BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Скарыстацца імпульсам

  • У Беларусі па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе арыштаваны незалежны журналіст
  • Саміт ЕЗ: галоўная тэма палітыка прадастаўлення прытулку
  • Выбары ў Балгарыі: чарговая спроба
Здымак ілюстрацыйны

Незалежны журналіст у Беларусі быў арыштаваны па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе, што стала апошнім крокам у бязлітасных рэпрэсіях на СМІ з боку аўтарытарнага ўрада Аляксандра Лукашэнкi», – піша амерыканскае выданне ABCnews.

«Незалежны журналіст у Беларусі – берасцейскі рэпарцёр Даніл Палянскі – быў арыштаваны ў верасні і застаецца за кратамі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. 53-гадоваму журналісту пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, калі яго прызнаюць вінаватым. Палянскі, які працаваў на некалькі незалежных інфармацыйных выданняў, з’яўляецца адным з 34 журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі, альбо адбываюць пакаранне, альбо чакаюць суда. «Беларусь стала самай небяспечнай краінай у Еўропе для журналістаў, месцам, дзе журналісты знікаюць за кратамі, і мы не ведаем, што з імі адбываецца», – заявіў старшыня асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Ён адзначыў, што ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў наступнага года. Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе больш за 30 гадоў, збіраецца балатавацца на сёмы тэрмін. Пасля перавыбрання Лукашэнкі ў 2020 годзе, якое ў краіне і за мяжой было расцэнена як сфальсіфікаванае, ён адказаў на хвалю масавых пратэстаў жорсткімі рэпрэсіямі, у выніку якіх было затрымана больш за 65 000 чалавек. Па дадзеных праваабарончай арганізацыі «Вясна», у цяперашні час за кратамі знаходзяцца каля 1300 палітвязняў, у тым ліку заснавальнік арганізацыі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі», – піша амерыканскае выданне.


На саміце ЕЗ у Бруселі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 27 краін Еўрасаюза маюць намер выпрацаваць агульную лінію па міграцыйнай палітыцы. Пакуль што сярод краін-членаў супольнасці няма адзінства ў тым, наколькі мэтазгодна ўзмацненне жорсткасці мер у гэтай сферы, да прыкладу ўвядзенне памежнага кантролю – ці ж “аўтсорсінг” разгляду прашэнняў аб прадастаўленні прытулку ў трэція краіны. Спрэчкі выклікаюць і адзіночныя дзеянні асобных членаў ЕЗ. Венская Kleine Zeitung заклікае да яднання.

«Рэакцыя краін ЕЗ заўсёды адна і тая ж – бесталковасць і поўны хаос – увогуле, нікчэмная карціна. І сёння як ніколі моцны імпульс для таго, каб зрабіць вялікі крок наперад у палітыцы па пытанні прадастаўлення прытулку. Галоўнае тут – аддзяліць легальную міграцыю ад нелегальнай і не аддаваць поле дзейнасці на водкуп папулістам, якія – дай ім волю – у адзін момант усё б адмянілі. Трэба знайсці эфектыўны выхад з цяперашняй палітыкі давання прытулку, якая відавочна павярнула не туды. Чым больш самадзейнасці сярод краін супольнасці, тым складаней становіцца гэтая задача. Закрыццё межаў на палове тэрыторыі Еўропы, нават калі яно часта існуе толькі на паперы, – гэта сведчанне нашай бездапаможнасці. Праблема з бежанцамі, якія просяць прытулку, проста перакладаюцца на плечы суседа – замест таго каб сумесна шукаць агульнае рашэнне», – наракае нямецкае выданне.


Ужо сёмы раз за апошнія тры з паловай гады грамадзянам Балгарыі давядзецца ісці на выбарчыя ўчасткі – на 27 кастрычніка ў краіне прызначаны новыя датэрміновыя выбары ў парламент. Па выніках апошніх выбараў у чэрвені ў Сафіі зноў не ўдалося сфарміраваць урад. Балгарскія СМІ папярэджваюць аб стомленасці ад выбараў і маральным раскладанні ў палітыцы. «Замест таго каб прасіць выбаршчыкаў зноў ісці да выбарчых урнаў, парламентарыям варта было б перагледзець уласныя «чырвоныя лініі», – піша сафійская Дневник.

«Гэта ўжо сёмыя парламенцкія выбары за апошнія тры з паловай гады, і размеркаванне месцаў у парламенце па іх выніках наўрад ці будзе моцна адрознівацца ад сёлетняга. Усё толькі і гавораць аб неабходнасці рэгулярнага ўрада, аднак праведзеныя чырвоныя лініі зводзяць да мінімуму шанцы на тое, што ён з’явіцца. Калі не будзе сфарміраваны своеасаблівы кампрамісны кабінет, то ў наступным годзе нам пагражаюць новыя датэрміновыя выбары – ужо восьмыя па ліку. І тады ў Балгарыі будзе сусветны рэкорд!», – іранізуе балгарскае выданне.


Нобелеўская прэмія па эканоміцы ў гэтым годзе прысуджана навукоўцам Дарону Аджэмаглу, Джэймсу Робінсану і Сайману Джонсану за даследаванні аб тым, “чаму адны краіны багатыя, а іншыя – бедныя” – менавіта так азагалоўлена апублікаваная імі кніга. Найважнейшая выснова, зробленая вучонымі, сведчыць пра узаемасувязь паміж функцыянаваннем дзяржаўных інстытутаў і ўзроўнем дабрабыту грамадства. Еўрапейская прэса выказвае свае думкі. Frankfurter Allgemeine Zeitung падкрэслівае наступны момант.

«Галоўны тэзіс эканамістаў, правераны эмпірычна, заключаецца ў тым, што ў доўгатэрміновай перспектыве дэмакратыі эканамічна пераўзыходзяць аўтакратыі, таму што прававая дзяржава стварае куды больш спрыяльную аснову для прадпрымальнікаў і спажыўцоў у параўнанні з аўтакратыямі, якія знаходзяцца ва ўладзе капрызаў сваіх уладароў. Разуменне гэтага можа аказацца асабліва карысным для многіх, хто сёння незадаволены дэмакратыяй і хацелі б, каб моцная мужчынская (або жаночая) рука ўказала ім, куды ісці далей. Эканамічны ўздым Кітайскай Народнай Рэспублікі не супярэчыць гэтай асноўнай тэзе нобелеўскіх лаўрэатаў. Аўтакратычныя рэжымы могуць скапіяваць і паўтарыць індустрыялізацыю, але інавацыі і дагэтуль з большай верагоднасцю з’яўляюцца ў дэмакратычных краінах, чым у аўтакратыях», – адзначае нямецкае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя