BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Шокавая тэрапія

700 дзён ізаляцыі: што адбываецца з Мікалаем Статкевічам? Выбары ў Бундэстаг: кампанія ў поўным разгары. Еўропа: як рэагаваць на ўмяшанні Маска? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

„Апошні ліст ад асуджанага на 14 гадоў Мікалая Статкевіча прыйшоў ягонай жонцы Марыне Адамовіч 9 лютага 2023 года. Ад гэтага моманту жонка палітыка адлічвае: 100 дзён невядомасці 200, 500. Усяго ж 68-гадовы Статкевіч на 9 студзеня знаходзіцца за кратамі ўжо 1684 дні, ці 4 гады 7 месяцаў 9 дзён”, – перадае DW.

“Калі б да моманту пратэстаў 2020 года Мікола Статкевіч быў на волі, гісторыя магла пайсці іншым шляхам. Лукашэнка разумеў гэта і арыштаваў яго на далёкіх подступах. Рэжым інкамунікада (адсутнасць сувязі са знешнім светам) прызнаны праваабаронцамі адным з відаў катавання. Чалавек не ведае, што адбываецца ў свеце, ці змагаюцца за яго, што з роднымі. Гэта моцна цісне. Акрамя таго, гэта спосаб запалохвання і яго родных, і іншых апанентаў улады, маўляў, вось што можа быць з вамі. Падчас зняволення Мікалая Статкевіча памёр яго бацька. Віктар Статкевіч пражыў 97 год, спадзяваўся дачакацца сына з турмы. Марына Адамовіч паведамляе ў сацсетках, што ўвесь час ездзіць у Глыбокае. Адміністрацыя калоніі расказвала ёй, як і родным іншых палітвязняў у стане інкамунікада, што ўсё па законе, іх блізкія не хочуць размаўляць. Як запэўніў начальства калоніі, пра смерць бацькі палітыку паведамілі”, – падкрэслівае DW.

У Нямеччыне 23 лютага адбудуцца датэрміновыя выбары ў Бундэстаг, паколькі канцлер Олаф Шольц страціў большасць у парламенце пасля распаду так званай святлафорнай кааліцыі. Апроч уздыму правапапулісцкай АдГ, у выбарчай кампаніі пераважае тэма эканамічнай палітыкі. Каталіцкі партал Bernardinai указвае на тое, што Нямеччыне бракуе гнуткасці.

«Дзяржаўны апарат на федэральным і зямельным узроўнях, аўтамабільная прамысловасць, уплывовыя зямельныя банкі і буйныя крэдытныя інстытуты – усё не супраць і далей каціць па ўжо знаёмай, пракладзенай каляіне. Каляіне, якая некалькі дзесяцігоддзяў таму прывяла Нямеччыну да найвышэйшай кропкі дабрабыту, але сёння стала нестабільнай. Уплыў, які аказваецца найбуйнейшымі галінамі прамысловасці краіны на яе палітычную сістэму, наўрад ці можна апісаць словам “лабізм” – гаворка ідзе, хутчэй, аб цесным перапляценні таго і іншага. Як і ў выпадку з расейскім газам, складваецца адчуванне, што Нямеччыне зноў патрэбны нейкі шок, для таго каб яна змагла на справе адмовіцца ад гэтых шкодных правіл», – піша каталіцкі партал.

Ілан Маск – мультымільярдэр і будучы саветнік па скарачэнні бюракратыі ў адміністрацыі Дональда Трампа – усё больш актыўна ўмешваецца ў еўрапейскую палітыку. Напярэдадні выбараў у нямецкі Бундэстаг ён выказаў сваю сімпатыю партыі АдГ і абазваў канцлера Олафа Шольца “некампетэнтным дурнем”. Акрамя таго, Маск абвінаваціў прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера ў тым, што той у сваю бытнасць Галоўным дзяржаўным абвінаваўцам нібы не змог належным чынам расследаваць адзін гучны скандал. «Кантраст паміж спробамі паўплываць на настроі думак людзей і рэальнай журналісцкай працай стане больш відавочным,» – мяркуе швейцарская Aargauer Zeitung.

«Для журналісцкіх СМІ новая арыентацыя Facebook і X – гэта шанец. Незаменнасць СМІ дзень за днём становіцца ўсё больш відавочнай. Іх робяць прафесіяналы, якія не ананімныя, але, наадварот, знаходзяцца навідавоку. У лакальнай журналістыцы людзі якраз вельмі часта ведаюць сваіх герояў. Журналісты прытрымліваюцца прынцыпу дакладнасці і працуюць, згодна з высокімі этычнымі і прафесійнымі стандартамі. Калі здараюцца памылкі, то яны выпраўляюцца; акрамя таго, заўсёды ёсць магчымасць падаць у суд на тую ці іншую газету ці часопіс. Зразумела, журналісцкія СМІ не ідэальныя. Аднак сама ідэя, што аднойчы іх цалкам заменяць Facebook і іншыя, апынулася ілюзіяй», – піша швейцарскае выданне.

У гэтым годзе пад дэвізам “Іспанія – 50 гадоў свабоды” краіна адзначае пераход ад дыктатуры да дэмакратыі, які адбыўся пасля смерці генерала Франсіска Франка ў лістападзе 1975 года. У мінулую сераду прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс адкрыў праграму мерапрыемстваў, разлічаную на некалькі месяцаў. Аднак наконт зместу мерапрыемстваў яшчэ будуць весціся гарачыя спрэчкі, пра што можна меркаваць па калонках у мясцовай прэсе. «Неабходна выдзяляць больш сродкаў на тлумачальную працу па пераадоленні спадчыны мінулага», – патрабуе партал eldiario.es.

«Вельмі пахвальна, што праз 50 гадоў пасля смерці правадыра наскрозь карумпаванага рэжыму ўрад плануе правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб растлумачыць маладым пакаленням непрымальнасць тыраніі. Няхай праграма яшчэ не прапісаная канчаткова, аднак гэтага ўжо дастаткова для таго, каб прымусіць частку закасцянелага рэтраграднага правага лагера залямантаваць ва ўсю глотку. Асаблівасць Іспаніі ў гэтым плане заключаецца ў тым, што перадача ведаў пра мінулае новым пакаленням адбываецца вельмі марудна, на школьныя прадметы па гэтых тэмах выдзяляецца мала сродкаў, а ў сацыяльных сетках пануе дваякае стаўленне да фактаў і спроб скажэння мінулага, якія прымаюцца, як правіла, прадстаўнікамі правага фланга», – піша гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Фота: Theo Wargo / WireImage