Беларускія палітвязні сутыкаюцца з гвалтам, адсутнасцю медыцынскай дапамогі і ізаляцыяй. Ваенная будучыня Еўропы. Ці атрымаюць Румынія і Балгарыя Шэнген? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

За тры гады знаходжання ў беларускай калоніі праваабаронца Леанід Судаленка паведаміў, што яго і іншых палітвязняў рэгулярна пазбаўлялі спатканняў з роднымі, тэлефонных званкоў і пасылак. Ён ледзь не памёр, калі COVID-19 ахапіў установу. «А апошнія дзевяць дзён зняволення ён быў вымушаны правесці ў сырым штрафным ізалятары, спаць на бетоннай падлозе з рулонам туалетнай паперы ў якасці падушкі», – піша міжнароднае выданне The Abcnews.
„Палітзняволены Судаленка павінен быў насіць жоўтую бірку на сваёй форме — як і ўсе 1473 палітвязні, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі. Па такой прыкмеце іх лёгка пазнавалі ахоўнікі, якія, паводле ягоных слоў, рэгулярна здзекаваліся, ды зневажалі іх. Беларускія ўлады наўмысна ствараюць жудасныя ўмовы ўтрымання палітвязняў, якія кваліфікуюцца як катаванні. Беларусь расправілася з апанентамі аўтарытарнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі пасля выбараў у жніўні 2020 г., якія далі яму шосты тэрмін на прэзідэнцкай пасадзе, што шмат хто разглядае як махлярства. Дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі, які заснаваў «Вясну», найстарэйшую і найбольш выбітную праваабарончую групу Беларусі. Ён адбывае 10-гадовы тэрмін зняволення і знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Некалькі зняволеных не перажылі зняволення, так мастак Алесь Пушкін памёр у ліпені ад прабадной язвы, не атрымаўшы медычнай дапамогі, і Вітольд Ашурак, чыё цела было перададзена сваякам у 2021 годзе з павязкай на галаве. У гэтым месяцы ўлады ЗША запатрабавалі ад Беларусі вызваліць усіх палітвязняў, інакш уведзеныя супраць Менска санкцыі будуць больш жорсткімі. Новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да 19 беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, якія падтрымліваюць Лукашэнку, было абвешчана 5 снежня. Незалежныя аналітыкі лічаць, што сітуацыя пагоршыцца напярэдадні парламенцкіх выбараў у наступным годзе і прэзідэнцкіх у 2025 годзе. Алгарытм Лукашэнкі не мяняўся некалькі дзесяцігоддзяў. Пасля кожных выбараў ён накоплівае колькі можа палітвязняў і пачынае гандлявацца з Захадам, патрабуючы зьмякчэння санкцыяў у абмен на вызваленне дэмакратычных лідэраў», – наракае міжнародае выданне.
Берлінскае выдавецтва Акселя Шпрынгера падтрымлівае цесныя адносіны з кіраўніцтвам Украіны і даволі часта публікуе інсайды з Кіева. На гэтым тыдні вядучыя выданні Шпрынгера Bild і Die Welt апублікавалі розныя і пры гэтым вельмі супярэчлівыя сцэнары ваенных планаў Украіны на 2024 год.
Bild – са спасылкай на свае крыніцы ў Кіеве і ў заходніх выведках – лічыць, што Пуцін мае намер ваяваць да 2026 года і не губляе надзею заваяваць большую частку Украіны. У такой сітуацыі Кіеў засяродзіцца на абароне і не будзе праводзіць наступальныя аперацыі. Die Welt – зноў жа са спасылкай на свае крыніцы ў Кіеве і на Захадзе – лічыць, што Украіна плануе наступаць і нават перадала амерыканцам канкрэтны спіс узбраення, неабходнага для наступлення. Тым не менш пад пагрозай паўстае ўся Еўропа. «Міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыюс чарговы раз заклікаў сур’ёзна ўспрымаць пагрозу вайны НАТА і Расеі. Ён перакананы, што Масква рухаецца менавіта ў гэтым кірунку, а ў НАТА ёсць яшчэ пяць-восем гадоў, каб падрыхтавацца да магчымага прамога сутыкнення з супернікам», – перадае нямецкае выданне.
Падчас дыскусіі аб уступленні Румыніі і Балгарыі ў Шэнгенскую зону Аўстрыя змякчыла сваю пазіцыю і ўнесла прапанову дапусціць частковае ўступленне, адмяніўшы памежны кантроль у аэрапортах. Узамен Аўстрыя патрабуе ўзмацнення жорсткасці мер у дачыненні да мігрантаў. Румынскія і балгарскія каментатары абмяркоўваюць, наколькі прымальная падобная здзелка. На думку сафійскай газеты Труд, разумных прапаноў тут пакуль не бачна, але ёсць хаця б нейкая станоўчая тэндэнцыя.
«Уступленне ў Шэнгенскую зону толькі ў паветранай прасторы – гэта як быць крыху цяжарнай. Так не бывае. Альбо мы ўступаем у Шэнгенскую зону па-сапраўднаму, бо крытэрыі ўступлення мы выконваем ужо на працягу многіх гадоў, альбо мы гэтага не робім зусім. Палавіністыя рашэнні, загорнутыя для прывабнасці ў падарункавую паперу, нікому не патрэбныя. Крыўдна ўвогуле весці падобную дыскусію! У той самы час гэта з’яўляецца знакам таго, што Аўстрыя пачынае змякчаць сваю пазіцыю. У такім выпадку Нідэрланды засталіся б адзіным супернікам нашага далучэння да шэнгену сярод усіх краін ЕЗ, што ўзмацніла б дыпламатычны ціск на Нідэрланды», – адзначае балгарскае выданне.
Еўразвяз ухваліў перамовы аб уступленні Украіны ў блок, але з вылучэннем фінансавай падтрымкі ўзніклі праблемы. Пакет дапамогі на €50 млрд заблакавала Венгрыя. Таксама прэм’ер краіны Віктар Орбан выказваўся супраць сяброўства Украіны ў супольнасці, але ў галасаванні па гэтым пытанні не ўдзельнічаў і пакінуў залу. У Бруселі спадзяюцца, што прыйсці да кампрамісу яшчэ атрымаецца, але ў той жа час задумваюцца аб тым, як абысці вета, накладзенае Будапештам. «З выдзяленнем фінансавай дапамогі справы ідуць складаней», – піша амерыканскае выданне The Bloomberg.
«Як падтрымка Бруселя не менш важная для Кіева, чым зброя і боепрыпасы з Вашынгтона. Пакет павінен быў уключаць прыкладна €36 млрд у выглядзе крэдытаў і €19 млрд у выглядзе грантаў. Гэта дапамагло б пакрыць значную частку дэфіцыту бюджэту, які Ўкраіна чакае ў наступным годзе. У гэтым пытанні прыём Шольца б не спрацаваў: рашэнне павінна быць па-сапраўднаму аднагалосным. А Віктар Орбан крытыкуе тое, як Кіеў марнаваў грошы з папярэдняга пакета. Але Будапешт гатовы адклікаць вета, калі яму самому дадуць дапамогу. €30 млрд, выдзеленых Еўрасаюзам, замарозілі з-за прэтэнзій да палітычнага рэжыму ў Венгрыі. Лідэры ЕЗ пры гэтым захоўваюць стрыманы аптымізм. Прэм’ер Нідэрландаў Марк Рутэ заявіў, што блок зможа дабіцца прарыву ў пачатку наступнага года», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя






