
Як нямецкія элітныя аўтамабілі праз Беларусь трапляюць у Расею. Пайшоў з жыцця Леў Рубінштэйн. Што вядома аб авіяўдарах па Емене? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Нямецкі канал ZDF выпусціў расследаванне аб раскошных машынах з Германіі, якія працягваюць завозіцца ў Расею. Адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ЕЗ забараніў увозіць у РФ аўтамабілі, кошт якіх перавышае 50.000 еўра.
«Паток такіх машын не слабее. Сенсацыі ў гэтым няма: машыны трапляюць у Расею праз Беларусь, куды іх можна легальна ўвозіць, а пасля перапрадаюцца ў РФ. Так што суагрэсар адкрыта зарабляе на дзіравых санкцыях супраць агрэсара. Эканамічны ціск павінен аказвацца не толькі супраць самой Расеі. Ёсьць таксама санкцыі для Беларусі, але яны сфарміраваныя па-рознаму. Туды па-ранейшаму магчымы экспарт тавараў раскошы, такіх як спартовыя аўтамабілі. Аўтагандляры карыстаюцца гэтымі адрозненнямі ў рэжыме санкцый і тым самым зарабляюць у Расеі вялікія грошы на нямецкіх машынах, нягледзячы на вайну і санкцыі» – заўважае нямецкае выданне.
Паэт, аглядальнік, грамадскі дзеяч, журналіст, адзін з лідэраў маскоўскага канцэптуалізма Леў Рубінштэйн пайшоў з жыцця 14 студзеня. Урачам не ўдалося яго выратаваць — на пачатку тыдня ў цэнтры Масквы творцу збіла машына і ўвесь гэты час дактары змагаліся за яго жыццё. Паэту было 76 гадоў.
Расейскае выданне Meduza аддае даніну памяці грамадзянскай пазіцыі паэта, які адкрыта асуджаў расейскую агрэсію ва Украіне з 2014 года, і падтрымаў мірныя пратэсты ў Беларусі. З гэтай нагоды выданне цытуе адкрыты зварот Льва Рубінштэна да Святланы Алексіевіч, які ён напісаў у верасні 2020 года. Гэта была рэакцыя эсэіста ў адказ на пасланне пісьменніцы ў адрас расейскай «інтэлігенцыі», «якая сарамліва маўчыць» на падзеі, што адбываюцца.
«У нашы дні і вы самі, і ваша высокая маральная пазіцыя, і стыхійна ўзніклыя лідэры беларускага пратэсту, уключаючы тую вашу цёзку, якая, мяркуючы па скрадзеных выніках апошніх выбараў, стала прэзідэнтам краіны, і цудоўная і адважная жанчына Маша Калеснікава, і тыя сотні і тысячы дзіўных, немагчыма прыгожых, вольных і, нягледзячы ні на што, незласлівых жанчын і дзяўчат, на якія можна глядзець бясконца, сведчаць пра тое, што ў вайны, можа быць, твар не жаночы, а вось у свабоды, у годнасці, у стваральнай весялосці і ў рашучай пяшчоты твар, без сумневу, менавіта жаночы. У вас атрымаецца, я ўпэўнены. Вы пераможаце, цешачы адзін аднаго і перамагаючы саміх сябе. Можа, не сёння і нават не заўтра, але абавязкова», – друкуе словы звароту паэта да нобелеўскай лаўрэаткі з Беларусі расейскае незалежнае выданне.
Хусіты прыгразілі атакаваць ваенныя базы ЗША пры ўзмацненні ўдараў. Кіраўніцтва групоўкі заявіла аб «агрэсіўным нападзе» з боку Вашынгтона і Лондана і праве на законную самаабарону. У ноч на 12 студзеня ЗША і Вялікабрытанія нанеслі ўдары па аб’ектах хусітаў у адказ на абстрэлы гандлёвых суднаў у Чырвоным моры. Еменскія паўстанцы пачалі атакі ў лістападзе ў знак салідарнасці з палестынскай групоўкай «Хамас», што паставіла пад пагрозу камерцыйныя маршруты. Магчымыя ўдары па Емене абмяркоўваліся амаль два тыдні. Цяпер жа гучаць асцярогі, што гэта можа прывесці да новай вялікай вайны. Еўрапейскае выданне Politico распавядае, як менавіта прымалі рашэнне аб нападзе на хусітаў.
«Абмеркаванне пачалося ў першы дзень года, пасля чарговага абстрэлу ў Чырвоным моры. І тады ЗША і саюзнікі абмежаваліся папярэджаннем, заявіўшы аб наступствах, якія чакаюць хусітаў у выпадку новых нападаў. Гэта не дапамагло. 9 студзеня еменскія паўстанцы нанеслі самы буйны ўдар, які і стаў апошняй кропляй. Амерыканскія вайскоўцы назвалі гэта комплексным нападам, гэтак жа яны ў свой час ацэньвалі напады забароненых у Расеі «Талібана» і «Ісламскай дзяржавы», якія станавіліся прадвеснікамі зацяжных канфліктаў. Гэтага і асцерагаюцца некаторыя палітыкі ў ЗША. Дэмакраты крытыкуюць Джо Байдэна: яны заяўляюць, што прэзідэнт парушыў Канстытуцыю і павінен быў атрымаць ухвалу Кангрэса. А вось рэспубліканцы рашэнне падтрымалі, асобныя прадстаўнікі партыі нават назвалі яго запозненым», – заўважае еўрапейскае выданне.
На старонках брытанскай прэсы зноў шырока абмяркоўваецца скандал вакол аддзяленняў брытанскай пошты, сотні супрацоўнікаў якіх былі несправядліва асуджаныя за нібыта зробленыя імі памылкі ў выстаўленні рахункаў, хоць вінаватым аказалася праграмнае забеспячэнне. Па матывах скандалу быў нават зняты тэлевізійны серыял. Шмат хто з абвінавачаных у злачынстве, якога яны не здзяйснялі, ужо прайшлі нялёгкі шлях барацьбы за справядлівасць. Цяпер прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак абвесціў пра тое, што мае намер у найбліжэйшым часе рэабілітаваць пацярпелых і выплаціць ім кампенсацыю. «Можна толькі спадзявацца на тое, што ўрады і буйныя прадпрыемствы вынясуць для сябе ўрок са здарэння», – піша дублінская газета The Irish Times.
«Гэты скандал паднімае важныя пытанні пра безадказнасць менеджараў пошты, якія паставіліся да старанна выконваючых свае абавязкі супрацоўнікащ як да злачынцаў і адмовіліся падвяргаць сумневу надзейнасць праграмнага забеспячэння Horizon, нягледзячы на абсурдны рост ліку выпадкаў растраты. Японская IT-кампанія Fujitsi яшчэ павінна падаць свае тлумачэнні. Адсутнасць адміністрацыйнага і палітычнага кантролю можна назваць проста абуральнай. У эпоху аўтаматызацыі і развіцця, ўлады і буйныя арганізацыі павінны зрабіць свае высновы перад абліччам такога выпадку», – піша ірландскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя