Беларуская дыяспара рыхтуецца да святкавання Дня Волі. Перамовы Украіна – ЗША. Турцыя: Імамаглу ў СІЗА, на вуліцах – пратэсты.

«У Польшчы, дзе жыве мноства беларусаў, якія з’ехалі ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, адбудуцца святкаванні Дня Волі – нацыянальнага свята, забароненага прарасейскай дыктатурай у Менску», – перадаеPolskie Radio.
«У Беластоку беларусы пачынаюць адзначаць 107-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – Дзень Волі. У праграме – канцэрты, сустрэчы, спектаклі і малітва за беларускі народ. Беларуская Народная Рэспубліка абвясціла сваю незалежнасць 25 сакавіка 1918 года. Рэжым Лукашэнкі не прызнае гэтую дату, а за публічнае святкаванне гэтага свята ў Беларусі пагражае турма. Таму ўрачыстасці праводзяцца па ўсім свеце, у месцах, дзе пражывае беларуская дыяспара. Каб азмрочыць эмігрантам свята, Лукашэнка прызначыў сваю інаўгурацыю на 25 сакавіка. 23 сакавіка ў праваслаўным храме Святога Іаана Багаслова ў Беластоку прайшоў малебен аб беларускім народзе. Мясцовыя беларускія арганізацыі зладзілі канцэрт на плошчы ля ратушы з удзелам культавага рок-музыкі Лявона Вольскага, а таксама выступ Клуба гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863. У аўторак у рамках асноўных святкаванняў 107-й гадавіны адбудзецца сімвалічны прабег з нагоды Дня Волі, а таксама ўрачысты канцэрт “Беларускія маршы і гімны. Лірыка барацьбы» у выкананні Міжнароднага мужчынскага хору UNIA з Вільні. Святкаванне Дня Волі завершыцца ў сераду 26 сакавіка канцэртам гурта NaviBand, – перадае Polskie Radio.
У Саудаўскай Аравіі пачаліся новыя перамовы па дасягненні перамір’я ў расейска-ўкраінскай вайне. Перамовы праходзяць у чоўнавым фармаце: спачатку сустрэліся перагаворшчыкі ад Украіны і ЗША, затым запланавана сустрэча перагаворшчыкаў ад ЗША і Расеі. Як заявіў па выніках гутаркі дэлегацый з Кіева і Вашынгтона міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, дыялог быў канструктыўным і інфарматыўным. «Хуткага заканчэння вайны не прадбачыцца», – лічыць лісабонскі штотыднёвік Expresso.
«Масква працягне ваяваць – і паралельна весці перамовы з Трампам, з тым каб выйграць час. Парадаксальным чынам трампавыя саступкі Пуціну толькі ўмацавалі веру расейскай эліты і грамадства ў ваенную перамогу ва Украіне. Як неўзабаве давядзецца канстатаваць Беламу дому, заканчэнне гэтай вайны, якая разглядаецца абодвума бакамі як вайны экзістэнцыйнай, – гэта складаны, цярністы і зацяжны дыпламатычны працэс. У адрозненне ад таго, што думае Трамп, асабістыя адносіны не важнейшыя, чым інтарэсы, і ён тут не з’яўляецца адзіным актарам гісторыі», – піша партугальскае выданне.
Сітуацыя ў Турцыі абвастраецца: у мінулую нядзелю апазіцыйная Рэспубліканская народная партыя вылучыла сваім кандыдатам у прэзідэнты Экрэма Імамаглу – галоўнага палітычнага суперніка Эрдагана. Некалькі дзён таму Імамаглу быў арыштаваны і зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары; ён таксама адхілены ад выканання сваіх абавязкаў мэра Стамбула. На масавыя пратэсты грамадзян паліцыя адказала шматлікімі затрыманнямі. Еўрапейская прэса разважае аб тым, якія рычагі ўплыву маюцца ў распараджэнні Эрдагана – як усярэдзіне краін, так і за яе межамі. «Турцыя ўсё больш нагадвае аўтарытарную дзяржаву», – адзначае заграбская Večernji list.
«З прычыны арышту мэра Стамбула Экрэма Імамаглу і непрыкрытых рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі Турцыя стала нагадваць пуцінскую Расею і лукашэнкаўскую Беларусь. Як і гэтыя двое, Эрдаган нічога не аддае на водкуп выпадку, сваіх супернікаў ён перамагае не на выбарах, а ўхіляе іх з дапамогай судоў і турэмных тэрмінаў. Лідэры апазіцыі губляюць не толькі свой палітычны ўплыў, але і становяцца ахвярамі паказальных працэсаў, а іх прыхільнікі падвяргаюцца жорсткаму гвалту з боку паліцыянтаў. Як і Пуцін, Эрдаган выкарыстоўвае правасуддзе ў якасці інструмента супраць сваіх палітычных сапернікаў. Турцыя ўсё больш аддаляецца ад дэмакратыі і набліжаецца да мадэлі ўлады па тыпе Расеі і Беларусі, – падсумоўвае харвацкае выданне.
Трамп вядзе перамовы з Пуціным наконт заканчэння вайны ва Украіне, а НАТА знаходзіцца ў экзістэнцыйным крызісе з-за цяперашняй палітыкі Злучаных Штатаў. На фоне ўсіх гэтых падзей краіны Еўрасаюза вядуць дыскусіі аб нарошчванні ўзбраенняў, агульнай абароне – і далейшай падтрымцы Кіева. Еўрапейскія СМІ разважаюць аб тым, на чым будзе грунтавацца і з якімі праблемамі можа сутыкнуцца патэнцыйная новая мадэль еўрапейскай бяспекі. Барселонская El Periódico de Catalunya крытыкуе планы фон дэр Ляйен.
«Ні Гішпанія, ні любая іншая краіна ЕЗ не ў стане ў адзіночку пакрыць свае патрэбы ў абаронным сектары. Узбраенне на нацыянальным роўні – як гэта, відаць, уяўляе сабе фон дэр ля Ляен, – не забяспечыць ні бяспекі кожнай з краін супольнасці, ні рэальнай стратэгічнай аўтаноміі Еўрасаюза. Намаганні неабходна рабіць разам – і пад кіраўніцтвам Бруселя. Такім чынам можна было б вызначыць абаронныя планы супольнасці ў цэлым, выявіць запатрабаванні і размеркаваць задачы так, каб гэта пайшло на карысць усім. Што да Іспаніі, то ні яе абаронная прамысловасць, ні яе армія не ў стане справіцца з усімі выклікамі. Але, мяркуючы па ўсім, усведамленне гэтага яшчэ не наступіла», – піша каталонскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






