BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Шлях да абсурду

РФ няма ў спісах забароны на ўезд у ЗША па турвізах, а Беларусь ёсць. У Сербіі прайшлі самыя вялікія пратэсты ў гісторыі краіны. Жыхароў Газы могуць перасяліць у Афрыку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Адміністрацыя Дональда Трампа мае намер увесці абмежаванні на ўезд у краіну для грамадзян 41 дзяржавы, падзеленых на “чырвоную”, “аранжавую” і “жоўтую” катэгорыі, аб чым сведчыць унутраны службовы дакумент, з якім азнаёмілася агенцтва”, падкрэслівае DW.

У “чырвоны” спіс уваходзяць Афганістан, Венесуэла, Іран, Емен, Куба, Лівія, Паўночная Карэя, Сірыя, Самалі і Судан – грамадзянам гэтых краін будзе забаронена ўязджаць у ЗША, яны не змогуць атрымаць уязныя візы. У “аранжавым” спісе пяць дзяржаў – Гаіці, Лаос, М’янма, Эрытрэя і Паўднёвы Судан, грамадзянам гэтых краін будзе абмежаваны ўезд у ЗША па турыстычных і студэнцкіх, а таксама іншым іміграцыйных візах з некаторымі выключэннямі. Нарэшце, у “жоўтым” спісе 26 дзяржаў, уключаючы Беларусь і Туркменістан, іх урадам будзе прапанавана ліквідаваць “недахопы” на працягу 60 дзён, у адваротным выпадку выдача віз ЗША можа быць прыпынена. Цалкам “жоўты” спіс агенцтва не апублікавала, у публікацыі таксама адзначаецца са спасылкай на крыніцу, што спісы гэтыя не канчатковыя, у іх могуць унесці змены. Раней паведамлялася, што РФ і Беларусь могуць патрапіць у “аранжавы” спіс, а ў ЗША з гэтых краін змогуць уязджаць толькі “заможныя бізнес-вандроўнікі”, – падкрэслівае DW.

***

«На акцыю пратэсту супраць палітыкі прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, а таксама маштабнай карупцыі ў краіне, выйшла каля аднаго мільёна чалавек. Гэта дае магчымасць казаць аб тым, што на пратэст выйшаў кожны 14-ы жыхар Сербіі”, – перадае Polskie Radio.

«Людзі з іншых гарадоў краіны загадзя масава прыязджалі ў Бялград. Па меркаванні шматлікіх назіральнікаў і экспертаў, гэтая дэманстрацыя стала найбуйнай у гісторыі Сербіі. Сотні тысяч чалавек выйшлі на вуліцы, каб падтрымаць студэнтаў, якія пратэстуюць супраць урада. Гэта чарговы этап барацьбы за пакаранне вінаватых у аварыі на чыгуначнай станцыі Нові-Сад, якая адбылася некалькі месяцаў таму. Адным з фактараў трагедыі пратэстоўцы лічаць моцную карумпаванасць мясцовых улад. Як паведамляюць сербскія СМІ, мясцовыя службы бяспекі прымянілі супраць дэманстрантаў гукавую зброю. Пасля заканчэння цырымоніі памінання ахвяр на адной з вуліц у долі секунды пачалася паніка, і натоўп з некалькіх тысяч чалавек хаатычна разбегся ў розныя бакі. Прэзідэнт Вучыч назваў паведамленні аб прымяненні гукавой зброі несапраўднымі. Студэнтаў падтрымалі многія знакамітасці і зоркі спорту, у тым ліку тэнісіст Новак Джокавіч. Cам Вучыч заявіў, што гатовы да новых выбараў у бліжэйшыя тры-чатыры месяцы, калі апазіцыя гэтага запатрабуе. Ён таксама зазначыў, што, на яго думку, гэтыя выбары прынясуць яму яшчэ больш пераканаўчую перамогу», – перадае Polskie Radio.

***

Ізраільскае выданне Вести сцвярджае, што ЗША і Ізраіль звярнуліся да трох краін Усходняй Афрыкі з прапановай “абмеркаваць пытанне пра перасяленне жыхароў Газы на іх тэрыторыі”.

«План Дональда Трампа па перасяленні палестынцаў з Газы ў трэція краіны не адмяняецца: прадстаўнікі ЗША і Ізраіля звязаліся па дыпламатычных каналах з кіраўнікамі трох краін Усходняй Афрыкі, прапанаваўшы ім абмеркаваць магчымасць прыёму жыхароў Газы, якія пагодзяцца на рэлакацыю. Дзяржавы, з якімі вядуцца перагаворы, – Судан, Самалі і Самаліленд. Перамовы не толькі вядуцца, але і знаходзяцца на прасунутай стадыі. Аднак не зразумела, на якім менавіта ўзроўні ажыццяўляюцца кантакты. Такі план упершыню быў агучаны Дональдам Трампам 4 лютага 2025 года падчас сустрэчы з ізраільскім прэм’ерам Біньямінам Нетаніягу. У Ізраілі да ідэі паставіліся з энтузіязмам, тады як арабскі свет выказаў “шалёную нязгоду”, прапанаваўшы альтэрнатыўны план рэканструкцыі коштам у 52 млрд даляраў. Але ўлады Судана маюць патрэбу ў фінансавай падтрымцы, якую атрымаюць, пагадзіўшыся на прыём палестынцаў. Самаліленд, дзяржава з насельніцтвам каля мільёнаў чалавек на Афрыканскім Рогу, аддзялілася ад Самалі больш за 30 гадоў таму, але не атрымала шырокага міжнароднага прызнання. Магчымасць прызнання з боку ЗША з`яўляецца вельмі сур’ёзным стымулам. Што да Самалі, то гэтая дзяржава адкрыта падтрымлівае палестынцаў», – падкрэслівае ізраільскае выданне.

***

«У Нацыянальным музеі Літвы працягваецца выстава «Кіеўская Русь. Пачатак». Між тым, дырэктар музея прапануе пачаць дыскусію пра тое, як трэба называць Расею (па-літоўску – «Rusija»). Паводле яе слоў, расейская прапаганда на працягу многіх гадоў імкнулася сцерці розніцу паміж Руссю і Расеяй, але гэта не правільна, асабліва зараз, ва ўмовах вайны супраць Украіны», – піша LRT.lt.

«Па словах дырэктара Нацыянальнага музея Руты Качкуце, перад вайной супраць Украіны Расея спрабавала растлумачыць, што Кіеўская Русь – гэта славянская тэрыторыя, якая нібыта належыць непасрэдна Маскве. Аднак экспанаты выставы расказваюць праўдзівую гісторыю дзяржавы, заснаванай у IX стагоддзі князем Рурыкам. У склад гэтай дзяржавы ўваходзілі тэрыторыі цяперашняй Расеі, Украіны і Беларусі. Кіеўская Русь – гэта не Расея (па-літоўску – «Rusija») і ніколі ёю не была, падкрэслівае дырэктар музея. Таму прапануецца абмеркаваць змену наймення Расеі. Дырэктар не прапануе канкрэтнай назвы для Расеі як дзяржавы. Гэта, паводле яе слоў, маглі б вырашыць спецыялісты па літоўскай мове. Старшыня Камісіі па літоўскай мове Віялета Мэйлюнайтэ лічыць, што абмяркоўваць змену назвы Расеі можна, аднак, паводле яе слоў, любая змена мовы ў грамадстве ўспрымаецца вельмі балюча. Па словах Мэйлюнайтэ, звычайна назвы дзяржаў мяняюцца па палітычных матывах, і гэтыя змены ініцыююцца самімі дзяржавамі. У сваю чаргу Старшыня Сейма не лічыць, што на парадку дня парламента можа ўзнікнуць пытанне аб змяненні назвы Расеі. У Сейме папярэдняга склікання абмяркоўвалася, ці мае сэнс мяняць назву «Rusija», якая выкарыстоўваецца цяпер у літоўскай мове, на «Maskovija» («Масковія»)», – піша літоўскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя