BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Скінуць маскі

Бліжэйшы саюзнік Пуціна рыхтуецца да Трэцяй сусветнай вайны. Уршуля фон дэр Ляен ідзе на другі тэрмін. Як развіваецца канфлікт на Блізкім Усходзе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Фота: PAP/EPA.

Занепакоенасць трэцяй сусветнай вайной зараз для Беларусі з’яўляецца законнай, паколькі расейскае кіраўніцтва ўмацавала планы быць «максімальна гатовымі» да будучага супрацьстаяння. Свет зноў апынуўся на краі прорвы», — цытуе словы Лукашэнкі амерыканскае выданне The Newsweek.

Поўнамаштабная вайна ва Украіне, якой на гэтым тыдні споўніцца 2 гады, узмацніла глабальныя асцярогі перад больш шырокім канфліктам, які перакінецца за межы Украіны. Канфлікт, які працягваецца, з’яўляецца найбуйнейшым у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны, і спасылкі на магчымае выкарыстанне ядзернай зброі ўзмацнілі трывогу ў той час, калі па ўсім свеце разгараюцца іншыя канфлікты. Беларусь, блізкі і цвёрды саюзнік Расеі, была плацдармам для маскоўскіх сіл на пачатку ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Крэмль перамясціў тактычную ядзерную зброю ў краіну, якая таксама прымала наймітаў групы Вагнера пасля іх сыходу з рускай зямлі. Але вядома, што Беларусь не накіроўвала войскі для барацьбы з Расеяй ва Украіне і выступала за спыненне агню, хоць рэгулярна прытрымліваецца лініі Крамля ў геапалітыцы. Зараз НАТА праводзіць свае найбуйнейшыя ваенныя вучэнні ў Еўропе з 1990-х гадоў, якія атрымалі назву Operation Steadfast Defender, у якіх на працягу некалькіх месяцаў прымаюць удзел каля 90 000 вайскоўцаў. Гаворачы аб вучэннях, Лукашэнка заявіў, што менскія спецслужбы «трымаюць руку на пульсе», сцвярджаючы, што каля 32 тысяч вайскоўцаў з краін-членаў NATO дыслакаваныя «ў непасрэднай блізкасці ад Беларусі і Расеі». «Сучасны этап цывілізацыйнага супрацьстаяння Усходу і Захаду я хацеў бы ахарактарызаваць так: маскі цалкам скінуты», — заявіў Лукашэнка ў аўторак. Пры гэтым у мінулым месяцы Менск і Масква падпісалі новыя пагадненні, якія, паводле Пуціна, дэманструюць «сапраўдны альянс і стратэгічнае партнёрства паміж Расеяй і Беларуссю», – піша амерыканскае выданне.

***

Уршуля фон дэр Ляен абвясціла пра тое, што яна мае намер балатавацца на другі тэрмін на пасаду старшыні Еўракамісіі. Пра гэта яна заявіла пасля пасяджэння федэральнага праўлення партыі ХДС, па выніках якога фон дэр Ляен была вылучана ў якасці галоўнага кандыдата ад партыі на выбарах у Еўрапарламент. «У адным пункце кіраўніку Еўракамісіі не перашкодзіць палепшыць свае паказчыкі», – піша венская газета Die Presse.

«Калі б фон дэр Ляен па заканчэнні першага тэрміна на пасадзе кіраўніка Еўракамісіі выдалі атэстат, то яна атрымала б адзнаку «выдатна» па дысцыпліне, «добра» – за здольнасць рэагаваць на крызісы і «здавальняюча» – за ініцыяваныя ёю рэформы. А вось самая нізкая ацэнка была б за празрыстасць. Хаця ўраджэнка Германіі рэгулярна трымае адказ перад прадстаўнікамі парламента і ўрадаў краін ЕЗ, у камунікацыі з грамадскасцю яна застаецца больш чым стрыманай. Такія паводзіны могуць быць часткай яе палітыкі выбудоўвання ўлады, а менавіта інтэнцыяй стварэння нябачных задворкаў, дзе яна можа дзейнічаць максімальна свабодна», – адзначае аўстрыйскае выданне.

***

Ізраіль актывізаваў ваенныя дзеянні на поўдні сектара Газа. Растуць асцярогі з нагоды планаў Ізраіля пачаць шырокі наземны наступ на горад Рафах у мяжы з Егіптам, у якім сабралася больш за мільён вымушаных перасяленцаў. ЗША маюць намер падаць запыт у Савет Бяспекі ААН пра «хутчэйшае устанаўленне часовага перамір’я». «Расчараванне ЗША ў дзеяннях Ізраіля ў апошні час расце», – адзначае амерыканскае выданне Bloomberg.

«Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і некаторыя еўрапейскія лідары патрабавалі перад паходам на Рафах распрацаваць план, які гарантаваў бы бяспеку мірных грамадзян. Аднак прэм’ер Біньямін Нетаньяху паабяцаў зладзіць поўнамаштабнае ўварванне ў горад, нягледзячы на ўмовы заходніх партнёраў. Агенцтва нагадвае, што насельніцтва Рафаха ў апошнія месяцы вырасла з 250 тыс. да 1 млн чалавек, там шукаюць прытулак палестынскія ўцекачы», – піша амерыканскае выданне.

***

Юлія Навальная, удава вядомага апазіцыянера Аляксея Навальнага, як мяркуецца, забітага ў калоніі, абвясціла пра тое, што мае намер працягнуць справу мужа і весці барацьбу супраць Пуціна і Крамля. На думку аглядальнікаў, яна – дастойная пераемніца і цалкам можа згуртаваць вакол сябе расейскую апазіцыю. «Барацьба Навальнага будзе працягнутая», – піша рымская газета La Repubblica.

«Дзве жанчыны падхапілі ідэалагічны і палітычны сцяг Аляксея Навальнага, якога Уладзімір Пуцін паспрабаваў знішчыць назаўжды. Адна з іх – гэта маці Аляксея Людміла. Яна ўжо на працягу трох дзён знаходзіцца ў адным з самых аддаленых і суровых рэгіёнаў Сібіры і кідаецца ад аднаго населенага пункта да іншага. Гэтае адчайнае блуканне маці ў пошуках цела свайго сына ёсць маўклівае ўвасабленне крыку болю – і абвінавачванне падазронай двухсэнсоўнасці «цара». Іншая жанчына, жонка Навальнага Юлія, кінула цару ў твар пальчатку палітычнага выкліку, адкрыта абвінаваціўшы яго ў забойстве свайго мужа», – адзначае італьянскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя