BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Семь разоў адмер

Краіны Балтыі паведамілі Расеі і Беларусі аб выхадзе з маскоўскай энергасістэмы. Еўрапейскі байкот Орбана. Джэймс Дэвід Вэнс: што вядома пра кандыдата ў віцэ-прэзідэнты ЗША? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Тры былыя савецкія рэспублікі цяпер не купляюць электраэнергію ў Расеі, але застаюцца фізічна падлучанымі да сеткі. Аператары электрасетак трох балтыйскіх краін у аўторак афіцыйна паведамілі Расеі і Беларусі, што яны выйдуць з пагаднення 2001 года, паводле якога Эстонія , Латвія і Літва засталіся падлучанымі да сістэмы перадачы электраэнергіі, кантраляванай Масквой», – піша брытанскае выданне Independent.

Краіны Балтыі ўжо перасталі купляць электраэнергію ў Расеі. І ў плане, абвешчаным у мінулым годзе ў рамках крокаў па разрыве сувязяў з Масквой пасля яе ўварвання ва Украіну, у лютым наступнага года краіны перанясуць свае сеткавыя падключэнні да асноўнай кантынентальнай еўрапейскай энергетычнай сеткі, каб спыніць залежнасць. Камунальныя аператары Elering з Эстоніі, AST з Латвіі і Litgrid з Літвы заявілі, што паведамленне аб выхадзе было падпісана ў сталіцы Латвіі Рызе ў аўторак. Сумеснае пагадненне з Масквой і Менскам заканчваецца 7 лютага, і на наступны дзень сістэмы Балтыі будуць адключаныя ад сеткі. Тры былыя савецкія рэспублікі ў цяперашні час не купляюць электраэнергію ў Расеі, але застаюцца фізічна падлучанымі да сеткі, у якой частата электраэнергіі кантралюецца Масквой у адпаведнасці з пагадненнем BRELL 2001 года. Балтыйскія сістэмы плануюць сінхранізаваць з сістэмай кантынентальнай Еўропы 9 лютага 2025 года. Абедзве сістэмы выкарыстоўваюць пераменны ток частатой 50 Гц.  Дата пераходу ў лютым 2025 года была кампрамісам. Літва хацела энергетычнага выхаду яшчэ ў гэтым годзе, спасылаючыся на ненадзейнасць Масквы і яе агрэсію ва Украіне. Эстонія супраціўлялася больш хуткаму адключэнню, заяўляючы, што ў яе могуць узнікнуць адключэнні, калі пераход адбудзецца занадта хутка», – адзначае брытанскае выданне.

Еўракамісія і шэраг краін поўначы Еўропы адрэагавалі байкотам на знешнепалітычнае сола вугорскага прэм’ера. Літаральна на самым пачатку старшынства Венгрыі ў Савеце ЕЗ Віктар Орбан наведаў Пуціна, Сі Цзіньпіна і Трампа. У якасці меры ў адказ еўракамісары і прадстаўнікі краін-членаў ЕЗ прынялі рашэнне адмовіцца ад асабістага ўдзелу ў саміце міністраў Еўразвязу, які адбудзецца ў Будапешце. Frankfurter Allgemeine Zeitung лічыць такую рэакцыю перабольшанай.

“Знешняя палітыка і палітыка бяспекі ў ЕЗ не падганяецца пад адно  для ўсіх яе краін-членаў. Орбан можа ездзіць у Маскву, Пекін ці да Трампа гэтак жа, як і кіраўнікі краін і ўрадаў іншых 26 саюзных дзяржаў. Калі Шольц ці Макрон вялі тэлефонныя размовы з Пуціным, іх не папракалі ў тым, што ў іх няма для гэтага фармальнага мандата. У Брусэлі выразна далі зразумець, што Орбан не выступаў ад імя ўсяго Еўразвязу, калі быў з візітам у Пуціна. Гэта было правільна юрыдычна – і палітычна гэтага было цалкам дастаткова. Зусім не абавязкова ўвесь час надрываць сілы, рэагуючы на аўтсайдэрскую пазіцыю Венгрыі па ўкраінскім пытанні», – адзначае нямецкае выданне.

На з’ездзе Рэспубліканскай партыі Джэй Дзі Вэнс быў прызначаны кандыдатам у віцэ-прэзідэнты на лістападаўскіх выбарах прэзідэнта ЗША. 39-гадовы сенатар ад Агаё раней быў рэзкім крытыкам Дональда Трампа. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, за што выступае выпускнік Ельскага ўніверсітэта і фінансавы мэнэджар, які паходзіць з беднай сям’і. Капенгагенская Berlingske з немалой занепакоенасцю пазірае на намінаванне Вэнса.

«Мы ў Еўропе павінны быць вельмі занепакоеныя – і не паддавацца памылцы: калі Трамп мяркуе, што еўрапейцы слабыя і бесхрыбетныя, калі справа даходзіць да ўкладу ва ўласную абарону, то, уласна, па такім жа шляху ідзе і Вэнс. Для дэмакратаў усё таксама выглядае не вельмі вясёлкава. Вэнс вельмі адораны і з’яўляецца фантастычным аратарам, у якога ў свае 39 гадоў яшчэ ўсё жыццё наперадзе. Вэнс у якасці кандыдата ў віцэ-прэзідэнты з’яўляецца сігналам таго, што палітычны рух Трампа на ім не скончыцца. Гэта можа стаць толькі пачаткам праблемнага развіцця на наступныя некалькі дзесяцігоддзяў», – піша дацкае выданне.

Пасля таго як левы альянс Новы народны фронт атрымаў перамогу на выбарах, не атрымаўшы пры гэтым абсалютнай большасці, пытанне фармавання ўрада ў Францыі застаецца ў падвешаным стане. Пакуль Новы народны фронт не можа дамовіцца аб кандыдаце на пасаду прэм’ер-міністра, лагер прэзідэнта Макрона, які стаў другой сілай, спрабуе сфармаваць цэнтрысцкі «рэспубліканскі фронт». «Каваць жалеза трэба, пакуль горача», – патрабуе парыжская L’Opinion.

«Не варта чакаць ля мора надвор’я, калі ёсць жаданне ўзмацніць Нацыянальнае аб’яднанне. Жаласны спектакль левых сіл і спроба цэнтрыстаў адціснуць ультраправых можа яшчэ больш раззлаваць і так ужо засмучаных і абураных выбаршчыкаў. Прамаруджванне і бяздзейнасць – не варыянт. Краіна не можа дазволіць сабе яшчэ і бюджэтны крызіс. У рэшце рэшт прэзідэнт у адзіночку прыняў рашэнне пра роспуск парламента – і прайграў. І калі зараз ён яшчэ верыць у тое, што зможа звярнуць гэты пройгрыш у перамогу, павольна цягнучы ката за хвост, то яму давядзецца заплаціць за гэта рэспубліканскімі традыцыямі», – адзначае французскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

ФОТА: SHUTTERSTOCK