш збалансаваныя і заснаваныя на супрацоўніцтве гандлёвыя і інвестыцыйныя адносіны з Пекінам. Тым самым яна ўпісваецца ў лінію, якая праводзіцца віцэ-прэм’ерам Кітая Дын Сюэсянам. Аднак да падпісання маштабнага інвестыцыйнага пагаднення паміж ЕС і Кітаем яшчэ трэба прайсці доўгі шлях. У Давосе Еўропа нанова адкрывае для сябе вялікі свет — дзе свет не сышоўся клінам на адных толькі Злучаных Штатах. Еўропа, безумоўна, будзе шукаць новыя магчымасці ў Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыцы, Мексіцы, краінах МЕРКАСУР і Чылі. Калі Брусель запусціць матор сваёй гіганцкай гандлёвай і дыпламатычнай машынерыі, то ён зможа вельмі шмат чаго дамагчыся», — падкрэслівае іспанскае выданне.

Прэм’ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал мае намер павялічыць выдаткі сваёй краіны на абарону да ўзроўню ў пяць працэнтаў ВУП — як таго і запатрабаваў ад усіх краін НАТА прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Эстонія, якая раней уключыла ў свае планы асігнаванні на абарону ў памеры 3,7 працэнта ВУП з 2026 года, па гэтым паказчыку ўжо зараз апярэджвае многія краіны. Аглядальнікі абмяркоўваюць, ці апраўданая мэта ў пяць працэнтаў — і як можна яе дасягнуць. У сваім артыкуле талінская Eesti Päevaleht піша аб тым, што павышэнне выдаткаў на абарону апраўдана і нават абяцае перавагі.

«Няма ніякіх сумневаў у тым, што ў бягучай геапалітычнай сітуацыі мы проста абавязаныя падвысіць нашыя выдаткі на абарону да пазначаных пяці адсоткаў ВУП. У канчатковым выніку гэта — перадумова для таго, каб мы маглі заручыцца неабходнай падтрымкай са боку ЗША ў пытанні нашай абароны. Ключавое пытанне тут, вядома, складаецца ў наяўнасці ці адсутнасці ўласнай абароннай прамысловасці. Калі ў краіны ёсць канкурэнтаздольная абаронная прамысловасць, то для яе павышэнне выдаткаў на абарону азначае лепшыя магчымасці збыту на сусветным рынку, паступленні ў казну і ў канчатковым рахунку — эканамічны рост», — падкрэслівае эстонскае выданне.

У баварскім Ашафенбургу ў выніку нападзення ўзброенага нажом чалавека на групу дзіцячага сада — двое загінуўшых. Яшчэ трое былі параненыя, але іх жыццё зараз па-за небяспекай. Меркаваны забойца — 28-гадовы афганец — узяты пад варту і заключаны ў псіхіятрычную клініку. Шырокі рэзананс і палітычныя спрэчкі выклікаў і той факт, што мужчына раней ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў у сувязі з ужываннем гвалту, а акрамя таго, быў ужо абавязаны пакінуць краіну. На тле гэтай гісторыі мюнхенская Süddeutsche Zeitung не згодна з патрабаваннем лідэра ХДС Мерца аб «фактычнай забароне на ўезд у краіну».

«У Нямеччыны — мяжа працягласцю 3876 кіламетраў, і верыць у тое, што яе ўдасца эфектыўна ахоўваць, значыць аддавацца ілюзіям. І паколькі ў той жа самы час план Мерца ідзе настолькі насуперак з міжнароднымі абавязаннямі Нямеччыны, не варта дзівіцца, калі дзяржавы, якія мяжуюць з ёй, наогул кінуць немцаў сам-насам з іх праблемамі на мяжы. Той, хто адмаўляецца ад супрацоўніцтва, не павінен потым дзівіцца. А галоўнае: гэта нічога не зменіць у жыццёвых абставінах у інтэрнатах для бежанцаў, у выніку якіх такая высокая колькасць маладых мужчын шыбуюць на тую сцежку або набываюць псіхічныя захворванні — ці і тое, і іншае адразу», — піша нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка