Беларусь у пары з Расеі выдалены з сусветных ядравых даследаванняў. Як ЕЗ плануе атрымліваць прыбытак ад расейскіх актываў? Легітымны пройгрыш Пуціна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

CERN, альбо Еўрапейская рада па ядзерных даследаваннях, мае намер спыніць супрацоўніцтва з расейскімі навукоўцамі ў канцы гэтага года, рашэнне, якое афіцыйны прадстаўнік МЗС краіны Марыя Захарава назвала «палітычна матываваным і абсалютна непрымальным». «CERN быў заснаваны ў 1953 годзе, а супрацоўніцтва з Савецкім Саюзам упершыню было аформлена ў 1967 годзе. У 1993 годзе было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве з Расеяй, па выніках якога ў 2019 годзе было падпісана Пагадненне аб міжнародным супрацоўніцтве, якое дзейнічае да 30 лістапада 2024 года і з’яўляецца асновай супрацоўніцтва паміж бакамі», – сочыць за сітуацыяй міжнароднае выданне World Nuclear News.
„У адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у сакавіку 2022 года пад назвай «Агрэсія супраць Украіны» яна прыпыніла статус назіральніка Расеі да далейшага апавяшчэння і «фактычнае прыпыненне ўсіх абменаў сродкамі, матэрыяламі і персаналам у абодвух напрамках з Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь» , а таксама прыпыніла ўдзел вучоных ЦЭРН ва ўсіх навуковых камітэтах устаноў, размешчаных у Расейскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь, і наадварот». ЦЭРН, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Жэневе, заяўляе, што ягоная місія складаецца ў тым, каб дапамагчы «раскрыць, з чаго складаецца Сусвет і як ён працуе. Сярод яго дасягненняў – Вялікі адронны калайдэр, запушчаны ў 2009 годзе, базон Хігса, адкрыты ў 2012 годзе, а таксама радзіма Сусветнага павуціння. ЦЭРН складаецца з 23 дзяржаў-чальцоў, 10 асацыіраваных дзяржаў-чальцоў і ўключае ў сябе 17 000 чалавек з усяго свету, у тым ліку больш за 110 нацыянальнасцяў», – падсумоўвае міжнароднае выданне.
***
Еўразвяз распрацаваў схему, па якой будзе атрымліваць прыбытак ад замарожаных расейскіх актываў. Для гэтага ўвядуць падатак на непрадбачаны прыбытак. Мяркуецца, што ён будзе прыносіць прыкладна €3 млрд. штогод. Грошы пойдуць на фінансаванне паставак зброі Украіне і стымуляванне абароннай прамысловасці краіны. Падрабязнасці публікуе Bloomberg. Па дадзеных агенцтва, грошы ў Кіеў пачнуць паступаць ужо ў ліпені.
„Падаткам на непрадбачаны прыбытак будуць абкладацца каля € 260 млрд – гэта актывы Цэнтрабанка Расеі, якія былі замарожаныя краінамі “сямёркі”, Еўразвяза і Аўстраліяй», – піша Bloomberg, спасылаючыся на праект закона. «Дзве трэці з гэтых рэзерваў знаходзяцца ў Еўропе, у асноўным гэта каштоўныя паперы і грашовыя сродкі. Большая частка замарожана праз бельгійскі дэпазітарый Euroclear. У мінулым годзе гэтыя грошы прынеслі каля € 4,5 млрд прыбытку. Схема прадугледжвае перадачу даходу ад актываў двойчы за год. Грошы будуць паступаць у Еўрапейскі фонд міру (гэта механізм кампенсацыі кошту ўзбраення, пастаўленага Кіеву) і ў фонд бюджэту ЕЗ для Украіны. Але частка прыбытку будзе заставацца ў дэпазітарыяў, якія захоўваюць актывы, каб пакрываць выдаткі на кіраванне і верагодныя рызыкі, у тым ліку магчымыя меры ў адказ з боку Масквы», – піша амерыканскае выданне.
***
«Каля паловы галасоў за Уладзіміра Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах былі ўкінуты», – перадае спецыялізоване расейскае незалежнае выданне «Новая Еўропа”.
«Пры дапамозе метада матэматыка Сяргея Шпількіна ацанілі долю «анамальных» галасоў на мінулых выбарах. З аналізу вынікае, што Пуцін атрымаў не менш за 31,6 млн галасоў пры дапамозе фальсіфікацый, гэта значыць каля паловы галасоў за яго былі ўкінуты. Гэта рэкордны маштаб падробкі галасоў на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі. Фальсіфікацый было настолькі шмат, што вобласць “сумленных” галасоў статыстычнымі метадамі вылучыць практычна немагчыма. Метад Шпількіна выяўляе, колькі галасоў было “дададзена” пераможцу за кошт укідвання бюлетэняў і перапісвання выніковых пратаколаў. Для гэтага супастаўляецца размеркаванне галасоў за розных кандыдатаў з яўкай на кожным асобным участку. Калі выбары прайшлі сумленна, размеркаванне за кандыдата-лідара і ўсіх іншых кандыдатаў павінны быць ідэнтычныя, гэта значыць адрознівацца толькі па абсалютным значэнні за кошт рознай колькасці галасоў, а не па форме. Аднак укідванне за аднаго з кандыдатаў уплывае на размеркаванне: ён павялічвае і яўку, і вынік», – падсумоўвае расейскае выданне.
***
„Мір на Блізкім Усходзе магчымы толькі пры суіснаванні дзвюх дзяржаў – Палестыны і Ізраіля, пры гэтым палестынская дзяржава не павінна мець уласнай арміі, заявіў канцлер Германіі Олаф Шольц на пасяджэнні бундэстага», – паведаміла нямецкае выданне Unternehmen-Heute.
«Ясна, якой можа быць будучыня ў мірнага суіснавання паміж Ізраілем і палестынскай дзяржавай. Гаворка ідзе пра асобную палестынскую дзяржаву без уласнага войска» — працытавала выданне Шольца. Канцлер заявіў, што чакае складаную дыскусію па палестына-ізраільскім канфлікце на саміце Еўразвяза, які адбудзецца 21-22 сакавіка. Па словах канцлера, ізраільскія закладнікі, выкрадзеныя ХАМАС, павінныя быць вызваленыя, а ў сектар Газа павінна паступаць больш гуманітарнай дапамогі. За дзень у рэгіён павінны прыязджаць больш за 500 гуманітарных грузавікоў. «Нямеччына паслядоўна падтрымлівае Ізраіль у барацьбе з ХАМАС. У 2023 годзе Берлін выдаў у дзесяць разоў больш дазволаў на продаж зброі для Ізраіля, чым у папярэдні год. Са студзеня па лістапад 2023 года адобраны пастаўкі на суму каля €303 млн. Продаж актывізавалі пасля атакі баевікамі палестынскай групоўкі ХАМАС ізраільскіх населеных пунктаў у кастрычніку 2023 года. У лістападзе 2023 года Шольц заявіў, што не лічыць правільным патрабаваць ад Ізраіля спыніць агонь на тэрыторыі сектара Газа. Па словах канцлера, гуманітарная паўза дасць перадышку баевікам палестынскага руху», – піша нямецкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






