Беларусь імкліва павялічыла імпарт з акупаваных тэрыторый Украіны. За кампаніяй Джэорджэску ў TikTok магла стаяць партыя ўлады PNL. Іран вярбуе дзяцей для нападу на ізраільцян у Еўропе: 1560 долараў за забойства. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
“Беларусь літаральна скупляе тавар за бесцань. Сабекошт металургічнай прадукцыі на акупаваных тэрыторыях Украіны значна ніжэй за сярэднерынкавы. За першыя дзевяць месяцаў 2024 года Беларусь істотна павялічыла аб’ёмы імпарту грузаў з акупаваных тэрыторый Украіны. Зафіксаваны велізарны рост паставак — больш за 25 тысяч тон, што ў 2,5 разы перавышае сумарныя аб’ёмы за папярэднія чатыры гады”, – перадае Polskie Radio.
«У 2024 годзе прынцыпова змянілася і наменклатура імпартаванага грузу. Калі раней з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь вазілі вугаль, то ў 2024 годзе аснову складае металапракат і вырабы з металу. Сярод асноўных атрымальнікаў — найбуйнейшыя беларускія прамысловыя прадпрыемствы: ЗАТ «Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання», ААТ «Керамін», ІТААА «Омск Карбон Магілёў», ААТ «БЕЛАЗ», Мінскі аўтамабільны завод, ААТ «Гомельбудматэрыялы» і іншыя. Такія пастаўкі з Украіны абумоўлены таннай працоўнай сілай, адсутнасцю строгіх экалагічных і працоўных стандартаў, а таксама магчымасцю працаваць з мінімальнымі накладнымі расходамі. Непрызнаны статус акупаваных рэгіёнаў дазваляе рэалізоўваць метал без аплаты стандартных падаткаў і экспартных пошлін. Найбуйнейшым адпраўшчыкам металургічнай прадукцыі з’яўляецца Алчэўскі металургічны камбінат, размешчаны ў Луганскай вобласці. Беларускія прадпрыемствы ахвотна закупляюць метал з акупаваных тэрыторый, аддаючы яму перавагу перад прадукцыяй уласнага вытворцы — ААТ «БМЗ», – падкрэслівае Polskie Radio.
***
«За кампаніяй на карысць антызаходняга кандыдата ў прэзідэнты Румыніі Кэліна Джеорджеску ў TikTok, магла стаяць Нацыянальная ліберальная партыя (PNL) – адна з двух партый цяперашняй урадавай кааліцыі краіны», – піша азэрбайдзанскае выданне Zerkalo.
«Нацыянальнае агенцтва па фінансаваму адміністраванню Румыніі (ANAF) устанавіла, што кампанія Echilibru și Verticalitate на карысць Джэярджэску ў TikTok была аплачана Нацыянальнай ліберальнай партыяй. Аплата адбылася праз камунікацыйнае агенцтва Kensington Communication, якую наняла PNL.
У расследаванні сцвярджаецца, што Kensington Communication заплаціла інфлюенсерам, якія публікавалі пасты пад хэштэгам на румынскім Echilibru și Verticalitate і распавядалі пра Джэрджэску-кандыдата, не называючы яго імя (хоць некаторыя інфлюенсеры напісалі яго імя ў камэнтарах). Агулам кампанія Echilibru și Verticalitate сабрала 2,4 мільёны праглядаў, сцвярджаюць дакументы, якія знаходзяцца ў распараджэнні Snoop. У адказ на запыт выдання Нацыянальная ліберальная партыя прадставіла каментар Kensington Communication. Агенцтва пацвердзіла, што супрацоўнічала з партыяй, але для прасоўвання яе ўжо былога лідара Мікалае Чукэ, калі той апублікаваў мемуары ў сярэдзіне 2024 года, і канцэпцыю камунікацыйнай кампаніі, якая называлася Echilibru si seriozitate, выкралі і змянілі на карысць Джэярджэску. У Kensington Communication заявілі, што звернуцца ў пракуратуру Румыніі для расследавання. Нацыянальная ліберальная партыя ад далейшых каментароў адмовілася. Расследаванне можа яшчэ больш паглыбіць палітычны крызіс у Румыніі, дзе праеўрапейскія партыі спрабуюць сфарміраваць кааліцыю для пераадолення найбуйнейшага ў Еўрапейскім саюзе бюджэтнага дэфіцыту і прызначыць паўторнае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах», – падсумоўвае азэрбайджанскае выданне.
***
«Напад з прымяненнем бутэлькі з запальнай сумессю ацэньваецца ў 125 долараў. З такімі ўмовамі Іран вярбуе для нападаў на яўрэйскія аб’екты і ізраільцян у Еўропе не толькі крымінальныя элементы, але і непаўналетніх», – паведамляе амерыканскае агенцтва Bloomberg.
У публікацыі пералічваецца шэраг як прадухіленых, так і ўчыненых тэрактаў (абстрэл або падпал ізраільскіх пасольстваў і іншых аб’ектаў), да якіх былі прыцягнуты дзеці ва ўзросце 13-15 гадоў. Гаворка ідзе пра напады як з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі, так і бутэлек з запальнай сумессю. «За забойства яўрэя Іран гатовы плаціць 1560 долараў, за тэракт з “кактэйлем Молатава” – 125 долараў. Іран вярбуе падлеткаў у сацыяльных сетках, пераважна Telegram, TikTok, WhatssApp. Асноўны ўпор зроблены на скандынаўскія краіны, асабліва Швецыю і Нарвегію, дзе традыцыйна мінімальны ўзровень паліцэйскага нагляду за бяспекай і большая доля бежанцаў з арабскіх краін. На фоне вайны Ізраіля ў Газе і Ліване ў скандынаўскіх краінах рэзка вырас узровень напружанасці паміж ураджэнцамі і мігрантамі. Раней Нарвегія аб’явіла аб павышэнні ўзроўню тэрарыстычнай пагрозы з сярэдняга да высокага (адзін узровень да максімальнага) з-за росту папярэджанняў аб магчымым нападзе на яўрэйскія і ізраільскія аб’екты ў краіне. Паліцыянтам выдадзены табельныя пісталеты (звычайна вартавыя парадку няўзброеныя)», – піша амерыканскае выданне.
***
Дональд Трамп да апошняга дамагаўся прыпынення працы ўрада ЗША. Прынамсі, так лічаць у Белым доме. Там заявілі, што будучы прэзідэнт цісне на рэспубліканцаў у Кангрэсе ў пытанні прыняцця законапраекта аб падаўжэнні фінансавання ўрада. Увечары 18 снежня дакумент прадставіў спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан. Праект у тым ліку прадугледжваў выдзяленне больш як $110 млрд на ліквідацыю наступстваў стыхійных бедстваў. Гэта, паводле звестак СМІ, стала сур’ёзнай саступкай рэспубліканцам, і дазволіла дэмакратам уключыць у дакумент шырокі спектр сваіх прапаноў. Аднак яны не спадабаліся Дональду Трампу, і законапраект у выніку быў адхілены. «Калі кангрэсмены не прыйшлі бы да кампрамісу да 20 снежня, то гэта павялічыла бы верагоднасць шатдаўна – першага за апошнія шэсць гадоў», – піша ўкраінскае выданне NvU.
«Сенат ЗША ў ноч на суботу, 21 снежня, ухваліў законапраект, які падаўжае фінансаванне працы ўрада да сакавіка 2025 года. Такім чынам удалося пазбегнуць шатдаўна. Дакумент падтрымалі 85 чальцоў Сената, 11 выступілі супраць. Супраць прапановы Трампа прагаласавалі не толькі дэмакраты, але і значная колькасць рэспубліканцаў, што пацягнула «напружаныя 24 гадзіны ў Капітоліі». Законапраект забяспечвае фінансаванне ўрада да 14 сакавіка 2025 года і прадугледжвае выдзяленне каля 100 млрд долараў дапамогі штатам, якія пацярпелі ад ураганаў Хелен і Мілтан і іншых стыхійных бедстваў», – піша ўкраінскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






