BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Спрэчныя тэмы

Лукашэнка хоча ўзмацніць прапаганду ў Беларусі. Іран паставіў Расеі найноўшыя авіябомбы для ўдараў па Украіне. Чым удар па лагеры бежанцаў абернецца для Ізраіля? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых СМІ заклікаў узмацніць прапаганду і заявіў, што незалежныя СМІ і дэмакратычныя каштоўнасці — гэта толькі размовы», – піша ўкраінскае выданне Украінска Правда.

«Лукашэнка заявіў, што паняцці прапаганды і піяру адно і тое ж. “Сутнасць адна. Дык няхай працуюць з грамадскай думкай на сваёй тэрыторыі”, — сказаў Лукашэнка. Лукашэнка таксама заявіў, што яго «не варта карміць размовамі пра нібыта незалежныя СМІ і дэмакратычныя каштоўнасці». Ён пачаў хлусіць пра тое, што Захад нібыта перасьледуе і закрывае нязгодныя з дзеяньнямі ўладаў СМІ, а журналістаў «кідае ў турмы». Пры гэтым канкрэтных выпадкаў Лукашэнка не назваў, хоць і заявіў, што «прыкладаў такіх дзеянняў шмат», – адзначае ўкраінскае выданне.

«Іран пачаў пастаўляць Расеі найноўшыя кіраваныя авіябомбы Qaem-5 («Каім-5»)», – сцвярджае нямецкая газета Bild. На старонках выдання ваенны эксперт Юльян Ропке робіць такую выснову, прааналізаваўшы відэазапіс з месца падзення іранскага цяжкага беспілотніка Mohajer-6, які разбіўся ў Курскай вобласці ў мінулыя выходныя.

«Імаверна, дрон павінен быў атакаваць Сумскую вобласць Украіны, але не даляцеў да мэты і ўпаў. Мяркуючы па кадрах, беспілотнік нёс на борце авіябомбы Qaem-5, якія раней расійскае войска не ўжывала на вайне з Украінай. Выкарыстанне такіх авіябомбаў можа казаць аб «новым узроўні» ваеннага супрацоўніцтва паміж Тэгеранам і Масквой. «Руская служба Бі-бі-сі» адзначае , што па вонкавым выглядзе боепрыпас на фота і відэа сапраўды вельмі падобны на Qaem-5 — планіруючую авіябомбу малога дыяметра, якая можа ўсталёўвацца на іранскія беспілотнікі Mohajer-6 і Hamaseh. Гэтая бомба мае тэлевізійнае навядзенне і можа абсталёўвацца рознымі тыпамі боегаловак. Яе заяўленая далёкасць палёту складае да 40 кіламетраў. У Іране яна была прынята на ўзбраенне ў жніўні 2019 года», – паведамляе нямецкае выданне.

Удар па лагеры перасяленцаў у Рафаху можа дорага абысціся Ізраілю, яго асудзілі ў ААН і Еўрасаюзе. Кіраўнікі МЗС еўрапейскіх краін нават упершыню абмеркавалі ўвядзенне санкцый. А галоўны саюзнік – ЗША – ацэньвае, ці не была атака, ахвярамі якой сталі дзесяткі палестынцаў, скрыжаваннем умоўнай «чырвонай лініі». Сам Ізраіль прызнае, што ўдар быў “трагічнай памылкай”. «Неўзабаве пасля ўдару, які Ізраіль нанёс у ноч на 27 траўня, ЦАХАЛ паведаміў, што ў выніку загінулі два прадстаўнікі ваеннага крыла «Хамаса». Хоць Армія абароны Ізраілю таксама дадала, што “некалькі грамадзянскіх асоб у гэтым раёне атрымалі раненні», – нагадвае Politico.

«Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя сектара Газа, ахвярамі ўдару сталі як мінімум 45 палестынцаў, параненых — каля 200. На фоне ўзрастання прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху быў вымушаны прызнаць: «Нягледзячы на ​​ўсе нашы намаганні не прычыніць шкоды ні ў чым не вінаватым грамадзянам, учора увечары адбылася трагічная памылка». Кадры з лагера бежанцаў высокапастаўлены суразмоўца выдання «несамавітымі». “Ізраіль мае права пераследваць “Хамас”, але ён павінен прыняць разнастайныя меры засцярогі для абароны грамадзянскага насельніцтва», – цытуе яго амерыканскае выданне і піша наступнае: «Пасля візіту ў Ізраіль дарадцы Джо Байдэна па нацбяспецы Джэйка Салівана ЗША былі перакананыя, што змаглі данесці да ізраільскіх уладаў неабходнасць мінімізаваць шкоду насельніцтву ад аперацыі ў Рафаху. І зараз у Белым доме ацэньваюць, ці перасек Ізраіль «чырвоную лінію» сваім ударам па Рафаху».

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон з нядзелі знаходзіцца з трохдзённым дзяржаўным візітам у Нямеччыне. Да гэтага часу яго знаходжанне праходзіла цалкам гарманічна: у Дрэздэне прэзідэнт Францыі выступіў у прамовай у абарону дэмакратыі і Еўропы, а разам з федэральным прэзідэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам ён адзначыў важнасць франка-германскага сяброўства. У апошні дзень свайго візіту – Макрон сустракаецца з канцлерам Шольцам. Для праскай Lidové noviny рознагалоссі паміж Берлінам і Парыжам велізарныя.

«У той час, як прэзідэнт Францыі пастаянна падкрэслівае, што краіны ЕС павінны стаць больш незалежнымі ад Злучаных Штатаў у эканамічных і ваенных адносінах, федэральны канцлер Шольц у гэтым пытанні больш асцярожны. Берлін па-ранейшаму бачыць у ЗША найважнейшага гаранта бяспекі для Германіі, тады як партнёрства з Францыяй разглядаецца ў якасці дадатковага. І гэтак будзе нават у тым выпадку, калі пасля выбараў у ЗША ў лістападзе пераможа курс на аддаленне ад Еўропы. Гэтую пазіцыю падзяляе найбуйнейшая апазіцыйная партыя Германіі ХДС, у якой праз год будзе шанец вярнуцца ва ўрад», – піша чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка