BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Сказаць сваё слова

Рускія, беларусы і ўкраінцы ў Літве на сацыяльнай дыстанцыі. Якім можа быць абарончы пакт ЗША і Саудаўскай Аравіі? Грузія: на ростанях паміж ЕЗ і Расеяй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Дыктатуры ў Расеі і Беларусі, потым поўнамаштабная вайна, якую Расея развязала супраць Украіны, падштурхнулі мільёны людзей да міграцыі за мяжу. Агульная колькасць іншаземцаў у Літве ў мінулым годзе перавысіла рэкордную адзнаку ў 200 тысяч, пра што сведчаць афіцыйныя звесткі Дэпартамента міграцыі. Пра тое, як мясцовыя жыхары ўспрымаюць гэту нарастаючую хвалю міграцыі, з кім большая сацыяльная дыстанцыя і прычыны гэтага, ішла размова на панэлі «Даследуючы інтэграцыю: экспертныя погляды на ўкраінскую, рускую і беларускую супольнасці ў краінах Балтыі», якая адбылася ў Вільні 19 красавіка. Вынікі прыводзіць літоўскае выданне DELFI.

Апошнія звесткі пра міграцыю на канец сакавіка гэтага года профільнага ведамства сведчаць, што ў Літве пражывае 74 тысячы ўкраінцаў, 63 тысячы беларусаў і больш за 15 тысяч расейцаў. Характэрна, што колькасць украінцаў рэзка скарацілася ў параўнанні з пачаткам года — у студзені іх было 86 тысяч. Па выніках апытанняў жыхароў Літвы, сацыяльная дыстанцыя праяўляецца ў адносінах да чатырох груп: людзей з разумовымі абмежаваннямі, гомасэксуалістаў, мусульман і мігрантаў з Расеі. Крыху меншая, але ўсё ж значная дыстанцыя назіраецца ў адносінах да іншых груп, прычым найменшая сацыяльная дыстанцыя назіраецца ў адносінах да мігрантаў з Украіны. Мігранты з Расеі ўспрымаюцца як прадстаўнікі краіны-агрэсара, а мігранты з Беларусі і асабліва Украіны — больш прыхільныя. 22% апытаных заявілі, што ня жадаюць жыць па суседству з людзьмі, якія не гавораць па-літоўску. Акрамя таго, у грамадстве ўсё часцей разгортваюцца дыскусіі пра стаўленне насельніцтва да пашырэння выкарыстання рускай мовы ў грамадскай сферы, у тым ліку ў сферы абслугоўвання, напрыклад, таксістаў», – падкрэслівае літоўскае выданне.

***

«ЗША і Саудаўская Аравія блізкія да заключэння абарончага пакта. Новая дамова дасць Каралеўству гарантыі бяспекі і, верагодна, дапаможа ўрэгуляваць канфлікт у сектары Газа», – паведамляе Bloomberg. Хаця абмеркаванні дакумента пачаліся яшчэ да вайны ў Палестыне. Эксперты мяркуюць, што дакумент можа быць прыняты на працягу некалькіх тыдняў і радыкальна паўплывае на сітуацыю на Блізкім Усходзе.

«Раней расейскія эксперты падкрэслівалі, што Белы дом імкнецца заключыць пагадненне з-за асцярог збліжэння Эр-Рыяда з Пекінам і Масквой. У прыватнасці, галоўныя пункты дакумента ўключаюць у сябе адмову Саудаўскай Аравіі ад кітайскіх тэхналогій у абмен на доступ да сучаснай зброі ЗША, прыняцце ад іх дапамогі ў развіцці сваёй ядзернай энергетыкі і буйных інвестыцый у навуковую сферу. Аднак на шляху прыняцця гэтага гістарычнага дакумента шмат перашкод. Асноўнае з іх – рэакцыя Ізраіля. Як толькі дамоўленасці будуць прыняты, краіны прапануюць дзяржаве далучыцца да пакта. І тады перад прэм’ер-міністрам Біньямінам Нетаньяху паўстане складаны выбар: застацца ў баку або выканаць умовы пагаднення, спыніць вайну ў Газе, пагадзіўшыся на палестынскую дзяржаўнасць», – адзначае амерыканскае выданне.

***

У Грузіі прайшлі масавыя пратэсты супраць закона аб «замежным уплыве» і «інагентах». Законапраект прадугледжвае, што СМІ і арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20 працэнтаў фінансавання з-за мяжы, павінны будуць даваць справаздачу аб сваіх даходах і раскрываць іх крыніцы. У сакавіку ў краіне ўжо мелі месца шырокія акцыі пратэсту супраць прыняцця падобнага законапраекта, і ў выніку ўлада тады пайшла на папятную. «Грузія толькі ў снежні атрымала статус кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз», – нагадвае мюнхенская Süddeutsche Zeitung.

«Аднак замест таго, каб збліжацца з Еўразвязам, яна зноў пачала ад яго аддаляцца. Дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы, паколькі бачаць у запланаваным законе пагрозу еўрапейскаму курсу. Не могуць не насцярожваць і словы найуплывовага чалавека краіны: Бідзіна Іванішвілі, мільярдэр, экс-прэм’ер-міністр і лідар кіруючай партыі, цяпер абрынуўся з рэзкімі нападкамі на Захад. Захад, маўляў, мае намер выкарыстоўваць Грузію ў якасці гарматнага мяса ў барацьбе з Расеяй – як ён гэта нібыта робіць у выпадку з Украінай. Але пра гэта не можа быць і гаворкі. Падобныя выказванні толькі пацвярджаюць уражанне, быццам кіраўніцтва краіны становіцца ўсё больш аўтарытарным – і не ўпэўнена ў тым, што краіна павінна рухацца ў бок Еўразвяза. Што ж, ва ўрада ёсць выбар. Але і ў грузінскага народа таксама – бо ўвосень адбудуцца парламенцкія выбары!», – нагадвае нямецкае выданне.

***

Кітай рыхтуецца адправіць зонд да адваротнага боку Месяца, гэта першая падобная місія ў гісторыі. Запланаваны запуск беспілотнага карабля «Чан’э-6». Палёт працягнецца каля двух месяцаў: за гэты час апарат паспрабуе сабраць грунт з буйнога кратэра, які размешчаны на баку спадарожніка, які не бачны з Зямлі. Раней даставіць узоры ўдавалася толькі з бачнай часткі Месяца. У розны час гэта рабілі савецкія, амэрыканскія і кітайскія зонды. Замежныя СМІ пішуць, што новая амбіцыйная місія набліжае Кітай да высадкі чалавека на Месяц і скарачае адставанне ад ЗША ў касмічнай гонцы.

Як піша The New York Times, пасля згорнутай у 1970-х амерыканскай праграмы Apollo месяцовы грунт не прывозілі на Зямлю 50 гадоў. У 2020-м кітайскі зонд «Чан’э-5» даставіў з блізкага боку спадарожніка 2 кг. Так Пекін даказаў, што можа паспяхова вяртаць беспілотныя зонды з бачнага боку Месяца – ён ўвесь час звернута да Зямлі. У зваротнай часткі таўсцейшая кара і менш раўнін. «Чан’э-6» паспрабуе здабыць пыл і камяні з басейна «Паўднёвы полюс – Эйткен». Лічыцца, што ўтварыў яго ўдар, які быў наймацнейшым у гісторыі Сонечнай сістэмы. Узоры дазволяць навукоўцам даследаваць, чаму два бакі Месяца гэтак розняцца.

Беларускае Радыё Рацыя