МУС Літвы скасавала дамову з кампаніяй, звязанай з пашпартам Новай Беларусі. ААН: як рэфармаваць гэтую арганізацыю? Ці пойдзе «Хезбала» на саступкі Ізраілю. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«МУС Літвы скасавала дамову з кампаніяй Garsų pasaulis, якая была звязана з пашпартам Новай Беларусі», – перадае DW.
«Міністэрства ўнутраных спраў Літвы скасавала дамову з кампаніяй Garsų pasaulis, якая займалася вырабам бланкаў для літоўскіх дакументаў, а таксама была ўцягнутая ў праект пашпарта Новай Беларусі, паведамляецца на сайце міністэрства. Пасля публікацыі расследавання аб магчымых сувязях Garsų pasaulis з беларускім рэжымам міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце звярнулася ў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы з просьбай правесці паўторную праверку і ацаніць надзейнасць кампаніі. У выніку ДДБ адклікаў сертыфікат надзейнасці пастаўшчыка паслуг, пасля чаго МУС скасаваў дамову аказання паслуг з кампаніяй. Паводле слоў Білатайце, “выраб асабістых дакументаў з’яўляецца асабліва далікатнай сферай, таму вельмі важна, каб кампаніі, якія ўдзельнічаюць у працэсе вырабу дакументаў, не выклікалі ніякага сумнення», – перадае DW.
***
У Нью-Ёрку пад старшынствам Германіі і Намібіі прайшоў Саміт будучага ААН. Кіраўнікі дзяржаў і эксперты спрабавалі знайсці падыходы да рэформ у рамках так званага Пакта ў імя будучыні, з тым каб зрабіць міжнародную супольнасць арганізацыйна прыдатнай для вырашэння самых розных задач – як актуальных, так і ў будучыні. Для аглядальнікаў гэта магчымасць сур’ёзна задумацца аб ролі міжнароднай арганізацыі. Парыжская Le Monde прапануе наступны аналіз.
«Смяротная эскалацыя адносін паміж Ізраілем і Хезбалай каторы раз падкрэсліла бездапаможнасць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Два найбуйнейшыя канфлікты – расейская агрэсія супраць Украіны і разбурэнне сектара Газа ў адплату за беспрэцэдэнтныя забойствы ізраільцян баевікамі ХАМАС – кінулі яркае святло на фатальны параліч Савета Бяспекі ААН, які аказаўся заблакіраваным у выніку вета з боку Расеі і ЗША. Парадокс тут у тым, што такое негатыўнае развіццё падзей супадае па часе з ростам колькасці крызісаў: распадам дзяржаў (ад Судана да М’янмы і Гаіці), пандэміямі, патокамі мігрантаў, кліматычным крызісам. І ўсе гэтыя пытанні патрабуюць шматбаковых адказаў», – піша французскае выданне.
***
Біньямін Нетаньяху заявіў, што Ізраіль працягне наносіць удары па «Хезбале». “У любога, у каго ёсць ракета ў гасцінай і ракета ў гаражы, не будзе дома”, – паведаміў прэм’ер-міністр краіны. Выданне Politico тым часам даведалася, што Вашынгтон за некалькі дзён да абвастрэння папярэджваў Іерусалім, што ўдары па цэлях «Хезбалы» могуць прывесці да вайны ў рэгіёне. Гэта ж у сваёй сумеснай заяве адзначылі міністры замежных спраў Іарданіі, Егіпта і Ірака. На пляцоўцы Генасамблеі ААН яны асудзілі агрэсію Іерусаліма.
«Зваротны адлік пачаўся ў ліпені, калі Ізраіль ліквідаваў аднаго з самых уплывовых лідараў “Хезбалы” Фуада Шукра. Пры гэтым, па дадзеных выведкі, ЦАХАЛ быў гатовы атакаваць мэты ў Ліване яшчэ год таму, але тады Нетаньяху баяўся, што вайскоўцы не пацягнуць вайну на два фронты. Цяпер частка войскаў перакінута на поўнач, і невядома, ці рыхтуюцца яны перасячы мяжу. Жнівеньскае апытанне паказала, што 67% ізраільцян выступаюць за больш агрэсіўную рэакцыю на атакі «Хезбалы», а 47% падтрымліваюць наступ углыб Лівана. Эксперты адзначаюць, што шыіцкая групоўка перастане абстрэльваць поўнач Ізраіля, калі ЦАХАЛ спыніць агонь у сектары Газа. Аднак спыненне вайны на поўдні не ўваходзіць у планы Біньяміна Нетаньяху», – наракае амерыканскае выданне.
***
У нядзелю Аўстрыя будзе абіраць новую Нацыянальную раду. Паводле апытанняў, правая папулісцкая Аўстрыйская партыя свабоды (АПС) можа заняць першае месца і адціснуць кансерватыўную АНП на другое месца. «Паводкі прадэманстравалі выбаршчыкам усю важнасць экалагічнай палітыкі», – дзеліцца сваімі разважаннямі варшаўскі штотыднёвік Tygodnik Powszechny.
«Многія назіральнікі лічаць, што пасля экстрэмальнай непагадзі ў Аўстрыі настроі павінны былі памяняцца. Яны лічаць, што многія аўстрыйцы могуць не прагаласаваць за кіраўніка АПС Герберта Кікля, які крытыкаваў праекты экалагічнай палітыкі ўрада хрысціянскіх дэмакратаў і Зялёных і абражаў сваіх апанентаў, кажучы пра «кліматычны камунізм» у дыскусіях аб змене клімату. У той жа самы час паціху становіцца ясным, што менавіта меры па аднаўленні прыроднай сістэмы рэк у Ніжняй Аўстрыі, магчыма, дапамаглі прадухіліць яшчэ большую паводку ў рэгіёне», – адзначае польскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






